Ішоў вузкай сцежкай, якая вывела яго да больш шырокай, а потым выйшаў на бальшак – тракт. Па бальшаку ісці зусім нічога, йшоў да адзінокага дуба, што рос пры самай дарозе. Тады ён сыйдзе з яе і ўжо нікуды не будзе збочваць – аж да самае Вайнёўцы.
Ззаду пачулася ляскатанне таратайкі. Ён збочыў з дарогі – стаў і чакаў, калі яго аб’едзе параконка. Але нечакана экіпаж спыніўся насупраць Мацея. На зямлю лёгка саскочыў малады хлапец і, прыхільна ўсміхаючыся, падышоў да Цюхны.
– Езус пахвалёны! –- прамовіў незнаёмец, спыніўшыся каля касца.
– Пахвалёны, пахвалёны, добры чалавек!
– З касьбы?
– Ага, накасіў трохі за ранак…
– Дадому цяпер?
– Ага, запазніўся троху.
– Пайшлі разам, пагамонім.
Вазьніца замахнуўся пугай на каня, тузануў лейцы, і параконка пакаціла па дарозе. Незнаёмец правёў яе позіркам, ідучы побач з Мацеем, папытаўся:
– І як жа зваць цябе, чалавеча?
– Мяне? Ды Мацей я, Цюхна. А ты хто і скуль будзеш?
– Здалёку я, чалавеча, з Вільні, а заві ты мяне Ясем. Пагаварыць хачу з табой. Як жывецца, ці не злыя паны ў вас? Цяпер мо палёгка для вас, мужыкоў, стала – маніфест жа цар-бацюхна выдаў.
Мацей пакруціў галавой, кісла ўсміхнуўся:
– Жартуеш. Калі і ёсцека той маніхвест, дык у нас кажуць, яго падмянілі. Тыя ж паны і падмянілі. Цар пісаў, каб нам вольную разам з зямлёй далі. Паны ж даводзяць, што такога ў маніхвесце няма, не прапісана. Кінулі костку, але мяса на ёй няма. Супраць цара, значыць, бунтуюць…
– Гэта так – ні мужыку, на сабаку не ўкусіць, не палізаць.
– Ото добра ты сказаў, Яська! Я з тыдзень таму ў Адэльск ездзіў – на кірмаш. Бочачкі хацеў прадаць. Дзякуй Богу, раскупілі ўсе, бо танна… Нейкі чалавек на плошчы крычаў, што мужык павінен супраць паноў падняцца. Пра той жа маніхвест казаў, заклікаў на паншчыну не хадзіць. Вакол яго адразу процьма людзей сабралася. І я хацеў бліжэй падысці, ды жонка ад воза не адпусціла… І добра, што не пусціла. Бо невядома адкуль з’явіліся салдаты на конях… Што там рабілася, страх Божы! І сёння перад вачыма стаяць акрываўленыя і пакалечаныя затаптаныя конскімі капытамі людзі.
Госць слухаў уважліва Цюхну, не перабіваў..
– Не веру я, Яська, цару, і маніхвесту яго, не веру.
– А астатнія людзі, Мацей, вераць? З тваёй ці іншых вёсак?
– А хто іх разбярэ. Але ўсе незадаволеныя і паншчынай, і тым, што зямлі не даюць, як абяцана было. А ў карчме самыя буйныя заклікаюць падавацца ў лес і… – Мацей замоўк і азірнуўся.
– Ты ж як сам думаеш, Мацей? Як твая спіна думае, згодна наставіцца і храснуць пад бізуном? Ці пойдзе мужык за тымі, хто захоча зрабіць людзей вольнымі, хто падыме незадаволеных і павядзе супраць царскіх салдатаў?
Мацей спыніўся. Пільна паглядзеў у вочы свайму нечаканаму спадарожніку. Як усё роўна адчуў, што ў іх размове наступіў той галоўны момант, з-за якога, відаць, і спыніўся чалавек.
– Пойдзе. Калі яму растлумачыць, што і да чаго. Нейкі дакумент павінен быць – пісаны, друкаваны. Не такі падманны, як той маніхвест.
– А гэта ты здолееш прачытаць, Мацей?
Ясь дастаў з кішэні складзены ў чацвёра аркуш паперы, разгарнуў яго, падаў Мацею.Цюхна па складах пачаў чытаць:
– «Мужы-цкая праў-да…» «Прыказ … да народу зямлі літоўскай і беларускай»… Бач ты, на мужыцкай мове. Дзіўна бачыць такое. «Дзела наша – не дзела панскае, а справядлівай вольнасці, якой вашыя дзяды і бацькі здаўна жда-лі…» Адкуль, адкуль гэта ў цябе, Яська?
– Адтуль, – паказаў некуды ўверх спадарожнік. – Гэта сыйдзе за дакумент, скажы шчыра?
– Калі сапраўды адтуль, то гэтаму дакументу павераць усе.
– А ты б змог гэта прачытаць сваім аднавяскоўцам, у іншыя вёскі перадаць?
– Прачытаць змагу. Але адной такой паперчыны мала, сатрэцца і… паболей бы іх, га?
– Можна і паболей. Толькі вось што, Мацей, слухай мяне ўважліва. Гэта як бомба для царовых слугаў. Калі ж зловяць цябе з гэтым “Прыказам да народу зямлі літоўскай і беларускай”, то... І яшчэ – ты мяне не бачыў, і я табе нічога не даваў. Ты знайшоў гэта вось на дарозе. Дамовіліся, Мацей?
Цюхна нахмурыўся, адчуў, як нешта халоднае прабегла па спіне, хаця ўжо ўбіралася ў сілу цёплая чэрвеньская раніца.
– Вось трэці нумар «Мужыцкай праўды». У ім расказваецца, што такое сапраўдная свабода. «Нам не маніхвестаў, а вольнасці патрэбна – і то вольнасці не такой, якую нам цар схоча даці, но якую мы самі мужыкі спаміж сабою зробімо…» А вось гэта сёмы нумар нашай газеты. У ёй выкрываецца царскі ўказ ад 1 сакавіка 1863 года, царская рэкрутчына, мы супрацьпастаўляем яму нашыя паўстанцкія дэкрэты.