Мацей разгарнуў газету.
– Трэ-ба на-шым хлоп-цам спя-шыць з віламі ды ко-са-мі там, дзе да-біваюцца волі і праўды…
Вочы не прывыклі да такіх слоў, але ён праз нейкі час ужо чытаў не па складах, а цэлымі словамі. А калі дайшоў да канца, прачытаў подпіс:
– Яська з-пад Вільні. Яська… Дык гэта, выходзіць, ты?
– Я, Мацей, я. Дык ты згодзен распаўсюдзіць нумары «Мужыцкай праўды» па навакольных вёсках?
– Згодзен.
– Тады мы падыйдзем да тарантаса, і ты забярэш газеты. Яны ў звычайным мяшку, загорнутыя ў рыззё, каб не кінулася нікому ў вочы.
– Добра, я разумею. Зраблю ўсё, як ты загадаў.
– І вось табе на дробныя выдаткі. Калі ж не будзе выдаткаў, можаш выкарыстаць іх, як захочаш.
Ясь падаў яму некалькі асігнацый. Мацей няцямна паглядзеў на яго, але нічога не сказаў, схаваў грошы ў кішэні зрэбнай світкі
Пакуль ішлі да тарантаса, які спыніўся пад дубам, Ясь тлумачыў:
– Мацей, апошняе, што я хачу сказаць. Вось-вось будзе кінуты кліч аб пачатку змагання за волю і зямлю. Падымецца шляхта і рабочыя з гарадоў, мяшчане і дактары, ды і самі паны, якія не жадаюць быць душыцелямі мужыкоў ад імя цара… Мы потым і яшчэ давязем нумары «Мужыцкай праўды». Як знайсці цябе, каб не распытваць у людзей?
– Вось за гэтым узгоркам мая вёска Вайнёўцы. Паўз маю хату цячэ раўчак, які мы называем Жары. Мая хата па левы бок, пад вокнамі кусты бэзу.
Падышлі, спыніліся каля павозкі. Вазьніца моўчкі падаў шэры мяшок. Ясь перадаў яго Мацею.
Цюхна вылез з пограба.
Успомніў, што не дагарадзіў паласу жыта, – каб не забрыў хто ненарокам ды не пакуёўчыў збажыну. А жыта ўдалося ніштаватае, кожны колас наліты, важкі. Душа радавалася, што на зіму будзе сям’я з хлебам.
Паклаўшы на плячо некалькі дубовых, завостраных калкоў, ухапіўшы сякеру з калодкі, пакіраваў мяжой да канца палоскі. Яшчэ здалёк убачыў, што ў збажыне таптаўся конь. Нагнуў галаву, скуб канюшыну. Мацей так спецыяльна пасеяў: пасля таго, як жонка сажне збажыну, ён скосіць канюшыну.
У сярэдзіне усё закіпела ад злосці – на яго вачах адбывалася патрава! Скінуўшы з плячэй груз, ухапіў толькі адзін калок – таўсцейшы і даўжэйшы, кінуўся подбегам да каня, каб тут жа спыніць патраву. Конь скуб траву, не падымаючы галавы. Цюхна падбег да яго збоку, і з усяе сілы агрэў гнядога па выпуклых рэбрах. Конь утробна ікнуў, задраў галаву, заіржаў ад нечаканасці, ускінуўся на заднія ногі. Мацей аперазаў яго па азадку. Буланы асеў на пярэднія ногі, а заднімі ледзь не пацэліў Цюхну ў грудзіну. Але ён спрытна выкруціўся і з размаху ўдарыў каня па галаве…
– Ты што, гад падкалодны, каня калечыш? – пачуўся зычны крык за спіной – то падаў голас Янка Рабічка. – Заб’ю-юуу!..
Мацей павярнуўся на голас.
– Заб’еш? Мяне? Завошта? Што жыта твой конь нішчыць? Ну, давай, падыйдзі, я і цябе ашпару дручком, ну?
Але Рабічка неяк вывернуўся, і дручок прасвістаў у паветры, над яго галавой. Аднавяскоўцы схапілі адзін аднаго за грудзі. Нешта крычалі адзін аднаму, і не чулі сваіх галасоў. Янка схапіў Мацея за кішэню світкі, рвануў з усяе сілы. Світка затрашчала і вялікі ветах абвіс да зямлі…
Гэта яшчэ больш пакрыўдзіла Цюхну. Кулаком ударыў у твар. Кроў заліла вочы…
Ужо беглі да іх суседзі, каб разняць. Нешта крычала і плакала жонка Мацея Вікця, спяшаючыся наперарэз людзям… Тут жа, галосячы «забіваюць Янку», прыбегла і Анэля – жонка Рабічкі...
Акурат на той час у вёсцы па нейкіх клопатах знаходзіўся станавы прыстаў Маслоўскі. Ён доўга не разбіраўся, што да чаго. Сам бачыў, што конь зрабіў значную патраву, ды Рабічка яшчэ парваў «пацярпеламу» амаль новую світку.
– Усыпаць Івану Рабічку розаг, і на гэтым справу закрыць! – вынес прысуд станавы прыстаў.
І на вачах усіх зрабілі тую экзекуцыю Янку Рабічку. Пасмяяліся, парагаталі ды і забыліся пра тую гісторыю вяскоўцы.
Язэп Гарчак падышоў да павіслых веснікаў Цюхны.
– Езус пахвалёны ў хату, шаноўны спадар Мацей! – хлопец весела павітаўся, убачыўшы гаспадара – таптаўся каля дзвярэй хлеўчука, – пераступіў парог веснікаў.
– Пахвалёны! Чаго стаіш на вуліцы, заходзь у двор.
– Дзякуй, Мацей, зайду.
– Здалёку б’еш ногі?
– Ды на ярмалак хадзіў у Адэльск, купіць што-кольвечы думаў.
– І прыкупіў што?
– Ды не – грошай не хапіла, хай на яго ліха.
– І што ж ты купіць хацеў, Язэп?
Хлопец скінуў з пляча стары мяшок, кінуў сабе пад ногі.
– Кажушок хацеў сабе набыць, маразы пякучыя стаяць. Не старгаваўся з дзядзькам, ні гроша не ўступіў.
– Скнарны папаўся?
– І не кажы…