Выбрать главу

Прыстаў замітусіўся, сцішыў голас:

– Сядайце, калі ласка. Як вашае прозвішча?..

Рагальскі паклаў перад сабою чысты аркуш паперы, напісаў: «Аб змове сялян супраць урада», а ў куточку пазначыў: «3-га студзеня 1863 года, Сакольскі земскі суд».

– Так, расказвайце падрабязна, што вам вядома.

– Значыцца, так… Мацей Цюхна, наш аднавясковец, – мае цэлы стос гэтай крамольнай газеты. Яе распаўсюджвалі ў Іцкавай карчме. Але Іцко тут ні пры чым. Дык вось… Яе чытаюць па ўсіх вёсках, што знаходзяцца непадалёку ад нас… І збіраюцца па хатах, складаюць спісы, хто ўвальецца ў рады бунтаўшчыкоў…

Янка расказваў і тады, калі прыйшлі з абеду чыноўнікі суда, і пазней, калі яны расселіся за сваімі сталамі. А за акном галасіла, не сціхала завіруха, шпурляла ў вокны прыгаршчы снежнай крупы, скавытала на розныя лады.

– Усё? -– выцер з ілба насоўкай кропелькі поту прыстаў.

– Усё, ваша мосць, усё. Што расказаў – усё чыстая праўда. Прыміце меры.

– Прымем. Неадкладна. А вам дзякую, што вы папярэдзілі. Расейская імперыя вас не забудзе!

…Праз адзінаццаць дзён, а дакладней, 14 студзеня з Вільні ў бок Сакольска выправіўся атрад жандармаў на чале з генералам Абрамовічам, каб распачаць расследванне справы «Аб змове сялян супраць урада». Генерал у той жа дзень стварыў спецыяльную следчую камісію, якая абрала штабам сваёй дзейнасці заштатны гарадок Адэльск.

Першым арыштавалі Мацея Цюхну. Сярод ночы з’явіліся жандармы, амаль пад раніцу, незадоўга да першых пеўняў.

У сподніках так і схапілі, калі ён выйшаў у сенцы на падманны голас быццам бы селяніна Грушы з суседняй вёскі, які нібыта пажадаў купіць у яго цялушку.

Бліснулі ліхтаром у вочы, і жандар, пазнаўшы, прамовіў:

– Ён – Мацей Цюхна. У акалотак яго. Цяпер да другога завадатара – батрака Казіміра Станкевіча…

Калі ж падышлі да хаты Маркевіча, калі хацелі схапіць Казіміра, то расчаравана пераглянуліся – не было батрака ў хаце. А Маркевіч паціскаў здзіўлена плячыма, адказваў:

– Ды даўно яго, паночкі, няма. Пашыў кажухі і некуды падаўся… Як аб’явіцца, я вам адразу і скажу.

Мацей падумаў: «Чорта лысага вы зловіце яго! Ён у Гарчака хаваецца. І мяне ж папярэджваў Гарчак, каб я сышоў на час з дому. Не паслухаўся, дурань…»

Калі прывялі на першы допыт, спакойна адказаў на пытанні:

– Зваць як? Завуць мяне Мацей, бацькі не ведаю, а празываюся Цюхна. Год колькі? Ды няма яшчэ сорак пяць, неўзабаве будзе…

Следчы свідраваў селяніна злым вокам, тлумачыў:

– Заклікаў хлебаробаў ісці ў паўстанцкі атрад? Заклікаў. Тое пацвярджаюць і сяляне.

– Нікога я не заклікаў, самі прасіліся.

– Збіраў сам такія атрады? Збіраў. Даваў «Мужыцкую праўду» са словамі: «Прачытай, і будзеш сам усё ведаць»? Даваў. Таксама сяляне пацвярджаюць. Раіў ім яшчэ «зрабіць змову і не даваць рэкрутаў»?

– Не было такога, я ні пра што не ведаю.

Следчы ўсміхаўся, пазіраючы на хітрага селяніна:

– Мацей, ты, каб разбурыць веру ў цара-бацюхну, не гаварыў хіба: «Гасудара падстрэліў нейкі рускі мужык у плячо, і гасудар выехаў у чужыя землі…» Не казаў хіба? Хлусіш. Падбухторваў аб’яднацца ў агульнай барацьбе сялянаў – польскіх, рускіх ды беларускіх? Прызнавайся, нам усё-усё вядома…

– Нічога такога я не гаварыў, гэта, мусіць, Рабічка на мяне паклёп узвёў? – паглядаў на следчага Мацей. – За тое, што яму розаг усыпалі добрых. Дык гэта ж з-за каня ўсё, яго конь патраву мне ў жыце зрабіў. Не верыце, у прыстава спытайце!

– Спыталі, спыталі ў яго. І ён сведчыць, што ты раздаваў крамольную газету. Называй сваіх памагатых!

Мацей паціснуў плячыма:

– Не ведаю нічога. Мне ніхто і ні ў чым не памагаў.

– Дзе знаходзіцца цяпер Язэп Гарчак? Ён не адзін раз заходзіў да цябе. Што прыносіў у мяшку?

Маўчанне.

– У пастанове камісіі ад 26 студзеня ўказвалася, што былы студэнт Язэп Гарчак прымусова высланы на радзіму ў паселішча Скраблякі, дзе мае ладны ўчастак зямлі. Але, на вялікі жаль, ён не клапоціцца пра сваю гаспадарку. Раз’язджае па навакольных вёсках, сустракаецца з сялянамі. Вядзе з імі крамольныя гутаркі… Ці не так?

«Усё ведаюць, усё… – падумаў з горыччу Мацей. – Сочаць за ўсімі, віжуюць…»

Да «змовы супраць урада» былі далучаны не толькі вайнёўцкія сяляне, але і з суседніх вёсак – Мінкоўцы, Номікі, Чапляеўка, Геста… У гэтых мясцінах найперш і з’явілася «Мужыцкая праўда». Дзед Макавей знайшоў нумар газеты аж у канцы ліпеня, а у канцы снежня 1862 года два наклады газеты за № 5 вырваў з рук сялянаў у Вайнёўцах сакольскі акруговы начальнік дзяржаўных маёмасцяў Сакалоў. Адзін з гэтых накладаў праз міністра дзяржаўных маёмасцяў Зялёнага ўжо ў пачатку наступнага года трапіў у трэцяе аддзяленне…