– Бог то адзіны, васпан, але… Бог даў кожнаму чалавеку зямлю, на якой ён жыве, якую абрабляе, сябе і яшчэ іншых корміць. І Бог даў ў дадатак яшчэ і мову да гэтай зямлі. І загадаў маліцца на мове гэнай зямлі, інакш ні шчасця, ні плёну Ён нам ня дасць. А на якой мове вы праводзіце імшу на нашай зямлі? На царкоўна-славянскай? А яна ж не радуе нашы душы і сэрцы. І пра гэта сказана хораша ў «Мужыцкай праўдзе». Мо пан следчы дазволіць прачытаць?
Сакалоў моўчкі кіўнуў галавой. Добра, што нікога ў пакойчыку не было, таму і не было ніякай рызыкі, што могуць данесці начальству, што ён, Сакалоў, вядзе гульні са злачынцам…
– Нарабіў нам такой бяды, дзецюкі, цар маскоўскі. Гэта ён, падкупіўшы многіх паноў, загадаў у схізму запісаць нас, гэта ён плаціў грошы, каб мы толькі пераходзілі ў праваслаўе і, як той антыхрыст, адабраў у нас нашу праведную уніяцкую веру і загубіў нас перад Богам навекі, а зрабіў тое для таго, каб мог нас бясконца рабаваць, а Бог справядлівы не злітаваўся над намі…
І яшчэ паслухайце, васпане… З чацвёртай газеты. У нас, дзецюкі, аднаму толькі вучаць у школах: каб ты ўмеў чытаць па-маскальску, а для таго гэта, каб цябе зусім перарабілі ў маскаля. Суды маскоўскія – гэта воўчая яма, дзе не разбіраюць, не вінаваты ты ці вінаваты, а дзяруць толькі як могуць. Бяспекі пад маскалём ніякай няма, хто мацнейшы, той і прыцясняе; а войска не для таго трымаюць, каб аберагаць кожнага ад злых людзей і ад прыгнёту, а толькі для таго, каб не даць народу і застагнаць, калі даведаецца пра сваю праўду, калі пераканаецца, што дзяруць з яго звыш усялякай меры. Урад маскоўскі як той злы пан, што, пачынаючы ад камісара аж да цівуна, дазваляе кожнаму народ душыць, каб як мага больш грошай у кішэню яго папала…
Следчы не перабіваў Зміцера, але той сам замоўк, апусціў галаву долу.
«Калі ж кожны мужык так уверуе, то вялікая хваля можа ўзняцца”, – падумаў Сакалоў.
А Зміцер працягваў:
– Шэсць лет ужэ мінула, як пачалі гаварыць а свабодзе мужыцкай. Гаварылі, талкавалі і пісалі многа, а нічога не зрабілі. А гэты маніфэст, што цар з сэнатам і з панамі для нас напісаў, – ніякай у нём няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці. Парабілі канцылярыі, зрабілі суд, як бы гэта не ўсё роўна браць у сраку чы з судом, чы без суда. Парабілі пісараў, пасрэднікаў, а ўсё за мужыцкія грошы, і вялікія грошы – чорт іх ведае на што; для таго хіба, каб запісывалі ў ксёнжкі, як многа напішуць на сраках мужыцкіх. А з гэтага то і відаць, што нам нічога добрага і не думалі зрабіці.
Праўда, абяшчалі то калісь даць нам вольнасць, но як нам здаецца на наш мужыцкі розум, што хочуць ашукаці, бо калі праз шэсць лет нічога не зрабілі, то чэраз рок пэўне не зробяць. Могуць яшчэ напісаці і другі маніфэст, яшчэ большы ад гэтага, но і з гэтага другога маніфэсту нічога добрага, як і з першага, не будзе.
Ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся, бо яны не вольнасці, а глуму і здзерства нашага хочуць. Но не доўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі, гдзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Вазьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржэмся разам! А калі паны схочуць трымаць з намі, так няхай жа робяць па свентай справядлівасці: бо калі іначай так чорт іх пабяры! Мужык, пакуль здужае трымаці касу і сакеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе.
Зміцер уздыхнуў, паглядзеў на Сакалова, дагаварыў:
– Гэту «Мужыцкую праўду» напісаў і зноў пісаці будзе Яська-гаспадар з-пад Вільні.
…Як чыноўнік, які абараняе інтарэсы свайго ўрада і краіны, як саколькі акруговы начальнік дзяржаўных маёмасцяў, ён павінен быў прымаць неадкладныя меры ў адносінах да злачынцаў рознага гатунку, такіх вось як гэты селянін хаця б, але нешта падказвала падсвядома яму, што нельга рабіць рэзкіх і неабдуманых рухаў… Спакваля трэба, спакваля, не лезці на ражон, не палохаць селяніна...
– Скажы, Зміцер, а адкуль магла трапіць гэтая газета да Гарчака, Цюхны і Станкевіча?
– Адкуль? Каб жа я так ведаў. Нехта раскідваў ці прывозіў. Яе можна было ўбачыць у карчме. А то знаходзілі ў жыце. Казалі, што пакунак яе знайшлі каля крыжа на раздарожжы да вёсак Мінкоўцы і Чапляеўкі… Газету знаходзілі амаль у кожнай вёсцы, васпане.
«Так у яго і выведаеш, – падумаў са скрухай акруговы начальнік. – Хітры, што ліс».
Сакалоў ведаў, што на сходах у хаце Маркевіча часта прысутнічаў фельчар Сакольскага пісарска-егерскага вучылішча Сянкевіч. З ім не раз сустракаўся як і ў самым вучылішчы, так і на вуліцы. Нічога падазронага ён не выклікаў, нідзе не выступаў супраць парадкаў. Але раз прысутнічаў на сходах, то трэба прымаць меры. Загадваў вучылішчам Урублеўскі. Яму і адаслала следчая камісія паперу-зварот, у якім выказвалася просьба, каб ён прыслаў неадкладна фельчара ў Адэльск.