Выбрать главу

Замест Сянкевіча ў следчую камісію прыйшоў пісьмовы адказ. Урублеўскі пісаў, што «на вялікі жаль, фельчара Сянькевіча прыслаць нельга, бо ён па сямейных абставінах «учора» выехаў у Гародню».

Сакалоў здагадваўся, што тут не ўсё чыста, Урублеўскі мо і сам замешаны ў гэтай справе. Але не захацеў разбірацца ў гэтым глыбей і канкрэтней. Следства і так зацягнулася. Начальства ж гэтага не любіць. А тут яшчэ непадалёк ад Адэльска адбыліся сутычкі з паўстанцамі – у ход пайшлі косы і сякеры. Сяляне былі настроены рашуча і непрымірыма. Так што фельчар, дзякуючы абставінам і загадчыку вучылішча, пазбегнуў адказнасці…

Шостага чэрвеня 1863 года па прыгавору палявога ваеннага суда быў расстраляны Мацей Цюхна.

А першага жніўня аб тым пакаранні расказаў «Колокол» Герцэна.

Язэп Гарчак пазбегнуў такой кары. Следчая камісія не змагла юрыдычна і дасканала даказаць віну былога студэнта Пецярбургскага ўніверсітэта. Яго выслалі пад строгі нагляд у Пермскую губернію.

…Янка Рабічка і не падазраваў, у якую жыццёвую каламуць ён кінуў сам сябе. Можа, каб ведаў, то за тысячы вёрстаў абабег бы тую следчую камісію і яе следчых…

Калі ж стала вядома, што расстралялі Цюхну па даносе Янкі Рабічкі, у адзін голас загулі ўсёй вёскай:

– Вытурыць яго з Вайнёўцаў!

– Як вытурыш, калі ён у царскіх памагатых сваім стаў?..

Амаль з усіх вёсак дзецюкі, як называў вяскоўцаў Каліноўскі, ўліліся ў паўстанцкія атрады. Некалькімі з іх камандаваў Казімір Станкевіч. Склалі спісы, хто стаў касінерам, але ж і другі быў спіс – чорны, у які ўносілі тых, хто не толькі выдаваў паўстанцаў, а і памагаў царскім служкам. І паноў, і шляхту – усіх узгадалі, і тых, хто выконваў загад рэвалюцыйнага ўрада – дапамагаў грашыма, правіянтам, адзеннем. І тых, хто ўхіляўся і іншых адгаворваў…

Сярод ночы, калі яшчэ не прачнуліся першыя пеўні, калі Вялікая Мядзведзіца адарвалася ад шчыкоў лесу і павярнулася сваім чарпаком у самым версе, – успыхнула зырка полымя над хатай Янкі Рабічкі. Спаў у гэты час даносчык. Дым пачаў выядаць вочы, і ён ускочыў з ложка, выскачыў у двор, упаў на зямлю, пачаў ротам хапаць паветра…

– Гару-ууу!.. Памажыце, людзі добрыя, пажар!

Ніхто не адгукнуўся на просьбу. Хата ляснула без людзей, моўчкі, і з самай ранічкі пабег да прыстава, паскардзіўся, плачучы на свой лёс:

– Хату маю спалілі, як свечка згарэла! Вы абяцалі памагчы, пакараць тых, хто мне зло зробіць.

Прыстаў спытаў:

– Хто мог падпаліць?

– Ведаю! – адгукнуўся Рабічка. – То Міхася работа… Міхася Зенцюка. Гэта той Зянцюк, які напамяць чытаў мужыкам «Мужыцкую праўду». Сам чуў… У паўстанцкіх атрадах былі браты Янка і Міхась Зенцюкі, Дамінік і Язэп Мярмонтавічы, Казік Хмара…

Вечарам станавы прыстаў і некалькі жандараў прыкацілі на брычцы ў вёску. Адразу пад’ехалі да ўказанай даносчыкам хаты. Схапілі Міхася Зенцюка. Потым да братоў Мярмонтавічаў падаліся… Асобнай брычкай, пад строгім наглядам, везлі ў Адэльск. З ім у адной параконцы сядзеў Міхась Зянцюк.

Дарогай прыстаў гаварыў яму:

– Ну, што, даскакаўся, дачытаўся крамольнай газеты? У студзені мы адпусцілі цябе. А ты – у касінеры, у паўстанцкі атрад. Хаты паліць разам з Казімірам Хмарам, які яшчэ ў салдатах спяваў рэвалюцыйныя гімны. Возьмем, возьмем і яго.

Узялі.

Праз нейкі час Зенцюка і Хмару адправілі радавымі ў амурскія батальёны. Астатнім прысудзілі найбольш строгія пакаранні…

(Справа № 387. «О крестьянах Иване и Михайле Зенцюках, Доминике и Иосифе Мермонтовичах и Казимире Хмаре).

3.

…На чалавеку зрэбнае адзенне, у лапцях. Кіёчак у руках – ідзе, абапіраецца на яго. Крочыць няспешна, як бы ўслухоўваецца ў гукі наваколля. Прыкмячае ўсё, што робіцца ў дварах вяскоўцаў, як паглядаюць на яго людзі, хаця самі яны больш маўчаць.

«Правільна, дзецюкі, правільна, – адзначае пра сябе дарожнік, – не кожнаму вуху давярайце свае думкі… Так і трэба, трымайцеся, хлопцы!..»

Ведаў ён, што сяляне маёнткаў Вялікая і Малая Лапеніцы пачалі бунтаваць яшчэ ў 1861 годзе. Адразу ж прыйшла туды рота салдат, жандары пачалі дапытвацца, хто падбухторыў вяскоўцаў на бунт.

Праўды не дабіліся, і спісалі ўсё на нецямнасць, неадукаванасць, – усыпалі некаторым па некалькі бізуноў і пакінулі вёску. Спадзяваліся, што надоўга адпадзе ахвота бунтаваць.