Вінцэсь Мудроў
ВОСЕНЬ У ВІЛЬНІ
апавяданні
Восень у Вільні
апавяданні
Сюжэт
Сцёпка Гіль, трыццацігадовы светлавалосы мужчына, замкнуў дзверы, спрытна збег па прыступках і нечакана застыў у непаразуменні. Згадаў, што сястра прасіла прыхапіць для маці начную кашулю. Вярнуўшыся, доўга поркаўся ў шафе, шукаючы тую кашулю, урэшце знайшоў і, пхнуўшы ў торбу, ізноў падаўся з кватэры.
Хоць і кажуць, што вяртацца — кепская прыкмета, але праз пару хвілін Сцёпку, можна сказаць, падваліла шчасце. Выходзячы з пад’езда, ён лоб у лоб сутыкнуўся са сваім прыяцелем Лёшкам Ігнацёнкам. На твары Лёшкавым блукала прытоеная ўсмешка, а за спінаю дружбак нешта прыхоўваў.
— Ану, заплюшч вочы, — з радасцю ў голасе выдыхнуў Лёшка.
— На якую халеру? — без усялякай радасці, нават з незадаволеннем у голасе азваўся Сцёпка.
— Заплюшч, заплюшч…
Гіль змежыў павекі, а калі зірнуў на свет, дык убачыў мышастага колеру кніжку з вясковымі хатамі на вокладцы.
— Та-к… «Сцяпан Гіль»… «Красавіцкі дождж»… «Апавяданні», — з робленай патэтыкай прачытаў Лёшка, і Сцёпка, схапіўшы таго за локаць, з хваляваннем працадзіў:
— Ну дай ужо.
«Красавіцкі дождж», празаічны зборнік у мяккай вокладцы, прыемным цяжарам крануў далонь. Тры гады Сцяпан Гіль чакаў з’яўлення сваёй першай кнігі, і вось дачакаўся. Кніга пахла друкарскай фарбай, і водар гэты здаўся Сцяпану самым прыемным у свеце.
— Толькі што з друкарні. Сігнальны асобнік, — Лёшка па-сяброўску ляпнуў калегу па спіне. — Я таксама ачмурэў, калі першую кніжку пабачыў. Таксама давялося чакаць тры гады, — Ігнацёнак ужо меў у творчай кайстры два празаічныя зборнікі і летась быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў.
Калега сцярожка, з баязлівым зачараваннем, гартаў старонкі і, падобна, не чуў Лёшкавых слоў.
— А ты куды сабраўся? — Лёшка падвысіў голас, і калега ачуўся.
— Ды ў бальніцу іду, да маці. Тыдзень ужо ляжыць, толькі сёння сабраўся наведаць.
— А што з ёю?
— Ішэмія. І ціск высокі.
— А Ленка хоць наведвае? — згадаўшы Сцяпанаву сястру, Лёшка тужліва ўздыхнуў.
— Штодня ходзіць. Жыве непадалёку ад бальніцы.
Радаснае ўзрушэнне, якое ахапіла душу, паволі аціхала, і рэхам душэўнай навальніцы стаў вокліч, які вырваўся са Сцяпанавай грудзіны:
— Э-эх… з такой нагоды не грэх і па чарцы прапусціць. Да маці ўвечары схаджу. І кніжку занясу. Старая ўзрадуецца, — Сцёпка прыціснуў кніжку да твару, увабраў носам паветра. — Толькі ж я адзін цяпер. Дома няма чаго нават на трэску ўзяць.
Калега ў адказ ляпнуў далонямі:
— Да мяне зазірнем. Паглядзіш, як я жыву. Сабак маіх пабачыш. Надоечы Найда шчанюкоў прынесла, — Лёшка, па чутках, гадаваў нейкую надта рэдкую сучку і за вялікія грошы прадаваў шчанюкоў.
Увабраўшы апошнім разам галавакружны пах друкарскай фарбы, Сцёпка асцярожна, сагнуўшыся склюдам, пхнуў кніжку ў нутраную кішэнь пінжака і выпрастаў руку ў кірунку бліжэйшай крамы.
Свае літаратурныя практыкаванні Сцёпка Гіль пачаў яшчэ ў школе. Спачатку пісаў абразкі, потым невялічкія апавяданні. Адзіны, хто іх чытаў, была сястра Ленка. Сястра была на два гады старэйшай, вучылася ў педінстытуце і сёе-тое ў літаратуры цяміла. Звычайна Ленка… не, нават не чытала, а проста праглядала, з іранічнай гіморай на вуснах, ягоныя творы, але аднойчы занурылася ў чытанне па-сур’ёзнаму, а перагарнуўшы апошнюю спісаную чорным атрамантам старонку, задуменна прамовіла: «Тут штосьці ёсць». І прапанавала паказаць апавяданне прафесійнаму літаратару. Наступнай суботы яны выправіліся з сястрой (аднаму ісці не хацелася) на пасяджэнне літаратурнага аб’яднання пры абласной газеце. Секцыяй прозы там загадваў хударлявы хлопец з даўгімі, пшанічнага колеру валасамі. З выгляду ён быў Сцёпкавым аднагодкам, але трымаўся ганарыста: сядзеў, адкінуўшыся на прыслон рэдакцыйнага крэсла, і, слухаючы пачаткоўцаў, вадзіў пальцам па скроні. Гэта быў той самы Лёшка Ігнацёнак. І хаця на ягоным творчым рахунку быў толькі невялічкі зборнік у серыі «Першая кніга празаіка», Лёшка выдаваў сябе за літаратурнага мэтра.
Народу на пасяджэнне прыйшло даволі шмат — у асноўным дзяўчаты школьнага ўзросту. Яна навыперадкі чыталі напісаныя па-расейску вершы, потым нейкі пенсіянер па-старэчы няўцямным голасам прачытаў апавяданне па-беларуску, нарэшце прыспела Сцёпкава чарга пазнаёміць грамаду са сваёй творчасцю. Сцёпка паволі ўстаў, ускудлаціў чупрыну, дрогкім ад хвалявання голасам прачытаў першы сказ. «Гучней!» — крыкнулі адразу некалькі чалавек, і тут Ленка, выхапіўшы сшытак з дрыжачых братавых рук, па-акцёрску выразна і зычна стала чытаць апавяданне пра тое, як падпітыя бэйбусы спалілі стары млын.