Выбрать главу

Макар ужо збіраўся паваліцца пад куст, бо свет забрыніў уваччу і слых напоўніўся замарачным шумам, ды, угледзеўшы пасярод вуліцы двух хлопцаў з піўнымі торбамі, з адчаем у голасе крыкнуў:

— Дзе даюць?!

— У «камсе»! — адказалі хлопцы і Макар, змахнуўшы ліпкі пот з лабаціны, зразумеў: ад смерці яго можа ўратаваць глыток халоднага піва.

Вуліца, па якой шыбаваў небарака, з аднаго боку была застаўлена шэрымі пяціпавярховікамі, а з другога боку панаваў прыватны сектар — з курамі, сабакамі, збуцвелымі агароджамі ды водаразборнымі калонкамі. Макар абмыў пад калонкай разамлелы твар, і скіраваў у двор універмага «Камсамольскі». У двары было цёмна ад народу. Рабацягі з навакольных дамоў (усе скрозь у лінялых «спарціўках»); вайсковыя пенсіянеры (у тэпцях на голую нагу і ў пакамечаных капронавых капелюшах); хлопцы-пэтэвушнікі (іхныя стрыжаныя патыліцы прыкметна вылучаліся на тле загарэлых лысін) і, нарэшце, мясцовыя алкашы (з тварамі, такімі ж шэрымі, як хлапечыя патыліцы і такімі ж пакамечанымі, як пенсіянерскія капелюшы) шчыльным колам атачалі піўную бочку. У паветры пахла нейкай брыдой — ці то прэлымі шкарпэткамі, ці то кашэчымі сцакамі, і ад гэткага паху ў прадонні Макаравай душы зварухнулася свярблівае жаданне — шпурнуць у натоўп падораную прапарам асколачную РГД, ці, у крайнім выпадку, заехаць якому алкашу кулаком між вачэй. Жаданне было такім палкім, што Макар скрыгатнуў зубамі і пацёр пераноссе, згадваючы — куды ён падзеў гранату?

Натоўп бязладна гаманіў, варушыўся, і дзесьці ў самых нетрах ягоных чуўся прарэзлівы голас суседкі — алкагалічкі Нінкі Пятлюры.

— Ніна! — крыкнуў Макар, склаўшы рупарам далоні, але тая, да каго звяртаўся, не пачула.

Краем вока Макар згледзеў у канцы двара драцяную скрыню, на якой сядзеў сівы дзядок, і, падышоўшы да старога, падняў таго за плечы.

— Нінка, йо..! — крыкнуў Макар другім разам, глянуўшы на натоўп з вышыні драцяной скрыні, і Нінка, міргнуўшы падбітым вокам, незадаволена адгукнулася:

— Ну шчо тобі?

Макар, дэманструючы недарэчнасць такога пытання, развёў рукамі.

Людская грамада захваляваліся. Хтосьці здушана войкнуў, з нечай лысай галавы зляцеў капялюш, і Нінка, віскнуўшы, як цыркулярка, скаланула абшар уладарным воклічам:

— Шчо ты став, як хер моржовы?! Гроші давай.

Паперка з чырвоным зубрам паплыла над галовамі, Макар праводзіў яе ўстрывожаным позіркам, нервовай хадою прайшоўся ў бок універмага, сцепаючыся ад кожнага мацюга, што вырываўся з натоўпу. Мацюгі тыя з кожнай хвіляй рабіліся ўсё больш рашучымі ды істэрычнымі.

— Ну куды, куды лезеш, хахляра?!

— Мовчы, підлюка галіфэйна!

Пасля такога дыялогу з лысай галавы зноў зляцеў капялюш, уладальнік капелюша тузануўся, атрымаў пустой поліэтыленавай каністрай па лбе і выкуліўся з натоўпу.

Трымаючы ва ўзнятых руках торбу з півам, Нінка ніяк не магла суняцца і мацюкалася, пасылаючы праклёны на адрас «підлюкі». Каб суняць мацюкальніцу, Макар пхнуў ёй у рот цыгарэту, пстрыкнуў запальнічкай, але Нінка не супакойвалася і, сціснуўшы зубамі цыгарэту, абяцала начысціць рэпу апраненаму ў выцвілае галіфэ пенсіянеру.

Торба была паўнюткай. Піва халадзіла руку, жывой істотай варушылася на далоні. Уеўшыся зубамі ў поліэтылен, Макар цадзіў гаючы напой без перадыху. Піва лілося ў нос, залівала вушы і калі б была магчымасць патануць у ім, пахмельны пакутнік зрабіў бы гэта з вялікай ахвотай. Заглынуўшы добрых паўтара літра, вернуты да жыцця Макар плюхнуўся на драцяную скрыню, зморана і ўадначас задаволена выдыхнуў:

— Ой, бля-а…

Свет уваччу набыў натуральныя фарбы. Макар, прымружыўшыся, паглядзеў на паркалёвыя трусы, што віселі на Тамарчыным гаўбцы, а прыклаўшыся да торбы, уголас прашаптаў:

— Можа, сапраўды ўзяць гэнага ёлупня?

Макар падхапіўся на ногі, аддаў торбу з рэштай пітва дзядку, якога сагнаў быў са скрыні, парывістым крокам рушыў па ходніку.

Хоць Тамарка і жыла непадалёку — «хрушчоба» яе стаяла поруч з універмагам «Камсамольскі», — бываць у сястры даводзілася рэдка. Сёлета, прыкладам, толькі раз і заходзіў: сястра папрасіла павесіць дыван на сценку. І то, перад тым як прыйсці, пяць разоў перапытаў, ці будзе муж дома. Не хацеў са шваграм сустракацца, бо паміж імі, яшчэ за даўнім часам, прабегла, узняўшы хваста, чорная кошка. Шыбуючы па ходніку, Макар згадаў сестрыно вяселле, палічыў на пальцах — калі яно надарылася, — а налічыўшы трынаццаць гадоў, уражана прысвіснуў.