Выбрать главу

* * *

Дажджыстым лістападам, адседзеўшы тыдзень на гарні­зон­най «губе», Макар ехаў пасля службы дахаты. І ехаў не адзін, а з сябруком — Васькам Замундаліным. Прымас­ціўшыся насупраць вагоннай прыбіральні, на скрыні для смецця, сябры пілі нагбом літоўскае «чарніла», смалілі пяршывыя цыгарэты і нахабнымі вачыма паглядалі на дзевак, якія сноўдалі па вагоне. Дзеўкам карцела зайсці ў прыбіраль­ню, але, пабачыўшы дэмбелюкоў, паварочвалі назад альбо ішлі ў іншы вагон.

— Нішця-ак… хутка сюды вернемся… — мармытаў паміж зацяжкамі туляк Замундалін, мацаючы шнар на лбе.

Лоб Ваську разбілі лабусы. На кастрычніцкія святы сябры збеглі ў самаволку. Туляк хацеў набыць перад дэмобай газавую запальнічку, а Макар — падарунак для сястры, якая выходзіла замуж. Паблукаўшы па горадзе, дружбакі зазірнулі ў піўніцу, выпілі па чатыры кухлі густога біржайскага піва, пабіліся з літоўцамі, а калі, сплёўваючы крывавую пену з губы, завярнулі ў цёмны кут і сталі паліваць касцельны мур, за спінамі іхнымі ўжо стаяў вайсковы патруль.

Сядзенне на «губе», ды яшчэ пры канцы службы, пякло азадак і даставала вантробы. Да таго ж Макара чакалі на сестрыным вяселлі, і давялося прасіць канваіра, каб той адбіў тэлеграму: «Затрымліваюся на манеўрах».

Туляку адседка таксама далася ў знакі. Вярнуўшыся пасля «губы» ў казарму, ён не знайшоў у тумбачцы дэмбельскага альбома. Апытаўшы салаг, Васька ляпнуў кулаком па далоні і паабяцаў замачыць не толькі лабусаў, але і адэсіта Базылевіча. Базылевічава тумбачка стаяла поруч з Васьчыным ложкам, таму туляк і вырашыў, што гэта адэсіт прыхапіў альбом, калі з’язджаў дахаты.

На станцыі Даўгаўпілс сябрукі скочылі на перон, узялі дзве пляшкі піва, пагаманілі з грудастай правадніцай, надрапалі на вагоннай сцяне запаветныя літары «ДМБ-80» і заснулі, наваліўшыся грудзямі на вагонны столік.

Познім вечарам правадніца стала трэсці Макара за плячук, Макар пускаў сліну, штосьці мармытаў спрасонку, і абудзіўся, толькі як у суседнім купэ грукнулі кірзачы і нейкі дэмбель жартам галёкнуў: «Рота-а, пад’ём!»

Макар зірнуў у акно, убачыў за мокрай шыбай будынак віцебскага вакзала і адчайным позехам вітаў родную зямлю.

Хацеў сысці ціха, не абудзіўшы сябра, ды ў апошні момант тыцнуў Ваську пальцам пад драбы.

Яны выйшлі з вагона, выпалілі па цыгарэце, і Макар, каторым ужо разам, прапанаваў сябру паехаць з ім у Азярышча.

— Гульнём на вяселлі, гарэлкі вып’ем, з дзеўкамі пазнаёмімся, — казаў Макар, туляк мармытаў штосьці пра адсутнасць грошай, але, пачуўшы, што ў Макара ў Віцебску жыве былы аднакласнік, у якога можна апахмяліцца, пабег у вагон па рэчторбу.

Аднакласнік, Толік Манькін, жыў на Маркаўшчыне, у шматсямейным інтэрнаце. Дабраліся туды проці ночы, доўга блукалі па цёмных калідорах ды чыркалі запалкамі, выглядаючы нумары на дзвярах, а калі нарэшце знайшлі патрэбную кватэру, туляк нясмела прамармытаў:

— А можа, не варта? Позна ўжо.

Але Макар націснуў на званок — раз, потым другі, і ў асветленай пройме паўстаў Толік Манькін — у адных майтках і з перакрыўленым ад зыркага святла тварам. Аднакласнік пачухаў пахвінне, а пачуўшы звяглівы жаночы голас, што прагучаў за спінай, азірнуўся і люта рыкнуў:

— Ды змоўкні ты, с-сука!

Тут ужо і Макар пашкадаваў, што прыцёгся да Манькіна, ды нечакана той схамянуўся, з адчаем раскрыліў рукі:

— Макарка! Дэмбяльнуўся!

У цеснай кухні селі вакол стала, пагаманілі напаўголаса; неўзабаве гаспадар пабег некуды і вярнуўся з літровым слоікам у руках.

— У суседкі ўзяў. Толькі што выгнала, — паведаміў гаспадар, паставіўшы перад гасцямі слоік з мутнай самагонкай.

Пяршак быў цёплым, патыхаў карбідам, і піць давялося прыхапкам, бо Толікава жонка штохвілі грукала ў сценку і здушана лаялася. Кульнуўшы пару кілішкаў, Макар захмялеў, кінуў на падлогу шынель, расцягнуўся пасярод кухні, прыціснуўшыся скроняй да газавай пліты. Туляк з Манькіным яшчэ колькі часу гаманілі, потым пачалі дужацца рукамі, скінулі на падлогу слоік з рэштай самагонкі, і на кухню прыбегла гаспадарова жонка. Прыкусіўшы губу, жонка стала цягаць мужа за валасы, гарлаць: «Заб’ю, п’янтосіна!», але Макар нічога гэтага не чуў і не бачыў, панурыўшыся ў беспрабудны сон.