Выбрать главу

Раніцаю трэба было ўставаць а сёмай, каб паспець на «дызель», Макар жа прачнуўся а дзявятай — з хворым кумпалам, з ламотай у костках і з рэззю ў чэраве. Абудзіла яго гучнае вяканне, якое далятала з ваннай. Васька ванітаваў, і гэта наводзіла на думку, што самагон і сапраўды заправілі карбідам. Макара таксама пацягнула на ваніты. Ён ікнуў, пхнуў галаву пад кран з халоднай вадой, і млосць паволі адхлынула.

На азярышчанскай станцыі ўсё так жа шумелі на ветры згалелыя таполі, на таполях сядзелі тыя ж самыя гракі, плакат на агароджы («Не ходите по путям!») гэтак жа, як і два гады таму, ляпаў праржавелай бляхай, і толькі прыстанцыйная прыбіральня, што стаяла ў канцы платформы, рэзала вока новай афарбоўкай. З белай прыбіральня ператварылася ў цёмна-брунатную, і старыя надпісы на яе сценах выразна прабіваліся скрозь новую фарбу.

Унутры, аднак, сцены не фарбавалі. Макар, стаўшы над цёмнай адтулінай, стаў разглядаць колішнія свае малюнкі, ды тут свет паплыў уваччу, і ён змахнуў рукавом няпрошаную слязіну. Плакаў, зморана аддзімаючыся, і Васька Замундалін. У прыбіральні смярдзела хлёркай, і смурод праймаў да слёз. Не абабіўшы апошніх кропляў, Макар выбег на платформу і адразу ж патрапіў у матчыны абдоймы.

— А Макарка ж ты мо-ой… А чаму ж цябе не адпуска-лі-і?.. — загаласіла маці, і ад таго ляманту ўсхадзіліся гракі на дрэвах, а сябар Васька застыў у дзвярах прыбіральні, не зашпіліўшы прарэху.

— Кожны дзянёчак да цягніка бегала, — галасіла маці і супакоілася толькі тады, як Макар закрыў ёй твар вушанкай.

Распісвалася сяструха праз гадзіну, але ісці ў загс не выпадала, бо трэба было памыцца, пераапрануцца і наогул прывесці сябе ў парадак. Пагатоў на вяселле, як сказала маці, прыехалі менскія дзеўкі і мальцы.

— Акуратны, непітушчы… сёлета інстытут скончыў, — лапатала маці, шыбуючы поруч і пры гэтым запабежліва паглядала ў сынавы вочы — спадзявалася, што ў іх мільгане спагада.

Макар ішоў па гразкай вуліцы, кіўком галавы падганяў сябра і стоена ўздыхаў. Ён не любіў інтэлігентаў.

Вяселле гулялі ў леспрамгасаўскай сталоўцы. Суседка іх, цётка Дуся, працавала ў леспрамгасе бухгалтарам — яна і парупілася пра памяшканне. З той цёткай хлопцы і рушылі ў сталоўку. І рушылі не проста так, а з мядніцай вінегрэту — яе нёс на галаве Васька Замундалін, — і з цяжкай торбай, якую цягнуў Макар і ў якой зацята бразгалі бутэлькі.

Два гады не быў Макар у кампаніях і, заўважыўшы людскі збой на ганку сталовай, замарудзіў хаду, перакінуў з рукі ў руку торбу, пацёр навярэджанай далонню тое месца, дзе білася неспакойнае сэрца.

Мальцы, якія стаялі на ганку, былі нетутэйшыя, усе скрозь у вышываных кашулях і, што самае дзіўнае, гаманілі па-беларуску.

«Кампазітары нейкія», — падумаў тады Макар, скоса зірнуўшы на Ваську Замундаліна. Два гады даводзіў сябру, што ў Азярышчы няма ніякіх нацыяналістаў, што беларусы, гэтак жа, як і тулякі, ненавідзяць лабусаў, а тут такая неспадзеўка.

Слухаючы кампазітараў, Макар не на жарты расхваляваўся, укінуў у рот цыгарэту, паднёс запалку і заўважыў, што прыпаліў фільтр. У той жа міг на ганку мільганула штосьці белае і на шыі Макаравай павісла заплаканая Тамарка.

— Тры разы вяселле пераносілі. Усё цябе чакалі… — усхліпнула каля вуха сястра. Макар хацеў і сам расплакацца, ды, перахапіўшы сябрукоў позірк, сумеўся і паляпаў далонню па дрогкай Тамарчынай спіне.

Пякучая крыўда на сябе самога не адпускала і надалей, калі ён рукаўся з жаніхом — хударлявым заморкам у акулярах, левае шкельца ў якіх трэснула і падзяляла вока на дзве палавіны; і калі сядаў за вясельны стол, далучыўшы да вірлівай гамонкі натужлівы трэск выхадных штаноў. Пад час службы азадак прыкметна раздаўся, вось штаны і не вытрымалі напругі.

Яны сядзелі з Васькам у тарцы стала, ваўкавата пазіралі на гасцей, а калі ў залі завялі музыку і пачаліся танцы, збеглі, прыхапіўшы пляшку, у прыбіральню. У прыцемным, няўтульна-халодным катуху пілі нагбом цёплую гарэліцу, кракалі, ціснучы да вуснаў рукавы, і зацята маўчалі. Маўчалі аж да тае пары, пакуль дзверы прыбіральні не адчыніліся і ў пройме не бліснулі акуляры з трэснутым шкельцам.

— Хлопцы, запалкі ёсць? — з робленай весялосцю спытаў жаніх, і Васька Замундалін злавесна прасіпеў у адказ:

— Не надоело?

— Што? — не зразумеў жаніх.

— По-бульбашcки п…ть не надоело?

Нечакана пачуўся дзявочы воклік: «Маладую скралі!» — і аб цэментную падлогу гучна бразнула недапітая пляшка.

Макар так і не зразумеў, — хто пачаў бойку. Замундалін ударыў жаніха ці наадварот. Ён стаяў, нерухомы, уражана лыпаў вачыма, і ачуўся толькі як убачыў юшку пад замундалінскім носам. Глынуўшы паветра і мацюкнуўшыся, Макар даў волю пакрыўджанай душы: з усяго маху заехаў кулаком у твар кудлатаму хлопцу, які трымаў Ваську за плечы.