Выбрать главу

«Добра ў вёсцы», — падумаў Макар і, уражаны такім адкрыццём, удыхнуў на поўныя грудзі салодкага, настоенага на паху прывялай травы і сырадою, паветра.

Ён паспеў накапаць чарвякоў каля плота, перш чым пачуў незадаволены дзядзькаў голас:

— Дзе ты?

Вокліч такі сведчыў, што на стале ўжо стаялі чыгунок парнай бульбы і міска з маласольнымі гуркамі; што ў печы страляла тлушчам яечня са скваркамі, а цётка Тацяна выцерла ручніком і паставіла на стол пляшку гарэлкі.

Так яно і было. Адно што чыгунок стаяў не на стале, а на чарэні. Бульбу з нагоды прыезду інтэлігентнага госця рассыпалі па талерках.

— Ну, а якая на сёння асноўная задача? — запытаўся дзядзька Трахім, калі Макар увайшоў у хату.

— Галоўнае — зваліць Кебіча, — азваўся інтэлігентны госць, паціраючы потную лысіну.

— Звалім. У нас у Бычках яго ніхто не любіць, — паведаміў дзядзька, падхапіў пляшку і акрыялым голасам дадаў: — Усё будзе добра.

— Глядзіце, каб горай не стала, — уставіла слова цётка Тацяна, дастаўшы з печы патэльню з яечняй.

Дзядзька скалупнуў з пляшкі накрыўку, з іранічнай усмешкай перасмыкнуў плечуком. Пляшка цюкнула па краі кілішка, інтэлігентны госць спалохана працягнуў руку, дэманструючы, што ён не п’е, але гаспадар з такой суворасцю глянуў на інтэлігента, што той сумеўся і вінавата ўздыхнуў.

— Такой цёмнай бабы, як мая жонка, няма ва ўсім Азярышчанскім раёне, — пажартаваў дзядзька Трахім, падымаючы чарку.

Кульнуўшы па першай, дружна захрумсцелі маласольнымі гуркамі.

— І ўсё ж дарма Шушку скінулі… Тут я Пазьняка не разумею, — няўцямна, з набітым ротам, прагугніў дзядзька Трахім, і цяпер ужо інтэлігенту выпала іранічна пасміхнуцца.

— Згодніцтва Станіслава Станіслававіча мяжуе з цынізмам, — мовіў госць, а Макар, хапануўшы ротам гарачую бульбіну, яшчэ больш няўцямна, чым дзядзька, прамармытаў:

— Вось за гэта і вып’ем!

Да Гатаўскага возера, як ісці нацянькі, не болей за тры кіламетры. Але лезці па кустах не з рукі, таму пайшлі бальшаком, у спадзеўцы падсесці на спадарожную машыну.

Хаця і выпілі, можна сказаць, па кроплі, на траіх адну пляшку, ды швагру і гэтага хапіла. Яго матляла ў бакі, акуляры два разы падалі з носа, і небарака шторазу лавіў іх няўклюднымі рукамі.

«Рупіцца Кебіча скідаць, а сам ад чаркі валіцца», — падумаў Макар, пачухаўшы вудзільнам за левым вухам. І яшчэ падумаў, што дарма не выцягнуў гэтага ёлупня на белы свет раней — гадоў дзесяць таму, а падумаўшы так, прыспешыў хаду.

Дзесяць гадоў таму, гэткім жа спякотным днём, да іх на будоўлю прыехала чорная «Волга». Начальства і раней завітвала на аб’ект. Будавалі новую школу, і паўшчуваць будаўнікоў прыязджалі не толькі раённыя, але і абласныя «бугры». Але гэтым разам, зірнуўшы з акна трэцяга паверха на чорную, падобную да вялізнага жука, «Волгу», Макар міжволі сцяўся, і ў галаве ягонай мільганула панічная думка: «Па мяне!»

Прадчуванне не падманула. Брыгадзір цесляроў Толік Манькін — колішні аднакласнік, які надоечы кінуў жонку і вярнуўся на радзіму, — гукнуў ягонае імя, і Макар пацёгся на нягнуткіх нагах долу, ліхаманкава згадваючы, колькі машын з рошчынай і цэглай не даехалі апошнім часам да будоўлі.

Каля бетонамяшалкі яго пераняў камсамольскага выгляду фацэт у шэрым гарнітуры. Фацэт прыязна ўсміхнуўся, паціс­нуў руку, прапанаваў зайсці ў бытоўку.

— Хачу, Макар Іванавіч, задаць вам пару пытанняў, — ласкава праспяваў «камсамолец», і ў Макара Іванавіча зазвінела ўвушшу.

Роспыты і сапраўды былі нядоўгімі. Фацэт запытаўся, ці часта ён сустракаецца са шваграм, ці даваў яму швагер якую-небудзь шкодную літаратуру і ці прапаноўваў з’ездзіць у Зэльву, да нейкай паэткі, прозвішча якой Макар недачуўся. Збіваючыся на кожным слове, ён паведаміў, што са шваграм не сустракаецца, шкоднай, ды і ўсялякай іншай літаратуры не чытае, а ў Зэльву ездзіў, але не да паэткі, а на лесазавод па дошкі.

Фацэт слухаў Макара з ленай усмешкай на вуснах і нават пазяхнуў у жменю. Урэшце дастаў з «дыпламата» асадку з паперай і ўсё так жа лісліва праспяваў:

— Выкладзіце на паперы ўсё, што казаў швагер пра савецкую ўладу і нацыянальную палітыку.

Заняты сваімі думкамі, Макар і не заўважыў, як адарваўся ад напарніка. Швагрусь адстаў метраў на дваццаць і да таго ачмурэў ад спёкі, што нічога не бачыў перад сабою. Падышоўшы, ён баднуў Макара лбом, і акуляры ціха чвякнулі ў пясок.

«Калі ўжо?» — запыталіся асавелыя швагравы вочы, і ўраз праяснелі, бо ў зрэнках мільганула залацістая палоска вады.