Выбрать главу

— Я зараз, — буркнуў Макар, скочыў праз прыдарожную канаву і пабег да закінутай адрыны, у якой дзядзька Трахім хаваў вёслы.

Возера плёскалася каля ног, адбіваючы распаленае неба, і ад таго здавалася такім жа гарачым і бяздонным. Яны выпхнулі лодку ў ваду, Макар налёг грудзінаю на карму, пачаў заграбаць кавалкам падабранай на беразе фанерыны — вёслы ў адрыне так і не знайшліся. Зрэшты, надта заграбаць не выпадала: лодка прашамацела па густой асацэ, абмінула зарасці ўрэчніку, і Макар апусціў за борт «катвігу» — прывязаны да вяроўчыны камень.

Паветра дрыжэла ад сквару, і пад галовамі вудалёў плыла, пераліваючыся на сонцы, даўжэзная павуцінка. Павуцінка зачапілася за вудзільна, паплыла далей і неўзабаве легла на ваду, сабраўшы вакол сябе цікаўных вадамерак. Вось туды, у цэнтр пазначанага павуцінкай паўкола, і ціўкнуў швагравы плавок. Хвіліну плавок павольна і разважліва круціўся ў розныя бакі, потым тузануўся і знік у гуллівай вадзе. Швагер, відаць, дагэтуль ніколі не вудзіў, бо замест таго, каб спакойна падсекчы, ускочыў на ногі, тузануў вудзільна і пры гэтым траха не перакуліў лодку.

— Ціха ты, йоп… — Макар ушчаперыўся пальцамі ў барты, і трапяткая платвіца, што матлялася на лёсцы, пляснула яму па вуху.

Швагер не даваў рады схапіць рыбку, а калі, нарэшце, схапіў, дык не наважыўся зняць з кручка. Платвіца глыбока заглынула чарвяка, і Макар, нядоўга думаючы, выдзер кручок з рыбінай зяпкі, пхнуў плотку ў поліэтыленавую торбу. Пры гэтым заўважыў як балесна скрывіўся шваграў твар.

— Што, рыбку шкада? — хмыкнуў Макар, а абцёршы вільготныя далоні, запытаў: — Ты ў піўнушку хоць раз заходзіў?

— Пры чым тут піўнушка? — азваўся швагер.

— Ну як жа… Збіраецеся рэвалюцыю рабіць, а самі ў піўной не былі, не ведаеце — чым народ дыхае.

Швагер плюнуў на чарвяка, уздыхнуў, нічога не адка­заўшы.

— Пазаўчора Пазьняк па целеку выступаў. Маці слухала-слухала, дый кажа: «Абы-што чалавек кажа».

Швагрусь і гэтым разам змаўчаў, але маўчанне яму цяжка давалася. Плех ягоны хваравіта пачырванеў, канец вуды дробна задрыжэў, а разам з вудай задрыжэў на вадзе і плавок.

«Псіх натуральны», — бязгучна прашаптаў Макар. Плавок, які дагэтуль скакаў па вадзе, рынуў на дно, пакінуў­шы па сабе вялікую бурбалку.

— Цягні! — гракнуў Макар, швагер тузануў вудзільна, паваліўся на дно лодкі, і перад носам Макаравым праляцеў ды пляснуўся ў ваду ладны падлешчык.

— Фу ты, йо… Цягнуць трэба, а не тузаць, — Макар са стогнам перавёў дых, а паглядзеўшы на швагра, безнадзейна махнуў рукой: бедачына стаяў на кукішках, утрапёна пазіраючы ў ваду.

— Думаеш цяпер рукамі злавіць?

— Акуляры зваліліся, — пачуў Макар і ўпершыню па­шкадаваў, што выправіўся на гэту чортаву рыбалку.

Дастаць акуляры з азёрнага дна было не так і проста. Калі Макар змераў глыбіню, дык вудзільна панурылася па самы вяршок.

«Не дастану, дык хоць скупануся», — падумалася Макару, калі ён сцягнуў штаны і сігануў у празрыстае аж да прадоння Гатаўскае возера.

Выпусціўшы з грудзей паветра, ён схапіўся за сцябліну і адзінае, што паспеў угледзець, гэта кансервавую бляшанку, якая жоўтай плямай калыхнулася на дне.

— Глыбока, бляха… — задыхана вымавіў Макар, ухапіўшыся за край лодкі.

Пару хвілін аддзімаўся, сплёўваў твань, потым нырцануў, адштурхнуўся нагамі ад лодкі. На гэты раз ён нічога не ўбачыў, а ўсплываючы, грукнуўся цемем аб днішча. Удар атрымаўся такім хвацкім, што Макар, магчыма, ізноў пайшоў бы на дно, калі б перапужаны напарнік не схапіў яго за чупрыну.

Набіўшы гузак на цемені, доўга ляжаў у лодцы, падсунуўшы пад галаву кашулю, і насуплена пазіраў то на высокае неба, то на прагнутую, пачырванелую ад загару шваграву спіну. Лавіць рыбу прапала ахвота, дый напарнік без акуляраў нічога не бачыў. Знікла ахвота і пацвельваць з гэтага ёлупня. Таму Макар і ляжаў нерухома, маракуючы, што на наступным тыдні зноў давядзецца ехаць на пільню і што заўтра трэба будзе паглядзець валёнкі, якія прывёз прапар, выбраць меншыя і зрабіць маці апоркі. Неўпрыкмет навалілася дрымота. Макар пазяхнуў, накрыў твар кашуляй, збіраючыся задрамаць, ды тут левае вуха казытнула напятае ракатанне. Ракатаў «беларус» — ехаў ад бальшака да возера, прычым напрасткі, кустамі, бо чутна было, як трашчаў сушняк. Макар ссунуў з вачэй кашулю, зірнуў на бераг.

Трактар вырваўся з кустоў, пад’ехаў да вады, і з кабінкі вылезлі спачатку дзядзькаў сусед Лёшка Мандрык, а затым браты Бадуновы — Юрка ды Пецька. Дрымота зляцела з павекаў. Макар стаў ва ўвесь рост, засвістаў у чатыры пальцы, і хлопцы на беразе, прыклаўшы да броваў далоні, засвісталі ў адказ. У наступнае імгненне Макар схапіў фанерыну і стаў імпэтна заграбаць, забыўшыся на «катвігу», якая не давала лодцы зварухнуцца з месца.