Выбрать главу

— Стая-аць! — галёкнуў Лёшка Мандрык, калі лодка шарханула дном аб прыбярэжны пясок. Лёха два разы цягнуў лямку на аршанскай зоне і пры сустрэчы заўсёды выдаваў альбо гэтае слова, альбо яшчэ больш кароткае: «Сюд-да-а!»

Прыязджаючы ў Бычкі, Макар часцяком спансіраваў мясцовых хлопцаў, таму тыя і ўзрадаваліся, убачыўшы спонсара, і не паспеў той выйсці з лодкі, як яны рынулі ў ваду і з вясёлымі мацюкамі ўсцягнулі пласкадонку на бераг.

Пад’ехалі бычкоўцы не з пустымі рукамі. Малодшы з братоў, трыццацігадовы Юрка, залез у кабіну, перадаў брату шэсць «фугасаў», а потым, папоркаўшыся ў «бардачку», шпурнуў у возера, каб спаласнуць, бляшаную конаўку.

Убіўшыся ў цянёк, Лёха Мандрык адкаркаваў сцізорыкам «фугасіну», скоса глянуў на інтэлігента, і Макар, перахапіўшы позірк, патлумачыў:

— Тамарчын муж. У газеце працуе.

Лёха напоўніў конаўку, перадаў Тамарчынаму мужу, але той захінуў твар далонямі.

— Пакрыўдзіць хочаш? — вусцішна прасіпеў Мандрык, і гарадскі госць, млявай рукой узяўшы пасудзіну, стаў глытаць трунак, дробна стукаючы па конаўцы зубамі.

Віно, украінскае «Яблучне», пілі паволі, са штохвілінным прыпальваннем цыгарэт і з гэткім жа штохвілінным ляпаннем па карках. Тут, у цяньку, лютавала камарэча. Кожнага разу, глынуўшы «чарвіўкі», Лёха пачынаў апавядаць пра калгаснага старшыню, ды, ляпнуўшы па карку, збіваўся на іншыя тэмы. І вось, выліўшы ў конаўку рэшты віна з апошняй пляшкі, Лёха абвясціў, што заўтра ж спаліць катэдж, які старшыня пабудаваў на ўскраіне Азярышча, і, працягнуўшы конаўку гарадскому госцю, наставіў на таго ашклянела-патрабавальныя вочы. За ўсю бяседу Тамарчын муж не прамовіў ні слова, але цяпер, адчуўшы, што трэба нешта сказаць, з насцярогай узяў конаўку, ікнуў, праліўшы трунак, і асавела прастагнаў:

— Цудоўныя хлопцы!

Уліўшы ў глотку рэшткі пітва, інтэлігент квола пасміхнуў­ся, кульнуўся на траву і ледзь чутна паўтарыў:

— Цудоўныя!

Дахаты ехалі на рамонтнай лятучцы, соўгаючы азадкамі па жалезнай скрыні, у якой увесь час штосьці бразгала. Галава шваграва матлялася, што ў хворага гусака. На адным з паваротаў швагер з’ехаў са скрыні, стукнуўся скронню аб бляшаную буду, таму Макар абдымаў сваяка за шыю, і калі той з’язджаў убок, мацніў абдоймы і, па прыкладу Лёхі Мандрыка, гукаў:

— Сядзе-эць!

І чым ямчэй абдымаў Макар сваяка, тым большай павагай да яго прасякаўся.

— Ну скажы, на што ты паклаў сваё жыццё? — выгукнуў Макар на чарговым павароце, і сваяк, бліснуўшы бельмамі вачэй, здушана вякнуў і выбухнуў ванітамі.

Макар скрывіўся, падхапіў з-пад ног рыззё, каб выцерці падлогу, і чарговая порцыя ванітаў агіднай цеплынёй кранулася шыі. Хвіліну Макар стаяў вокраччу, утаймоўваючы балесныя спазмы, і, тузануўшыся ўсім целам, паставіў між ног пакарабачанае вядро, якое матлялася ад сценкі да сценкі.

Ён выйшаў з сястрынага пад’езда тым часам, калі на неба­схіле запальваліся самыя дробныя зоркі, і адразу ж пайшоў да воданапорнай калонкі. Сцягнуўшы праз голаў кашулю, падставіў спіну пад бойкі струмень і гракнуў, ды так гучна, што на другім канцы Азярышча абудзіліся сабакі. Сабакі забрахалі ў Зарэччы, потым недзе ля аўтастанцыі, нарэшце нейкі сонны цюцька запознена гыркнуў за плотам «Сельгастэхнікі».

— Я табе гыркну, — жартам прамовіў Макар і, выціраючы кашуляй расчырванелы твар, падзівіўся таму, як хутка насунулася ноч.

1994

Дзед і ўнук

Янка Дудок, шасцідзесяцігадовы дзіцячы пісьменнік, сядзеў на канапе і неадрыўна глядзеў на кніжную паліцу. А калі казаць больш дакладна — на невялічкі, у палец даўжынёй, шыхт напісаных ім кніг. Кнігі стаялі на самым прыметным месцы, паміж зборам твораў Дастаеўскага і чатырохтомнікам Біянкі, і на тле брудна-зялёных тамоў лагодзілі вока сваімі рознакаляровымі карэньчыкамі. Пісьменнік, аднак, глядзеў на тыя карэньчыкі з пакутай і нават з прыкрасцю.

Без малога трыццаць гадоў урабляў Янка Дудок айчынную літаратурную ніву. Быў час, калі ягонае прозвішча — у справаздачным пераліку —- згадвалі старшыні пісьменніцкага звязу, калі творчасць ягоную аналізавалі прафесійныя крытыкі, а дырэктаркі дзіцячых бібліятэк пісалі яму ад імя юных чытачоў лісты падзякі за тую асалоду, якую зазналі, чытаючы напісаную ім кніжку, а ў апошніх радках выказвалі спадзяванне, што пісьменнік яшчэ парадуе аматараў роднага слова новымі таленавітымі творамі. «Ды хопіць ужо вам, далібог», — з робленым дакорам і з ноткамі шчасця ў голасе прамаўляў Янка Дудок, прабягаючы вачыма эпістолі. І хаця ў душы адчуваў, што шкаляры яго наўрад ці чытаюць, аднак атрымліваць такія лісты, хай і напісаныя па абавязку службы, было прыемна. Магчыма, Янка і да гэтай пары ўрабляў бы літаратурную ніву, але тут пачалася славутая Перабудова, а разам з ёю скончылася ўсё тое, што было дарагім пісьменніцкаму сэрцу: і ганарары, і пуцёўкі ў пісьменніцкі дом адпачынку, і калектыўныя п’янкі, якія называліся выязнымі пасяджэннямі Бюро прапаганды мастацкай літаратуры.