Янка Дудок ужо даўно нічога не пісаў, але зрэдзьчасу, прыкладна два разы на год, творцу апаноўваў пісьменніцкі сверб. Сэрца пачынала парывіста біцца, дрогкія рукі шукалі асадку, а ў галаве нараджаліся новыя сюжэты ды мастацкія вобразы. І тады ён сядаў за стол — камп’ютарам карыстацца так і не навучыўся, — колькі часу сядзеў у рашучай паставе, маракуючы, што б такое напісаць, нарэшце, па прыкладу Уладзімера Караткевіча, поўніў наліўную асадку чорным атрамантам і пазначаў старонку крэйдавай паперы сваім імем і прозвішчам. На гэтым творчае натхненне згасала, і творца, скамячыўшы ліста, з цяжкім уздыхам, а бывала і са стогнам, плюхаўся на канапу, уключаў тэлевізар і з гіморай агіды на твары глядзеў перадачу «Клуб рэдактараў» альбо шоу Леаніда Закашанскага.
Акурат гадзіну таму Янку Дудку прынеслі першую пенсію, і, пералічыўшы тры разы запар цупкія, навылёт прапахлыя друкарскай фарбай грошы, дзіцячы пісьменнік фізічна адчуў, як на душу лягла свінцова-шызая хмара. «Ці можна пражыць на такую пенсію?» — прашаптаў новаспечаны пенсіянер, умольна зірнуў на жонку, і тая, нічога не сказаўшы, пайшла на кухню гатаваць абед.
Трэба, аднак, сказаць, што творца да гэтай пары працаваў: вартаваў цэглу ды іншыя матэрыялы на будаўніцтве офіса «Аграпрамбанка». Уладкаваў яго на працу калега — пісьменнік-публіцыст Мадэст Бубовіч. Той ужо пяць гадоў як перакваліфікаваўся з публіцыстаў у вартаўнікі.
І вось, калі Янка Дудок неадрыўна глядзеў на кніжную паліцу, з ім здарыўся чарговы творчы прыпадак. Аднак гэтым разам ён не мармытаў пад нос: «Я ім такога напішу, што ўсім млосна стане», не поўніў асадку чорным атрамантам і нават не сядаў за стол. Пісьменнік узлез на ўслон, адчыніў антрэсоль і стаў выцягваць адтуль тоўстыя, з ладным слоем пылу, тэчкі са сваімі чарнавікамі ды недапісанымі творамі. Антрэсоль месцілася пад самай столлю, і нечакана на голаў творцы пасыпаліся ўсе шэсць тамоў даведніка «Беларускія пісьменнікі». Шматтомны даведнік на верхатуру, употай ад мужа, усперла жонка. Мела такую паганую звычку — выцягваць кніжкі з паліц і распіхваць па цёмных кутах, наракаючы, што ад кніжнага пылу яна нажыла хваробу бронхаў.
Вось і цяпер, прачыніўшы кухонныя дзверы, жонка выдыхнула: «І калі ўжо выкінеш свой хломазд?» — і муж мацюкнуўся ў адказ.
Шосты, самы важкі том, патрапіў дакладна ў цемя і злёгку аглушыў Янку. Ці не таму творчае натхненне адразу ж згасла, да таго ж тасёмкі пыльнай тэчкі ніяк не развязваліся, і творца ўзяўся развязваць іх шасцю ацалелымі зубамі.
У першай тэчцы месціўся рукапіс аповесці пра піянера-героя. Некалькі старонак — там якраз апавядалася, як піянер-герой шпурляў у гітлераўцаў гранату, — былі перакрэслены сінім андрэеўскім крыжам. Прычым сям-там на перакрыжаванні аловак прадзёр паперу.
…Аповесць пра піянера-героя была свой час напісаная і аднесеная ў рэдакцыю, але тут, як на грэх, з творчай камандзіроўкі вярнуўся Мадэст Бубовіч. Калега наведаў дакладна тыя мясціны, дзе піянер падарваў апошняй гранатай сябе і зграю гітлераўцаў. Ну і пачуў ад мясцовых, што хлопец той ніякіх немцаў не ўзрываў. Папросту нёс у атрад, на пару з дзедам, каністру самагонкі, стаў, падпіты, выцягваць з кішэні гранату і выпадкова тузануў за чаку. А тут якраз на У-2 маскоўскі журналіст прыляцеў. Ён і прыдумаў гісторыю з апошняй гранатай. У Бубовіча язык без клею меле: адразу ж распавёў пра тое ў рэдакцыі. У выніку замоўленую і начыста перадрукаваную аповесць рашуча перакрэслілі. Яны з Бубовічам потым, у фае Дома літаратараў, горача пагаманілі. Ледзь не пабіліся. У выніку Мадэст, у якасці кампенсацыі, уладкаваў яго ў Бюро прапаганды мастацкай літаратуры. Балазе тады месца вызвалілася: аднаго з чальцоў белая гарачка скруціла.
…Пісьменнік чхнуў і паволі, з суворым выглядам, падзёр на шматкі апошнюю старонку аповесці, а астатнія з ціхім шолахам зляцелі на падлогу. Пальцы падхапілі яшчэ адну, куды больш тоўстую і пыльную тэчку, пазначаную размашыстым надпісам «Вартавыя граніцы». Гэта была яшчэ адна аповесць — пра тое, як піянеры лавілі іншаземных шпігуноў, — і ў гэты момант у кватэру пазванілі.