Дахаты ішлі разам з Ігнацёнкам. Малады празаік ужо не пачуваў сябе мэтрам і, зазіраючы ў Ленчыны вочы, нахвальваў апавяданне і тое, як артыстычна яно было прачытанае. Сшытак з апавяданнем Ігнацёнак пакінуў у рэдакцыі, паабяцаўшы надрукаваць у газеце. Спачатку Сцёпка не мог даўмецца, жартуе літаратар ці яму сапраўды спадабалася гісторыя пра млын, — і толькі калі Лёшка галантна пацалаваў на развітанне Ленчыну руку, зразумеў, што празаіку спадабалася не апавяданне, а ягоная сястра.
«Адразу бачна — за кожнай спадніцай бегае», — незадаволена мовіла сяструха, калі ўвайшлі ў пад’езд. «Выдаў нейкую шкадобы вартую брашуру, а форсу аж з каптуром».
Сястра Сцёпкава лагодзіла вока. Шмат хто да яе хадзіў у залёты. Ды марна. На той час яна ўжо сустракалася з адным калінінградскім марыманам, які паўгода боўтаўся ў моры, а потым два месяцы цягаў Ленку па рэстарацыях ды вазіў у Сочы, а затым слаў з Калінінграда грашовыя пераводы. Так што калі назаўтра празаік заявіўся да іх з букетам півоняў, Ленка кветак не прыняла і папрасіла яе не турбаваць.
Апавяданне ў газеце, хаця і са шматлікімі праўкамі, надрукавалі, і Сцяпана апанавала творчая гарачка. Штовечар, у аптэчным прыцемку кухні, надзейна заціснуты паміж сталом і гудлівай лядоўняй, ён спісваў адзін школьны сшытак за другім, потым спісаў канцылярскі гросбух, урэшце, перавёўшы дых, пхнуў тыя сшыткі-гросбухі ў палатняную торбу, наверх паклаў пляшку гарэлкі і выправіўся да Ігнацёнка. Балазе, жыў Лёшка непадалёку, праз тры аўтобусныя прыпынкі, у такой жа цаглянай «хрушчобе». Кульнуўшы пару кілішкаў і спытаўшы пра Ленчына здароўе, Лёшка з неахвотаю прагледзеў сшыткі, мелькам зазірнуў у гросбух і паведаміў, што занясе рукапісы рэдакцыйнай машыністцы, якая бярэ за перадрук 30 капеек за старонку. Уздыхнуўшы, Сцёпка палез у кішэнь па грошы. Лазіць у кішэнь давялося яшчэ безліч разоў — калі частаваў Лёшку; калі перадрукоўвалі ўжо набраны і скрэслены Лёшкавымі праўкамі тэкст; калі сядзелі ў рэстарацыі і паілі нейкага вусатага дзядзьку, які працаваў у часопісе; нарэшце, калі паілі бязвусага дзядзьку, які абяцаў адрэдагаваць зборнік і паставіць у тэмплан. Сцёпка звычайна пазычаў грошы ў сястры — гэта ж яна падбіла заняцца літаратурай, — а пачуўшы, што марыман выправіўся ў далёкі рэйс і грошы прышле толькі праз паўгода, закінуў літаратурную творчасць. У часопісе яго так і не надрукавалі. Думаў, такі ж лёс наканаваны і кнізе, але вось неспадзяванка: кніжка выйшла, прычым ладным накладам, і, запхнутая ва ўнутраную кішэню пінжака, грэла ўстрывожанае сэрца.
За дзвярыма пачуўся сабачы брэх.
— Найда, — Лёшка ўставіў ключ у замочную шчыліну.
Сцёпка насцярожыўся, чакаючы, што зараз на іх рынецца псіна, але ніхто не рынуўся, бо сучка са шчанюкамі сядзела ў зачыненай спальні. На дзвярах спальні вісеў аркушык паперы з надпісам «Лабараторыя сучаснага рамана».
— Сядзі, сядзі, — крыкнуў Лёшка, звяртаючыся да Найды. — Зараз выведу.
— У цябе сабакі раманы пішуць? — са смяшком на вуснах запытаўся госць.
— Раней у спальні працаваў, а зараз, як шчанюкі з’явіліся, у вялікі пакой перабраўся.
Лёшка прачыніў дзверы, і ў вузкую пройму вытыркнуўся мокры сабачы нос. У дальнім канцы пакоя кешкаліся пяць рудых шчанюкоў.
— Слухай, бяры ў мяне аднаго. Нядорага прадам. Шэлці… рэдкая парода. На вязку аж у Смаленск вазіў.
— Ды не, у мяне кот жыве, — прамармытаў Сцёпка, скінуў з ног туфлі і ўвайшоў у святліцу.
Абсталюнак у пакоі быў той жа, што і пад час мінулага візіту. Пасярод пакоя грувасцілася ўсё тое ж крэсла-гушкалка, а ў куце стаяў той самы парэпаны стол з памаранчавай югаслаўскай друкаркай. Адзінае, што з’явілася новае, гэта ўвабраны ў багетавую рамку партрэт вайскоўца, які вісеў над сталом. Сцёпка падышоў да стала, прымружыў вочы.
— Хто гэта?
— Дзед, — паведаміў гаспадар, выцягваючы з палатнянай торбы пляшку гарэлкі.
— Чырвоны камандзір?
— Ды не… чыгуначнік.
— А чаму ў форме? — Сцёпка перагнуўся праз стол, разглядаючы зорачкі на пагонах.
— Як чаму? Пры Сталіне ўсе па струнцы хадзілі і ў вайсковай форме. Дзед мой быў інжынер-капітан цягі. А яго непасрэдны начальнік меў званне віцэ-генерал-дырэктар шляхоў зносін другога рангу. Гучыць? Адразу і не запомніш.
— Першы раз пра тое чую, — прабурчаў госць і плюхнуўся ў гушкалку.
— Э-э, братка, пісьменнік на тое і пісьменнік, што мусіць ведаць усяго патроху.