Выбрать главу

За спінай нехта тупае. Гэта рудагаловы Юзік па мянушцы Рыдз вылез праз акенца з падвала і шыбуе ў мой бок.

— Бачыш, твой цёзка, — торгаю галавой, паказваючы на Рыдз-Сміглага.

Юзік касавурыцца, — не любіць, калі яго называюць Рыдзам, — глядзіць спадылба на афішу.

— А гэта хто такая?

— Ніна Кульчыцкая, — тлумачу з пагардаю ў голасе, — спявачка з «Лютні», яе ўся Вільня ведае.

Юзік з недаверам мружыцца, і я, памаўчаўшы дзеля прыліку, дадаю:

— Лепшая польская спявачка.

Лепшай спявачкай Кульчыцкую называе мой бацька. Праўда, ён кажа не спявачка, а пяюха. Гэта каб маці слых залагодзіць. Бацька, ведаю дакладна, у тую пяюху таемна закаханы. Нездарма ж просіць маці завітаць у аперэтку. А аднойчы хадзіў слухаць Кульчыцкую на пару з дзядзькам Янкам. Дзядзька Янка, падобна, таксама закаханы ў пяюху, бо часцяком яе згадвае.

Рыдз зыркае па баках, а ўгледзеўшы Скачыляса, торгае падбародкам, і мы адыходзім ад тумбы.

— Чаму не ў школе? — пытаецца Юзік. Сам ён у школу не ходзіць і вельмі тым ганарыцца.

— Маці сказала, каб у хаце сядзеў. Баіцца, што немцы пачнуць бомбы кідаць.

— Немцы могуць і на дом шпурнуць, — хмыкае прыяцель і сцішвае голас: — Месца адно ведаю, дзе можна цыгарэтамі разжыцца.

— А ты што, паліш?

— Пры чым тут гэта… На Завальнай цыгарэты на хлеб мяняюць, і на газу, і на дровы, і на соль з запалкамі.

Хвіліну разважаю — ці варта ісці ў тое самае месца, — урэшце ляпаю сябра па спіне.

«Ну і пракуда, — думаю я, паспяваючы за Рыдзам, — двух тыдняў не прайшло, як прыехаў у Вільню, а ўжо з усімі перазнаёміўся, паспеў атрымаць мянушку і ведае, дзе што можна скрасці».

Юзік прыехаў, ратуючыся ад немцаў, з Сувалак. Не адзін, вядома, а з маткай. Зараз жывуць у падвале нашага дома — там раней была шавецкая майстэрня. Шаўцоў пабралі ў войска, а майстэрню зачынілі, павесіўшы замок. Ды пракудзе Рыдзу замкі не перашкода. Разбіў акенца і ўлез у падвал. І мат­цы дапамог залезці, пагатоў яна ў яго худая, як палка. Ноч пераначавалі, а потым нехта ім замок спілаваў. Разбітае акенца кавалкам фанеры прыкрылі, але Рыдз і дагэтуль праз акенца з майстэрні вылазіць. Да Юзікавай маткі днямі Скачыляс наведваўся. Загадаў вызваліць памяшканне. Ды ўрэшце адчапіўся. Дзіва што. У Вільні поўна ўцекачоў. Людзі жывуць хто дзе. У нашым двары стаіць дрывотня, дык і туды ўбіліся ўцекачы. Аж з самой Познані прыехалі.

— Як там Скачыляс? Не высяляе? — цікаўлюся, пазіраючы Юзіку ў спіну.

— Адчапіўся.

Рыдзу не пазайздросціш. Спіць на дошках, пад якія цагліны падкладзеныя. Калі гэта ўсё пабачыў ды распавёў маці, тая новым суседзям падушку падаравала і старую коўдру. У падвале ж холадна.

Мы даходзім да рынку, паварочваем на мост праз чыгунку. На мосце стаяць жаўнеры, спраўджваюць у мінакоў дакументы. Нас, аднак, не чапаюць. Чыгуначныя каляіны забітыя цягнікамі. Спыняемся каля парэнчаў, каб з вышыні агледзець наваколле, але адзін з жаўнераў махае нам рукой. Маўляў, праходзьце, не затрымлівайцеся.

Сцярожка, што тыя буслы, чапаем уздоўж высокага плота. Там, за плотам, гудзе паравоз, у неба вырываюцца клубы бялюткай пары і адразу ж знікаюць у паветры. Юзік перабірае пальцамі каструбаватыя дошкі.

— Задужа высокі, не пераскочыш, — кажу я сябру.

— Ніхто пераскокваць і не збіраецца, — адказвае Юзік і ціха шапоча: — Тут.

Рыдз адсоўвае дошку, якая трымаецца на забітым угары цвіку, прасоўвае голаў у адтуліну:

— Нікога няма, — азываецца сябрук з другога боку плота.

— Туды нельга! Вайсковая зона! — шапчу я, ды мушу лезці ў адтуліну.

Ад плота адпаўзаем вокраччу, з перакрыўленымі ад хвалявання тварамі. Да таго ж паравозная дзындра балюча вярэдзіць калені. На першай каляіне стаяць разбітыя вагоны, а непадалёку валяецца абломак дошкі з выбітымі на ёй літарамі PКP.

— Цягнік разбамбілі, і яго сюды, у тупік загналі, — з гэтымі словамі Юзік нырцуе пад вагон.

З адчуваннем, што зараз вагон скранецца з месца, таксама нырцую ў цёмны прахон, б’юся патыліцай аб нейкую жалязяку і, зачапіўшыся за рэйку, падаю на калені. На другой каляіне гібеюць такія ж патрушчаныя вагоны, і Юзік рашуча выдыхае:

— Гэты…

Вагон, перад якім спыніліся, знізу цалюткі, а вось у сярэдзіне некалькі дошак выламаныя. Рыдз паказвае рукамі, каб я нахіліўся, і ў гэты міг на другім баку каляіны змучана кашляюць. Так і застываю, не выпрастаўшы хрыбеціны. У светлай пройме бачныя вайсковыя боты. Вайсковец спыняецца, прыпальвае цыгарэту, ідзе ўздоўж вагонаў.