Выбрать главу

Сябар узбіраецца на спіну, чапляецца рукамі за край дошкі, знікае, мільгануўшы падэшвамі чаравікаў, у цёмным праломе.

— Ну як там? — пытаюся пошапкам. Штосьці стукае ў лабешнік, і я падхопліваю з-пад ног пачак цыгарэт.

«Гурнік». Ці не самыя танныя цыгарэты. З намаляваным на пачку шахцёрам.

На голаў раз за разам сыплюцца цупкія пачкі, і я пхаю іх спачатку ў кішэні, потым, расшпіліўшы верхнія гузікі кашулі, за пазуху, нарэшце за каршэнь, аж пакуль у вагонным нутры не нараджаецца адчайны шэпт: «Мне пакінь».

Да плота бяжым што духу. Я першым падбягаю да лазу, адсоўваю дошку, але вылезці не даю рады, бо спераду вісіць ладны пузень, а ззаду вырас такі ж вялізны горб.

— Хутчэй ты! — гукае сябрук, штурхае ў азадак, і я чую натужлівы трэск: канец калашыны зачапіўся за цвік.

Прамінуўшы даўгую вуліцу і кароткі завулак, кідаемся пад шаты зжаўцелых ліп і заўважаем, што апынуліся сярод крыжоў.

— Стараверскія могілкі, — кажу з палёгкай, плюхнуўшыся на магільны пагорак.

Доўга сунімаем парывістае дыханне.

Раней міма тых могілак хадзіць баяўся, а тут сяджу на ўтравелай магіле і, водзячы пальцам па шэрхлым крыжы, чытаю выразаныя ў дрэве літары: «Рабъ Божій Іоаннъ».

— Дзіўныя крыжы, — задышліва мовіць сябрук.

— Я ж табе кажу: стараверы пахаваныя.

— А хто такія?

Бацька калісьці пра іх распавядаў, але адно і запомнілася, што гэта нейкія прыблуды з Расеі, якія не па правілах хрысціліся, іх пачалі лупцаваць і яны збеглі ў Вільню. Збіраючыся з думкамі, чухаю макаўку — і крыўлюся ад болю: пад вучнёўскай шапкай шчыміць і спее гузак.

Дахаты вяртаемся дальняй дарогай, аж праз Курляндскую вуліцу. Пнуцца на чыгуначны мост не выпадае, бо жаўнеры могуць пацікавіцца нашымі «пузенямі». На Курляндскай, на чыгуначным пераходзе, стаіць паліцыянт, таму прыхоўваемся за кустамі, а калі гліна спыняе нейкага фацэта на ровары, непрыкметнымі ценямі праслізгваем у суседні завулак. І да самага дому азіраемся, выглядаючы сінія мундуры.

Увальваюся ў кватэру, думаючы, што маці на працы, ды яна чамусьці дома.

— Дзе цябе нячысцік носіць? — маці, як злуецца, гамоніць «па-простаму». — Табе сказалі з хаты не выходзіць, а ты чорт дзе цягаешся.

Выходжу на сярэдзіну пакоя, выцягваю кашулю са штаноў. Цыгарэты з вясёлым шорхатам падаюць на падлогу.

— Што гэта? — у голасе матчыным гучыць трывога.

— Не бачыш? Цыгарэты!

— Дзе ты іх узяў?!

— Немцы вагон разбамбілі, мы іх і прыхапілі.

— Ці не з вісусам падвальным ты іх прыхопліваў?

Шморгаю носам, моўчкі выкідваю з кішэняў рэшту цыгарэт. Да сэрца падступае крыўда. Юзік што, самохаць залез у падвал? Хата іхняя ў Сувалках згарэла, вось і давялося шукаць прытулку. Маці і сама адчула, што сказала лішняе. Уздыхнуўшы, спрабуе зняць з мяне кепурку, і я крыўлюся ад болю. Кроў ад раны зашэрхла і прыстала да шапкі.

— Дзе ты пабіў галаву? І што ў цябе з порткамі? — правая калоша на доле падзёртая. — Дарослыя баяцца ў горад выходзіць, а вы, падшыванцы, дахаты не прыцінаецеся. Бацькі няма, а так бы даў пытлю, — маці ўсхліпвае, сядае на ложак і ціха плача. Не з-за падзёртых штаноў, вядома, а ад таго, што бацька сядзіць у Лукішках і немаведама калі адтуль выйдзе.

Наступным ранкам тырчу дома, бо маці не пайшла на працу. Працуе яна на заводзе «Электрыт». На тым самым, дзе вырабляюць вядомыя на ўсю Польшчу радыёпрымачы. Мацуе на корпусе радыёлямпы і прылітоўвае кандэнсатары. Так што сяджу на падаконніку і паныла гляджу на тое, што дзеецца за акном. Там анічога не змянілася. Адно што ля пад’езда суседняга дома з’явіўся нязграбны надпіс: «Бамбасховішча на 50 асобаў». Па бруку па-ранейшаму ляскочуць калёсы з параненымі, а чалавек у лапсардаку расклейвае на тумбе свежыя газеты. Цікава, што ён там лепіць — «Слова» ці «Кур’ер»?

— Ма, можна выйсці? Газеты хачу пачытаць.

Маці маўчыць, наліваючы ваду ў чайнік, і гэта азначае, што я нікуды не пайду.

З дома насупраць выкульваецца матчына сяброўка, цётка Юстына. Цётка прыпыняецца каля тумбы, цягне шыю, спрабуючы штосьці вычытаць у газеце, і дробненька тупае ў наш бок.

— Сяброўка твая ідзе, — паведамляю, не павярнуўшы галавы, і маці, крыкнуўшы «Дапамагай!», кідаецца да купы цыгарэтных пачкаў, што ляжыць у куце.

Пахапліва, сюд-туд натыкаючыся адно на другога, носім цыгарэты ў шафу.

— А я гляджу — ты ў акне мільганула. Чаму не на працы? — сакоча ад парога цётка Юстына. Цётка, калі гамоніць з суседзямі, збіваецца на «простую» мову.