Выбрать главу

— Шкада, што не шпокнуў, — я згадваю, як паліцыянт арыштоўваў бацьку і пры гэтым падступна пасміхаўся. Сын цёткі Юстыны, такі ж паліцыянт, на вайну пайшоў і загінуў, а гэта таўстун толькі тым і займаецца, што людзей ад тумбы адганяе.

Наступнай хвілінай мы з Рыдзам глядзім у неба. Там, раз-пораз губляючыся ў аблоках, ляціць самалёт. Кволае сонца бліскае на срэбных крылах, а з хваста вырываюцца срэбныя аблачынкі. Аблачынкі паволі раздзімаюцца, расцягваюцца даўгім шнуром. «Улёткі!» — гарлае Юзік. Порсткі ветрык гоніць завілы шнур у бок Новага Свету. Мы з Юзікам бяжым, як апараныя, пазіраючы ўгору. Поруч з намі бяжыць тузін такіх жа, як мы, падшыванцаў, і рэха бязладнага тупацення блукае ў вузкіх вулках. Паперыны лётаюць над дахамі, чапляюцца за вершаліны дрэваў, але на зямлю не апускаюцца. Каб першаму схапіць запаветны лісток, сябрук лезе на згалелую ліпу, у вецці якой заблыталася нябесная бібула, і ў гэты момант адна з улётак сядае мне на шапку. Яна надрукаваная па-польску. «Савецкі ўрад лічыць святым абавязкам працягнуць руку дапамогі сваім братам-украінцам ды братам-беларусам… — брыняць уваччу няроўна надрукаваныя літары, — …наша Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія і гэтым разам дэманструе сваю баявую моц…» Юзік, абламаўшы тоўсты сук, скача на зямлю, і мы, хапануўшы ў жменю ўлётак, мелькам іх праглядаем, бяжым дахаты, і ў галаве маёй віхурацца страхотныя словы «вялікі Сталін», «Чырвоная Армія» і «заможныя савецкія калгасы».

— З летака скінулі! — гукаю, зачапіўшыся за парог.

Маці нават не зірнула на паперкі. Скамячыла і кінула ў печку.

…Першы савецкі танк убачылі познім вечарам. Святло ў нас адключылі, і цяжка было разабраць штосьці ў цемры. І толькі гнутыя трубы, што спавівалі вежу, ды кароткая стваліна гарматы сведчылі, што гэта ляскоча савецкі танк.

Усю ноч на гарадскіх ускраінах глуха бухала; па вулцы раз-пораз нехта прабягаў і тады бацька падаваўся да акна і ўглядаўся ў цемру; і на зацягнутым хмарамі небе блукала барвовая палымніца.

Раніцою мяне нібыта тыцкаюць у плячук. Я расплюшчваю вочы і не даю рады даўмецца — што за гукі мітусяцца па кватэры, ад якіх дзынкаюць шыбы на вокнах і якія нахабна лезуць у вушы. І, канчаткова абудзіўшыся, уцямліваю, што шыбы дзынкаюць ад пошчаку конскіх падкоў.

Бацькі, ужо апраненыя, стаяць каля акна, прыціснуўшы насы да халоднай шыбы.

— На ногі што-небудзь насунь ды кашулю надзень! — кажа маці, але мне не да таго.

— Кипучая, могучая, никем не победимая… — спяваюць жаўнеры, і гарадскія вароны абурана гракаюць на іх з высокіх дахаў.

Міма нашага дома, расцягнуўшыся даўжэзным шыхтом, едзе на конях Чырвонае войска, пра якое пісалі ва ўлётцы. Войска тое, аднак, не чырвонае, а шэрае. На жаўнерах даўжэзныя, аж ног не бачна, шынялі, а на галовах цьмяна бліскаюць гламаздаватыя каскі з невялічкім грэбнем на макаўцы.

— А што за грэбні такія? — торкаю бацьку ў бок.

— Вентыляцыйныя адтуліны. А каб вада не патрапляла, пласцінамі закрытыя, у форме грэбня.

— Ага-а, — выдыхаю я, хаця і не цямлю, што такое вентыляцыйныя адтуліны і дзеля чаго яны патрэбныя.

— У палякаў лепшыя каскі, — бацька адрывае нос ад шыбы.

— А чаму ж немцы Варшаву атачылі, калі ў іх такія добрыя каскі? — падае голас маці.

— У немцаў каскі яшчэ лепшыя, — паўжартам адгукаецца бацька.

На сняданак у нас панцак без масла. Каша захрасае ў горле. Даўлюся ёю, стоячы ля акна. Саветы едуць па двое, не звяртаючы ніякай увагі на месцічаў, што выйшлі іх сустракаць. Адзін конь занаравіўся, і на вулцы ўтварыўся невялічкі затор.

— Я да Антона, — бацька на хаду даядае абрыдлую кашу.

— Паеш як чалавек. Што ты бегаеш як апантаны! — крычыць наўздагон яму маці, і бацька, ужо з калідора, адгукаецца:

— Няма калі!

Мне карціць вылецець з хаты.

— Ма… я на ходніку пастаю. Пагляджу на бальшавікоў.

— Нікуды не пойдзеш, — маці выскрэбвае з рондаля рэшткі падгарэлай кашы, — не хапала, каб на цябе конь наехаў.

Памыўшы посуд, маці сядае на ўслон, хвіліну сядзіць нерухома, спрытна падымаецца на ногі. Ёй і самой не сядзіцца ў хаце. Праз імгненне яна накідвае на плечы пуховую хустку і трасе ўзнятым пальцам, маўляў, на двор не выходзь. Пабегла да цёткі Юстыны — паслухаць апошнія навіны. Чакаю, калі на лесвіцы заціхнуць крокі, і здымаю з вешака палітон.