Выбрать главу

— Ну як, спадабалася? — пытаецца дзядзька Янка, пабачыўшы, як я цягну з-за пазухі «У глыбі Палесся». Кніжку я так і не прачытаў. Агораў толькі некалькі старонак.

Неакрэслена перасмыкваю плечукамі.

— Ты хоць прачытаў? Хто там галоўны герой?

— Лабановіч.

— А хто ён такі?

— Вясковы настаўнік, — мармычу хуткагаворкай і, папярэджваючы іншыя пытанні, працягваю бацькаву цыдулку.

Дзядзька разгортвае паперку, упрыкмет насупліваецца.

— І што, усе дровы пакралі?

— Усе, — адказваю, заўважаючы, што дзядзькаў твар праяснеў, як тое неба над Віленкай.

— А шмат іх у вас?

— Каго?

— Цыгарэт.

— Шмат, — я выцягваю з левай кішэні пакамечаны па краях пачак.

— Ух! — выдае дзядзька Янка, прагна нюхнуўшы пачак. — Да вайны «Егіпецкія» паліў, цяпер і «Гурніку» рады.

Дзядзька прыпальвае цыгарэціну, пускае ў столь струмок дыму і тут жа ляпае мяне па плячы: «Хадзем».

Мы выходзім на двор, і дзядзька, не выпускаючы цыгарэты з зубоў, накладае мне ў абярэмак палення.

— Столькі знясеш?

— Як жа я панясу? Дарогі не відаць, — палены накладзены вышэй галавы.

— Кідай на зямлю. Што-небудзь прыдумаем, — дзядзька выцягвае з кішэні даўгую вяроўчыну.

Спрытныя пальцы абвязваюць абярэмак з аднаго боку, потым з другога, пакінуўшы вялікую пятлю пасяродку. Закідваю пятлю на плячук.

— Дацягнеш?

— Дацягну, — кажу без асаблівай упэўненасці: вяроўка балюча вярэдзіць плячо.

— Скажаш бацьку — паслязаўтра прывязу. У абед. У суседа падвода будзе вольная, — а калі выходжу за весніцы, дзядзька крычыць наўздагон: — У абмен на цыгарэты, грошай не трэба!

Пакуль цягнуў паленне, перакідваючы з аднаго пляча на другі, мінакі сто разоў спыталі: дзе прадаюць дровы? Перад самым пад’ездам скідваю цяжар на брук, і ў мяне адчуванне, што нейкая сіла цягне ўгору.

На тумбе з’явілася новая афіша: «У кіно “Эдэн” савецкі фільм “Вялікі грамадзянін”». Каля тумбы круціцца мой аднакласнік Міцька Шверубовіч. Міцька самы высокі ў класе, і дзякуючы цыбатым нагам займеў мянушку Чапля.

— Дзе купіў? — здалёк гукае Міцька.

Абрыдла адказваць на такое пытанне, таму строю гімору пакутніка, і Чапля, падышоўшы, панылым тонам паведамляе:

— Заўтра ў школе заняткі пачынаюцца.

Да пад’езда іду ледзь жывы, і ўжо не нясу дровы, а цягну за вяроўчыну. «Ці гаварыць маці пра пачатак заняткаў?» — менавіта гэтая думка, а не цяжкая ношка, канчаткова знясіліла. Маці казала, што ў бальшавіцкую школу не пусціць. А як возьме ды выправіць? А як пойдзеш, калі трэба бацьку дапамагчы дровы выгрузіць ды ў дрывотню занесці? Два тыдні ў школу не хадзіў, прапушчу яшчэ адзін дзянёк. Думка такая надае сілы. Увайшоўшы ў пад’езд, наверх не іду. Спускаюся ў падвал, стукаю ў дзверы Юзікавай «кватэры» і, перадаўшы сябру два палена, паведамляю, што паслязаўтра ў абед пад’едзе падвода з дровамі і можна будзе разжыцца якім абярэмкам.

Дзядзька Янка толькі пад’язджае да дрывотні, а з дома ўжо выбягаць людзі і пытаюцца, ці прывязе ён ім дровы. Лядачы, шарай масці конік, які запрэжаны ў падводу, гучна пырхае, а дзядзька роблена заняпалым голасам тлумачыць, што і сам не ведае, як працягнуць да вясны, бо дроваў у яго зусім няшмат.

— Не памрэм з галадухі, дык ад холаду дакладна скалеем, — шамкае старая цётка ў накінутым на плечы палітоне. Я яе ўпершыню бачу. Відаць, уцякачка. — І ў Новым Свеце ўзяліся дрывотні чысціць. Мужчыны сталі па чарзе ў іх начаваць і злапалі двух. А яны, як аказалася, з рабочай гвардыі.

Гамузам — я, Юзік, маці з бацькам і дзядзька Янка — цягаем паленне з воза ў дрывотню, а калі людзей сабралася з добры тузін, маці не вытрымлівае і са злой весялосцю выдае:

— На заводах штодня мітынгі, а цяпер ля дрывотні мітынгуеце?

Крыху дроваў пакідаем на возе. Юзіку за працу.

Навязаўшы каня, дзядзька завітвае да нас.

Дровы цягалі подбегам, гэта дарэшты змарыла, і я, не зняўшы чаравікаў, валюся на тапчан.

— Раз, два, тры… — лічыць бацька пачкі, якія з ціхім шолахам падаюць на стол. Падаюць даволі доўга, нарэшце дзядзька прамаўляе:

— І пачак прэміяльных.

— Ну што там у свеце чутно? — пытаецца неўзабаве бацька.

— Нічагусенькі не чутно. Батарэі селі.

— Ну а ўсё ж такі?

— Варшава і Модлін капітулявалі.

— Ну, гэта мы ведаем.

— Працоўныя Заходняй Беларусі цяпер жывуць пад жыццядайным Сталінскім сонцам. І гэта вы ведаеце? — усё тым жа жартаўлівым тонам прамаўляе дзядзька Янка, і тут жа сур’ёзнее: — Прафесара Якавіцкага арыштавалі.