— Божухна, знайшлі ворага. Жанчын лекаваў чалавек, — шморгае носам маці.
— Ну, а як у вас на заводзе? — дзядзька Янка пазірае ў матчын бок.
— Учора мітынг быў. Спачатку пра Сталінскае сонца казалі і што мы цяпер усе сталі свабоднымі ды шчаслівымі, а задалі пытанне: калі працаваць будзем? — сказалі, што як прывязуць сыравіну, так і пачнём.
— А пакуль не прывезлі, што рабіць збіраецеся?
— Новы дырэктар паабяцаў выпуск прадукцыі мэблевай тэматыкі наладзіць. Да вайны радыёпрымачы рабілі, па сорак тысяч штук у год, а зараз збіраюцца ўслоны гламэздаць.
— Недзе там бутэлька прыхаваная… гарэлачнай тэматыкі. Не перашкодзіла б гэтую справу абмыць, — з ліслівым прыдыханнем кажа бацька.
Маці корпаецца ў буфеце, ставіць на стол пачатую пляшку гарэлкі. Мне гэта бачна, бо фіранка, якая вісіць на дзвярах катуха, напалову адсунутая.
Цуркае гарэлка ў шклянцы, і дзядзька Янка, хукнуўшы ў далонь, кракае:
— Ну… каб добра гарэлі!
Штонядзелі маці ходзіць у касцёл і прачынаецца раней звычайнага. Сёння нядзеля. Я таксама прачнуўся і слухаю, як маці ўстае з ложка і як яе голыя ступакі ліпнуць да халоднай падлогі. Маці насоўвае лямцавыя апоркі, ідзе да печкі, пстрыкае запалкай. Сухія трэскі стракочуць, як восеньскія сойкі, чырвонымі плямамі мітусяцца на столі, робяць жывымі вясельны фотаздымак бацькоў на сценцы ды памаранчавы гарбуз, які грувасціцца на буфеце. Яго надоечы прынесла цётка Юстына. Даўно прагну пакаштаваць гарбузовай кашы, але маці кажа, што згатуе яе, як надарыцца нейкая святочная падзея.
«І ахвота маці падымацца на золку і цягнуцца ў касцёл», — з гэтай думкай закідваю рукі за патыліцу. Вунь, бацька пахрапвае і бяды не ведае. А калі і ходзіць у царкву, дык толькі на Вялікдзень. Мая лаварышкаўская бабця і дагэтуль бядуе, што яе дачка пабралася з праваслаўным. І жартам называе зяця бальшавіком.
Маці сядзіць на зэдліку каля печы, утрапёна глядзіць на агонь, які тым часам паспеў зжаўцець, і жоўтыя вогнікі жвава блукаюць на кудзерках матчыных валасоў. На лесвіцы чутны гулкія крокі. Кудзеркі страсянаюцца, спрабуючы скінуць дакучлівыя вогнікі. У дзверы нягучна грукаюць, і бацька, кінуўшы храпці, устрывожана рыпае ложкам.
— Свае, — паўшэптам азываюцца з лесвічнай пляцоўкі.
Дзядзька Янка спатыкаецца на парозе, зморана пераводзіць дых. Ды так, што варушыцца фіранка на дзвярах.
— Ну, з чым завітаў? — пытаецца бацька.
— Антона арыштавалі.
Запаноўвае цішыня, якую перарывае плясканне босых бацькавых ног.
— Ты глядзі… і выступ на сходзе не дапамог. Памятаеш, як даваў перуноў польскім памешчыкам і капіталістам? — бацька, трымаючы рукой споднікі, нервова прайшоўся вакол стала.
— Тэпці! — спалоханым фальцэтам крычыць маці, ляпае імі па падлозе, і бацька рашуча адмахваецца.
— А можа, адпусцяць? — пакрыўджана выдыхае маці.
— Ды не, з энкавэдэ проста так не адпускаюць. А часцяком наогул не адпускаюць, — дзядзька Янка на мігах папрасіў у маці дазволу прыпаліць, і, зламаўшы тры запалкі, выпусціў шызую аблачыну, якая паплыла да печкі. — Ляцім невядома куды, па непрадказальнай траекторыі.
— А ты ці не ў Купрыянішкі ляціш? — бацька з неахвотай насоўвае тэпці.
Дзядзька такога пытання, падобна, не чуе.
— Учора еду ад вас на кані. Гляджу, якісьці знаёмы акулярамі свеціць. Прыгледзеўся — а гэта Вячка Багдановіч. З рэдакцыі «Віленскай праўды» ішоў. Ён пра Антона і паведаміў.
— Днямі бачыў Вячку, — насуплена бурчыць бацька. — Ганарыцца, што яго саветы з Картузаў выпусцілі.
— Каго-каго, а яго саветы арыштоўваць не будуць. А нас з табой… — дзядзька Янка абрывае фразу. — Карацей, чакаем два-тры дні. Калі яшчэ кагосьці з нашых возьмуць, давядзецца хавацца. Палякі наогул дома не начуюць. У энкавэдыстаў завядзёнка: хапаць па начах. Так што ўначы ўсе тыя лекары-выкладчыкі па падвалах ды куратніках хаваюцца. Каго не пабачу — ва ўсіх пысы азызлыя з недасыпу.
— Мо сапраўды на які час у Лаварышках схаваешся? — з пакутаю ўздыхае маці, калі дзядзька выкульваецца з хаты. — А там і мы пад’едзем. Дый страху заадно адрамантуеш. У трох месцах працякае.
— Не мітусіся, — бацька ў задуменні пацірае лабаціну. — Янка любіць наганяць паніку. Пачакаем пару дзён — тады будзем штосьці вырашаць.
Учора хадзілі на рыбу. Пайшлі на Вяллю а пятай раніцы, як скончылася каменданцкая гадзіна. Бацька ведае адну мясціну ў Закрэнце, дзе добра бяруцца акуні. Там і закінулі вуды. Цэлы дзень на беразе адседзелі, змерзлі як цуцыкі, але рыбы налавілі больш як паўвядра — і акунёў, і платвіц. Падчапілі нават невялічкага шчупака. Звечара маці пачысціла рыбу, а сёння ўзялася гатаваць юшку.