Выбрать главу

Юшка апетытна пахне, я з нецярплівасцю прыўзнімаю накрыўку, а пачуўшы матчын воклік «Не чапай, хай даварыц­ца», — іду да акна.

На вуліцы пуста, калі не лічыць Міцьку Шверубовіча, які стаіць перад тумбай, утаропіўшыся ў плакат з рэкламай савецкага фільма. На Міцькавым карку боўтаецца заплечнік, — сказаў, відаць, маці, што пайшоў у школу, а сам мерыцца пайсці ў кіно. Прыкладаю далонь да разяўленага рота, збіраючыся салодка пазяхнуць, і бачу дзядзьку Янку. Дзядзька шыбуе па ходніку і ўвесь час азіраецца.

— Дзядзька Янка! — крычу праз плячук, і маці, у прадчуванні кепскіх навін, змучана вохкае.

— О! Пад самую юшку паспеў! — з робленай бадзёрасцю выдыхае бацька.

— Не да юшкі, браток. Ноччу Самойлу ўзялі… і Багдановіча.

— Багдановіча? — бацька бязвольна апускаецца на крэсла. — Ён жа кагадзе з Картузаў выйшаў…

— Самойла? Той стары… з бародкай? што з сынам прыходзіў? — усхліпвае маці.

Дзядзька Янка здымае капялюш, з роспаччу ў вачах прылашчвае валасы.

— Іх усіх у Старую Вялейку звозяць. А некаторых у Менск, — дзядзька плюхаецца на крэсла, грукае кулаком па стале, і мы з маці ўздрыгваем. — Не, вы чулі? Галоўнымі ворагамі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі з’яўляюцца свядомыя беларусы. Каб вы, падлы, спрахлі разам са сваім вусатым правадыром.

— У маёй знаёмай муж у банку працаваў, — маці гатовая расплакацца, — хаваўся па начах у адрыне. Змёрз дарэшты, захварэў запаленнем плюцаў, дык хворага з пасцелі ўзялі, — накрыўка на рондалі пачынае бразгатаць, юшка праліваецца, гучна сыкае, але маці не чуе — плача, заціснуўшы рот ражком хатняй хусткі.

— Ты дзе начаваў? — як не сваім голасам пытаецца бацька.

Дзядзька падымаецца, нацублівае капялюш.

— Я б і табе раіў дзе-небудзь прыхавацца. У цябе ж цешча ў Лаварышках. Заўтра ад ранку і шыбуй. А то і сёння не позна. З горада выбірайся праз Дунайку. Там у іх няма пастоў. І прабірайся ляснымі дарогамі, на полацкі тракт не выходзь.

Дзядзька бярэцца за ручку дзвярэй:

— Пайшлі… выйдзем на хвілю, — госць хоча паведаць бацьку якісьці сакрэт і з кволым смяшком на вуснах звяртаецца да маці: — Кульчыцкую ў Менск забралі. Будзе там аперэткі спяваць.

— Хоць на адну сучку ў Вільні менш стала, — гамзае маці скрозь слёзы, здымае накрыўку з рондаля, тая падае і з грукатам коціцца па падлозе.

Ноччу не спім, уздрыгваючы ад кожнага зыку. Бацька збіраўся падавацца ў Лаварышкі адразу па абедзе і сабраў кайстру з бялізнай, ды маці адгаварыла. Сказала, што ўсялякія сур’ёзныя справы трэба рабіць з раніцы. Цяпер бацькі, пачуўшы крокі на вуліцы, навыперадкі зыркаюць у акно.

Знадворку свеціць белы ветах, заліваючы пакой серабрыстым святлом, і на яго тле бацькава кайстра, якая грувасціцца на стале, здаецца маленькай, невыразнай формы пачваркай.

Я ляжу нерухома, углядаючыся ў цёмную столь, і неўзабаве пачынаю насцярожана лыпаць павекамі. З вуліцы далятаюць нечыя шаргатлівыя крокі. Гэтым разам да акна падбягае маці.

— Патруль. Пастаялі і пайшлі да Пагулянкі.

— Чаго бегаць… энкавэдысты на машынах прыязджаюць, — гэтак жа ціха адказвае бацька. — Трэба было ў дрывотні пераначаваць.

— Ага, у дрывотні, — матчын голас убіраецца ў сілу, — каб запаленне плюцаў падхапіць.

Навокал пануе наструненая ціша. Я нават баюся дыхаць. Дзесьці далёка — ці то на яве, ці то ў сне — нараджаецца здушаны зык. Усё адно як дзіцё плача, убіўшыся тварам у падушку. І вось ужо дзіцячыя енкі гучаць непадалёку, і я прачынаюся.

— Машына! — з панікай шапоча маці.

Залятаю ў пакой і, наляцеўшы на бацьку, адчайдушна гукаю:

— Бяжым у падвал!

На злом карка, басанож і ў адной кашулі, лячу па лесвіцы, і ў скронях, разам з гарачай крывёй, пульсуе думка: «Хутчэй бы адчынілі!»

Косткі пальцаў стукаюць па бляшаных дзвярах з надпісам «Рамонт абутку», і тыя адразу ж адчыняюцца. Мы з бацькам праслізгваем у дзверы, заміраем нерухома. У цёмным куце хтосьці варушыцца, і я заўважаю, што тут, апрача Юзіка і ягонай маці, яшчэ два чалавекі — мужчына і жанчына. Прыглядаюся і пазнаю суседзяў цёткі Юстыны.

Нос казыча пах абутковага клею, а пяткі смыляць ад холаду цэментавай падлогі.

— Насунь тэпці, — звяртаецца да мяне Юзікава маці, потым падае нейкі абутак бацьку, і той сарамліва ціснецца да дзвярэй, паціраючы далонямі споднікі.

У суседнім доме лямантуе жанчына.

— Пана Шверубовіча вяжуць, — азываецца з цёмнага кута сусед цёткі Юстыны, і мяне пачынае даймаць дрыготка.

Бацька трасе за плячук:

— Бяжы дахаты. Змёрз увесь. Я пазней прыйду, як машына ад’едзе.