Выбрать главу

Нячысцік у фраку

Беларуска-расейскаму двухмоўю ахвяруецца

Сіплы гудок скалануў абшар, паблукаў пад высокімі скляпеннямі і замёр, праглынуты бязладным шумам ральганга.

— Чё гудят? — запытаўся нехта з майстравых, ляснуўшы абцугамі, і ў адказ яму, аднекуль з супрацьлеглага канца цэха, нема загарлалі: — Ваську Рваного… вагонеткой придавило!

Гарачая рэйка хіснулася ў памкненні легчы на рухавыя вальцы, ды так і завісла на ланцугах, асыпаючы долу вогнепырскую акаліну. Майстравыя пераглянуліся, бліснулі бялкамі памутнелых ад сквару вачэй і, кінуўшы пад ногі абцугі, з дапамогай якіх цягалі рэйкі, пабеглі ў той бок, дзе нараджаліся крыкі і дзе ўздыхаў змучаны несупыннай працай паравы молат.

Васька Рваны, — малады, белатвары чараміс, якога ўсе любілі за рахманы нораў, — ляжаў каля сцяны і плаксіва, зусім па-бабску, стагнаў.

— Как ево? — пыталіся майстравыя.

— Не напирай! — адказвалі тыя, што стаялі вакол хлопца і ківалі на ваганетку з саракапудовай, кагадзе выцягнутай з печы «штукай» металу.

Цэхавы молат засоплена ўздыхнуў, потым выдыхнуў і суціх, даверху схаваўшыся ў парнай аблачыне. Неўзабаве суціх і ральганг, і толькі ля пудлінгавай печы па-ранейшаму штосьці бухала і сярдзіта клекатала. Полымя ў печы набыло барвовую водцень, барва заліла сцяну, на ёй крумкачыным крылом мільгануў імклівы цень, і прасцяг прарэзаў гаўклівы воклік:

— Варум не работайт?!

Упраўляючы завода Нольд, сухарлявы, сярэдняга веку немец, шыбаваў па цэху, а следам за ім, на ладнай адлегласці, спалоханым трухам сунуліся канторшчыкі. Зекры Нольдавы злавесна пукаціліся, сівыя бакі варушыліся ад проймы, і гэта рабіла яго падобным да старога лемура.

— Что стали?! Пропустите лекаря! — крыкнулі канторшчыкі, ды ніхто не зварухнуўся. Рабочыя стаялі, панурыўшы галовы, і на іх спінах ляжала, наліваючыся чарноццем, злавесная палымніца. Знянацку ўсё аціхла. Нішто не бухала, не клекатала, і ў напятай цішыні нарадзілася суворая і мужная песня.

— Вы же-ертвою пали в борьбе ро-ко-вой…

Голас спевака дрыжэў, зрываўся, але з кожным прыдыханнем набіраў моцы; песню падхапілі, і ўжо не адна, а сотні глотак выдыхнулі гняўлівыя словы:

— Подымем мы тяжкий свой молот, собьём им оковы свои…

Рабочыя ўзвалілі напаўжывога таварыша на плечы, панеслі па цэху, і, калі ўпраўляючы, заступіўшы дарогу, закрычаў, каб людзі аціхлі, паветра скалануў гудок і галубы пад дахам, сарваўшыся з месца, гамузам паляцелі насустрач людской грамадзе.

Нікандар Іванавіч Лапахін, фабрыкант з саракатысячным гадавым даходам, прачнуўся раніцой у сваім кабінеце і доўга не мог уцяміць — дзе ён, што з ім і што гэта за жанчына стаяла на тле асветленага акна. Фабрыкант працёр вочы, лыпнуў павекамі і ўбачыў, што поруч, на прыканапным століку, грувасцілася пляшка Pommard’a, якую ён прызнаў быў за жанчыну. Дрыжачая рука намацала пляшку, шурпатыя вусны прыпалі да рыльца, і віно прыемнай цеплынёй напоўніла страўнік.

Фабрыкант задаволена адрыгнуў, расчасаў пяцярнёй злямчаную бараду і толькі тады заўважыў, што спаў не распранены — у новым, прывезеным з Парыжа сурдуце і ў перапэц­каных у гліну ботах. Гліна была мандрыкаўская — густая, з чырванаватым адценнем, — а гэта сведчыла за тое, што ўчора ён сустракаўся не толькі з Мацільдай, але і з Кацькай. Нікандар Іванавіч мацюкнуўся, ляпнуў далонню па кішэні, шукаючы партманет, і, нічога не знайшоўшы, стаў сцягваць з нагі юхтовы бот. Бот, аднак, не здымаўся. Ды і важкае чэрава не дазваляла сагнуцца. Фабрыкант счырванеў ад натугі, і ў гэты момант у калідоры нарадзіўся звонкі дзявочы голас:

— Что, папенька, намедни снова накушались? Уж, поди, и черти мерещатся?

— Молчи, дура, — буркнуў пахмельны пакутнік і, успёршы на столік нагу з напаўсцягнутым ботам, загадаў: — Ташшы!

— Кокоток своих попросите. Пусть они вам сапоги стаскивают. Тратите же вы на них по сотне за вечер…

Нікандар Іванавіч рашуча сцягнуў бот, збіраючыся шпурнуць ім у дачку, але Марфа хуценька прычыніла дзверы, пабегла па рыпучых сходах на другі паверх.

— Прости мя, Господи, грешнаго! — пралепятаў Нікандар Іванавіч, перахрысціўшыся на партрэт памерлай жонкі.

Нага ў боце добра-такі ўпрэла, а батыставыя анучы струменілі цяжкі дух. Нікандар Іванавіч калупнуў бруд паміж пальцаў правай нагі, і лоб ягоны прабаразнілі глыбокія маршчакі.