Увечары адключылі святло, і мы ўтрох — бацька, маці і я — сядзім ля акна. Пагром не сціхае: па вуліцы па-ранейшаму бегаюць узброеныя палкамі і жалезнымі прутамі зграі «фалангістаў» ды шугаюць на конях «калакутасы». А калі сцямнела, на скрыжаванні залескатаў гусеніцамі савецкі танк. Той самы, з гнутымі трубамі ля вежы.
— Няўжо саветы вярнуліся? Можа, не пойдзем на могілкі?
— Паглядзім, — бурчыць бацька. — Танкі з Новай Вялейкі прыехалі. Там у саветаў вайсковая база. Няйначай, літоўцы папрасілі дапамогі.
Паслязаўтра Задушкі. Гэтым днём мы ўсёй сям’ёй наведваем Петрапаўлаўскія могілкі, дзе пахаваная цётка Люцыя, матчына сястра. Яна памерла маладой, і я бачыў яе толькі на фотаздымках. Помнік на цётчынай магіле скасабочыўся, і бацькі з лета збіраюцца яго падправіць. І вось Задушны дзень на носе, а помнік дагэтуль стаіць пакарабачаны.
Ноччу доўга не магу заснуць. У свядомасці гучаць крыўдныя словы Міцькі Шверубовіча, і я кручуся з бока на бок на шышкаватым сенніку. Маці нават уставала і мацала лабешнік. Раніцою абуджае бацькаў воклік:
— Сядзі дома, зачыніся на два замкі і нікому не адчыняй! Чуеш?
— Чую, — адгукаюся з неахвотаю і вомігам засынаю.
Ды як тут паспіш, калі ў дзверы стукаюць — спачатку два разы, а затым, пасля паўзы, яшчэ раз. Юзік!
— Сёння на Росах збіраюцца, — задыхана прамаўляе Рыдз, — а адтуль у цэнтр рушаць.
На могілках Роса пахаванае сэрца Пілсудскага, і штогоду, першага лістапада, там ладзяць урачыстасці ў гонар «начэльніка паньства». Ад кожнай школы выбіраюць па дзесяць вучняў, яны збіраюцца на пляцы каля магільнай пліты, шыхтуюцца і, укленчыўшы на правае калена, слухаюць казані пра тое, як Пілсудскі ўратаваў у 1920-м годзе Еўропу ад усходніх варвараў. Мне, аднак, аддаць гонар ратавальніку Еўропы не даводзілася. Замалы яшчэ. Але на ўрачыстасцях аднойчы прысутнічаў. Чорная пліта, пад якой пахаванае сэрца Пілсудскага і ягоная матка, месціцца перад каменным мурам. Мы з Міцькам на яго ўзлезлі, каб лепей бачыць урачыстасць, а паліцыянт нас сагнаў. На могілкавы мур нельга ўзлазіць, бо гэта святая мясціна.
— Ну ты як? Ідзеш? — сябар з нецярплівасцю тупае ля парогу.
Чухаю свярблівую макаўку. Усё ж такі бацькі загадалі сядзець дома. Ды прыгадваю словы Міцькі Шверубовіча і рашуча выдыхаю:
— Іду!
Рэкламную тумбу шчыльна атачылі месцічы. Літоўцы павесілі свае распараджэнні, і іх услых і навыперадкі чытаюць.
— «Пачынаючы з трэцяга лістапада ў горадзе Вільнюсе будуць арганізаваныя грамадскія працы. Часовае працаўладкаванне грамадзян будзе ажыццяўляцца пасля адпаведнай рэгістрацыі…»
— А што за працы? — крычаць з усіх бакоў. — І дзе рэгістравацца?
— На біржы! — гукаюць ім у адказ, а тым часам хтосьці непракерханым голасам чытае распараджэнне Літоўскага банка пра абмен польскіх грошай.
— А як мяняць збіраюцца?!
— Літ за пяць злотых!
— А з банкаўскіх рахункаў будуць мяняць?
Міжволі наструньваюся. У нас ляжаць невялічкія грошы ў банку. Паклалі, як лаварышкаўская бабуля цялушку прадала. Аднак у тым вэрхале пра банкаўскія рахункі нічога не дачуўся.
— Учора габрэяў білі, — паведамляе сябар, калі мы прамінаем шпіталь. — Шмат параненых прывезлі.
Усе ходнікі засыпаныя бітым шклом, а ў паветры бухматымі сняжынкамі лётае пух. Успаролі, відаць, сеннікі ды падушкі. Габрэйскія крамы спрэс разбітыя, а ў краме Ліўшыца вокны пазначаныя пасмамі чорнай сажы. Дзіўна, чаму «фалангісты» ваююць не з літоўцамі, а з габрэямі?
— Сволачы твае «фалангісты», — я паслізгваюся на кавалках шкла. — Тут Ліўшыц абаранкі прадаваў. Цэлыя горы былі насыпаныя. А зараз галавешкі валяюцца.
— Ты што, забыўся, як габрэі саветы сустракалі? Як мітынгі ладзілі ды аркестры гралі? А потым у рабочую гвардыю падаліся. Адзін такі падышоў да маёй маці і крыкнуў, асцой пырскаючы: «Усё, пшэкі, скончылася ваша панаванне!» А ў маткі ўжо скура з пальцаў злезла ад мыцця.
— І што, стары Ліўшыц, які хлебную краму трымае, у падсабачнікі падаваўся і карабінам перад тваім носам размахваў?
Твар Юзікаў крывіць гімора. Учора сябар паведаміў, што збіраецца запісацца ў «Фалангу».
— У падручніку напісана, што Пілсудскі на Вавелі пахаваны, — сябар вырашыў змяніць тэму размовы. — А што тады за магіла на Росах?
— Там сэрца пахаванае, і матка ягоная.
— А беларусіны любяць Пілсудскага?
— А за што яго любіць? Абяцаў беларусам школы ды ўніверсітэты, а што даў? Лукішкі ды Картузы? — прыгадваю словы дзядзькі Янкі.