На ўрачыстасць мы спазніліся, бо не паспяваем прайсці ста метраў па Каляёвай, як у паветры залунала, што той птушыны грай, шматгалосая гамана, і з бакавога завулка выйшаў людскі натоўп.
— Ешчэ Польска не згінэла… — дрыготкім голасам заспявала нейкая дзеўчынёха, людская гурма падхапіла гімн, і я далучыў свой голас: «Але згінонць мусі, кеды москаль не побіе, то холера здусі» Гэтак спяваў польскі гімн падпіты дзядзька Янка.
— Вы, беларусіны, такія ж ворагі Польшчы, як і жыды! — крычыць Юзік і подбегам рушыць насустрач грамадзе.
— Бяжы, бяжы, «фалангіст» сраны, — гукаю яму ўслед па-беларуску і шыбую на Вастрабрамскую.
Дзядзька Янка казаў, што «фалангісты» ненавідзяць не толькі габрэяў, але і беларусаў, таму і няма ахвоты да іх далучацца.
Брук на Вастрабрамскай няроўны, шмат дзе прасеў, і я ўвесь час спатыкаюся. А можа, ногі заплятаюцца ад адчування, што следам за мною рушыць гаманлівы натоўп?
— Літоўцы, вяртайцеся ў Коўна! Прэч жмудзякоў з Вільні! Прэч жыдоў і камуністаў! — стагалоса скандуе грамада.
Прыспешваю крок. Трэба адарвацца ад натоўпу, бо могуць наляцець «калакутасы», і тады апынуся паміж двух агнёў — паліцыяй і дэманстрантамі.
Пад Вострай Брамай здымаю шапку. Тут, як заўжды, сядзяць жабракі, а пабожныя бабці бясконца жагнаюцца ды цалуюць пашарпаныя сцены. Пабачыўшы людскую грамаду, бабці хуценька хаваюцца ў галерэю, што лучыць Браму з касцёлам.
Я ўжо не іду, а бягу, намагаючыся вырвацца з вузкай вуліцы на Ратушны пляц, і бачу паліцыю на конях.
— Дзяўчаты назад, хлопцы наперад! — крычаць пад брамай.
Коні аглушальна цокаюць капытамі. Ціснуся да касцельнай сцяны, і ў нос б’е моташны пах конскага поту. Конь зусім побач. Шугае па твары хвастом. Мяне «калакутас» не чапае, але да яго падбягае той самы маладзён, што прамаўляў на Замкавай, хапаецца за збрую, «калакутас» замахваецца гумовай палкай, уваччу бліскае маланка і наступае цемра. Вушы заклала пульхнай ватай, і халодная млосць падступіла да горла.
— Эй, хлапчына… ці жывы ты? — пытаюцца «простай мовай» і злёгку б’юць па шчоках.
З цяжкасцю размежваю павекі. З крывавага туману выплывае старая бабця ў белай хустцы.
— Ну і антыхрысты, — прабіваецца скрозь замарачны шум жаночы голас, — падлеткаў б’юць.
— Выпадкова атрымалася, — бабця падцягвае ражкі белай хусткі. — Паліцыянт замахнуўся палкай на студэнта і шпорай хлопцу ў твар патрапіў.
— Літоўцаў абараняеце? — гучыць старэчы голас.
— Не кажыце абы-што. Дапамажыце лепш хлапчыну ў касцёл занесці.
Мяне падымаюць за рукі і ногі, пры гэтым бабуля прытрымлівае рукой маю патыліцу, нясуць па сходах. «Касцёл святой Тарэсы», — мільгае ў галаве.
У касцельным прыцемку робіцца лягчэй. Галава ўжо так не кружыцца, і я магу свабодна дыхаць. Ляжу на лаве. Уваччу паўстае хтось белы. Здаецца, гэта той самы ксёндз, які калісьці мяне напужаў.
— Трэба ў шпіталь весці, вусну зашываць. Магчыма, і зубы выбітыя. Бяжы да ратушы і вазьмі рамізніка. Толькі арнат не здымай, у ім цябе не зачэпяць, — загадна кажа некаму ксёндз.
Чуюцца ўсхліпы і аднастайнае мармытанне. Непадалёку стаіць купка жанчын.
— Кім естэсь? — бабулька падцягвае ражкі белай хусткі. Яна ўжо гамоніць па-польску.
Мне цяжка нешта сказаць, бо не магу адкрыць рота. І ўсё ж, глынуўшы цёплай крыві, шапяляю:
— Беларус.
— А дзе-етухна ты мая, — спеўна і зноўку «простай мовай» азываецца бабуля. — У мяне ж зяць беларус. Усё бегаў з улёткамі ды нейкіх школ дамагаўся. І ў Лукішкі патрапіў. А перад самай вайной ва Уронкі перавялі. Так і згінуў недзе…
— На Замкавай гранату кінулі. Паліцыянта забіла, — здушана, бо ў касцёле нельга гарлаць, гукаюць ад увахода.
Жанкі пачынаюць няголасна спяваць.
«Гэта браты Філіпавы. Яны гранату шпурнулі», — з гэтаю думкаю заплюшчваю вочы і згадваю Міцьку Шверубовіча. Пасля шпіталя пайду не дахаты, а да Чаплі.
— Да Чаплі, — шапчу скрываўленымі вуснамі, спрабую адарваць галаву ад лавы, і бабуля, падумаўшы, што я трызню, жагнаецца і плаксіва выдыхае: «Мудлісен за намі, Матка Боска Міласэрна…»
Як добра быць паэтам!
Ад самай раніцы ў дзверы пазванілі. Ігнат паспрабаваў расплюшчыць павекі, але яны заліплі і давялося раздзерці пальцамі. Званок паўтарыўся, пры гэтым гучаў настойліва і нецярпліва.
— Заяц, — шапянулі сасмяглыя вусны.
Вохкаючы, Ігнат споўз з ложка, заляпаў босымі нагамі.
Зайца, суседа з пятай кватэры, ён напачатку не пазнаў. Асыпаны ластаўчыннем твар набух, як рошчына ў дзежцы, і вачэй амаль не было відаць.
— Пятровіч… ратуй, — сіпла выдаў сусед.