— Мяне самога трэба ратаваць, — адказаў Ігнат, — поўны галяк, не ведаю, як дажыць да авансу.
— Пятровіч… памру… дай хоць на піва.
Пятровіч вылаяўся, зайшоў у пакой, доўга шнарыў па кішэнях штаноў.
— Вось, усё, што маю, — далонь у Зайца дрыжэла, і некалькі манет пакаціліся па падлозе.
Сусед ужо абрыд сваімі прыходамі, але ж такога не выганіш. Патрэбны чалавек! Хоць і апівуда, але рукі мае залатыя. Калі ў кватэры нешта псуецца — кран працякае ці трубу забівае, — Ігнат звяртаецца да Зайца, і той усё даводзіць да ладу. А літаральна пару дзён таму павесіў новую люстру, яшчэ раней прымацаваў карніз на кухні і прыбіў дыван у спальні. Карацей, проста так ад Зайца не адмахнешся, і даводзіцца раз-пораз пазычаць рубель на пахмелку.
Выправіўшы госця, Ігнат зноўку грымнуў на ложак. Але не паспеў змежыць вочы, як на кухні з той жа патрабавальнасцю, як і дзвярны званок, азваўся будзільнік.
На мінулым тыдні Ігнат адзначаў у рэстаране свой дзень народзінаў і збаёдаў семдзесят рублёў. А ўчора добра пасядзелі з паэтам Бурносам. Так што грошы былі прапітыя, а з кніжкі здымаць не хацелася. Сёння ж трашчала галава, уваччу мітусіліся мятлікі і цягнула на ваніты. Але нічога не паробіш: трэба было цягнуцца ў рэдакцыю.
Працаваў Ігнат загадчыкам аддзела лістоў у гарадской газеце. Праца ўвогуле не пыльная, ды ўсе гэтыя ідыёцкія лісты, якіх на дзень прыходзіла па пяць-шэсць штук і на якія трэба нейкім чынам рэагаваць, Ігнату страшэнна ўстылі. Да таго ж ён мусіў рыхтаваць штомесячныя літаратурныя старонкі. Ігнат наогул лічыў, што такая сціплая пасада не адпавядае яго інтэлекту і адукацыі, хаця сам скончыў не ўніверсітэцкі журфак, а ўсяго толькі педінстытут, і тое завочна.
Убіўшыся ў кухню, загадчык аддзела запарыў цэйлонскай гарбаты і потым доўга піў, стукаючы зубамі аб край кубка і выціраючы кухонным ручніком буйны пот з лабаціны. Гарбата дапамагла. Патыліца ўжо не шчымела, як раней, галава не кружылася, і Гнат, спехам пагаліўшыся, рушыў на працу.
— Да вас, — паведаміла сакратарка Анюта, калі Ігнат увайшоў у рэдакцыю, і з гуллівай усмешкай на твары кіўнула ў бок наведніка ў куртатым, ці не з чужога плечука, пінжаку. Мужчына быў сталага веку і трымаў у руках вучнёўскі сшытак. Павітаўшыся, Ігнат адчыніў кабінет, запрасіў наведніка ўвайсці.
«Ваенны пенсіянер… мемуары прыцягнуў», — позірк слізгануў па ордэнскіх калодках на куртатым пінжаку.
На мінулым тыдні ўжо давялося адбівацца ад мемуарыста, які прынёс у рэдакцыю дробна спісаны агульны сшытак. У ім, на першай старонцы (зрэшты, Ігнат толькі яе і прачытаў), апавядалася, як партызаны знішчылі ў начным баі сорак гітлераўцаў. «Матэрыял цікавы, але газета друкаваць такія аб’ёмы не ў стане», — паведаміў тады мемуарысту, параіўшы звярнуцца ў які часопіс. Яшчэ і адрасы часопісаў на паперчыне напісаў. І вось новая злыбеда.
Ігнат сеў, памасіраваў скроні. Галава была сунялася, цяпер ізноў забалела. Дрогкія пальцы падхапілі сшытак, і боль у скронях адразу ж аціх: у сшытку былі не партызанскія байкі, а вершы. Ігнат лізнуў палец.
«Была вайна, успомніць страшна, калі нас немцы занялі. І мы у схватцы рукапашнай яго, сябры, перамаглі…» — Ігнат скасіў вока на самадзейнага паэта, перагарнуў старонку.
«Шчаслівы я, што жыву ў краіне, краіне міру і дабра. Яе ніколі я не кіну…» — «Хаця і кінуць ўжо пара», — мільганула ў Ігнатавай галаве.
«Мая вялікая Радзіма, яна у сэрцы не змясціцца. Не трэба мне фантанаў Рыма…» — «А дайце лепш апахмяліцца», — амаль уголас прашаптаў Ігнат і дзьмухнуў пад нос, прыбіраючы валасы з лабаціны.
— А вы ваявалі?
Такое пытанне наведніка, як бачна, збянтэжыла.
— Гадоў не хапіла. — Памаўчаўшы, наведнік няўцямна дадаў: — Быў партызанскім сувязным.
Ігнат спрытным рухам закінуў чупрыну на патыліцу. Па ягоных назіраннях, партызанскімі сувязнымі былі той парой нават немаўляты.
— Над вершамі варта папрацаваць. У такім выглядзе даваць у газету не можам, — загадчык аддзела працягнуў сшытак, вершаплёт яго з гатоўнасцю падхапіў, пры гэтым па твары прабегла падступная ўсмешка і вушы злёгку зварухнуліся. Вушы ў наведніка мелі дзіўную брунатную водцень. Складалася ўражанне, што іх выразалі з кардону і прыляпілі да галавы.
Ігнат пацёр потныя далоні. Гэта ж трэба — так лёгка адбіўся ад вершаплёта! Стрымана кракнуўшы, ён з натхненнем пацягнуў шуфляду стала, якая была забітая лістамі працоўных. Напачатку перапісаў начыста допіс юнкара пра піянерскую «Спартландыю»; потым узяўся за калектыўны ліст жыхароў дома № 3 па вуліцы Патрыса Лумумбы — у доме працякаў дах; нарэшце стаў даводзіць да ладу скаргу нейкай пенсіянеркі, якая паведамляла, што будаўнікі, пракладаючы камунікацыі, зламалі ў двары дома пясочніцу. Знянацку дзверы кабінета рыпнулі, і ў дзвярной пройме ўзнікла адвечна незадаволеная пыса рэдактара.