Выбрать главу

«А сапраўды, колькі ж я ўчора збаёдаў?» — панурая думка пачала блукаць па мазгавых звілінах, не знаходзячы выйсця.

Дзвесце рублёў прайграў у карты Міхельсону, гэта ён добра памятаў. Столькі ж пакінуў у «Канстанцінопалі». А дзе пакінуў яшчэ паўтысячы — пра тое сонная памяць маўчала. Лапахін уздыхнуў, са скрухай падумаў, што дзве ўтрыманкі — відочны перабор, і вырашыў больш з імі не сустракацца.

У верхнім пакоі зайграў раяль. Выдаў пару акордаў, аціх, сходы зноўку рыпнулі, і ў дзвярах паўстала цыбатая постаць князя Звездзіча — дваццацігадовага Марфінага кавалера.

— Может, Никандр Иваныч, за сельтерской послать аль огуречного рассолу принести? — кавалер іранічна ўсміхнуўся і, лізнуўшы палец, стаў гартаць кнігу, якую трымаў у руках.

Увесну маладога князя выгналі пасля студэнцкіх хваляванняў з універсітэта, і цяпер ён дзень пры дні тырчаў у Марфы. Спяваў рамансы, чытаў вершы, маляваў Марфіны партрэты, але ў кабінет гаспадара завітваў толькі тады, калі трэба было прымірыць дачку з бацькам.

Лапахін сцягнуў бот з левай нагі, збіраючыся годна адказаць абібоку, ды нечакана страсянуў віслай чупрынай і ўзняў угору ўказальны палец. За акном, напалову захінутым лапушыстай манстэрай, нарадзіліся няўцямныя зыкі, якія праз хвілю ператварыліся ў раскацісты пошчак.

— У Михельсона, похоже, вновь шалят, — з задавальнен­нем у голасе прамовіў Лапахін, ідучы да акна.

За звонкай шыбай, у сутонні шэрага дня, мільгалі сінія казацкія фуражкі і ўвішныя конскія капыты гучна білі па бруку.

Міхельсонаўскі завод быў самым бунтоўным у губерні, і казакі гойсалі туды ледзь не штодня. І хаця ўчора, калі гулялі ў карты, Міхельсон выхваляўся, што перасадзіў усіх бунтароў, гэта, як бачна, не дапамагло.

Пазіраючы на казакоў, Лапахін пацёр далоні, ды, перахапіўшы гуллівы позірк Марфінага кавалера, сумеўся, зварухнуў барадой:

— Что у вас за книга?

— «Социальный переворот». Сочинение господина Каутского, — адказаў князь, перагарнуўшы старонку.

Сказана гэта было з лёгкай іроніяй, маўляў, літаратура не для простых глуздоў, і Лапахін, не прызвычаены да такіх абыходзінаў, каўтнуў прыпраўленую жоўцю асцу.

— Вот такие Каутские и мутят народ.

— Ну зачем же так обобщать? — усё з той жа іроніяй прамовіў Звездзіч. — Автор книги вполне респектабельный господин, живёт себе в Германии, никого не трогает… — невядома, што б яшчэ казаў князь у абарону германца, ды тут бразнулі дзверы і пачуўся зрывісты Марфін голас:

— Аркадий, поторопись! В цирк опаздываем!

«Вось яна, сучасная моладзь, — падумаў Лапахін, праводзіўшы позіркам гладкую спіну патэнцыйнага зяця, — удзень па цырках цягаецца, увечары розных прайдзісветаў чытае, а ўночы ўлёткі раскідвае».

— Тфу, бля… — падвёў вынік сваім думкам Лапахін і засяродзіўся на цёмнай скрыні тэлефона. Лёгкі непакой зварухнуўся на дне душы. Казакі, зрэшты, маглі ехаць і на ягоны завод. Рука нерашуча зняла слухаўку, ды неўзабаве вярнула на месца. «Калі б што надарылася, Нольд пазваніў бы», — супакоіў сябе фабрыкант, крутнуў корбу адбою і гукнуў праз фортку вазніцу Мітрафана.

Буланы жарабок з шырокай грудзінай і падхорцістым чэравам неспакойна тузаў брычку, круціў пысай, і Мітрафан, каб суняць рысака, ляпаў таго па крыжы і суцішна мацюкаўся.

— Чё он? — запытаўся Лапахін, ляснуўшы па сцягне лайкавымі пальчаткамі.

— Перепугалси, Никандр Иваныч, — вазніца нацягнуў аброць. — Барин с Марфой Никандровной со двора выезжали… и прям’ на него поехали-с. А он же у нас автомобилей страсть как боится. Пугливай, даром что рысак.

Нікандар Іванавіч з афіцэрскай павольнасцю нацягнуў пальчаткі, зірнуў на адчыненую фортку, адкуль вырывалася на прасцяг тэлефоннае зумканне, і, ускочыўшы ў брычку, каротка загадаў:

— В контору.

Халодны вецер ударыў у лоб, казытнуў скроні, убіўся за каршэнь, напорлівым струмком прайшоўся па хрыбеціне. Гэта ўзбадзёрыла, праясніла галаву і вярнула ў яе сякія-такія згадкі з учарашняга вечара. Лапахін згадаў, як нейкая голая дзеўка скакала па пакоі, прыкрыўшы ніз жывата летнім капялюшыкам, але хто гэта быў — Мацільда ці Кацька, — згадаць не даваў рады.

Конік бег жвавай рыссю, матляючы галавой і скаланаючы Малую Пад’ячаскую зласлівым пырханнем. Міма з урачыстай паважнасцю праплылі тэатр «Ілюзіён», зельня Сліёзберга са сваёй адвеку перакрыўленай шыльдай, даходны дом купца Сабакіна, у якім жылі акцёры ды мадысткі і перад якім, як заўсёды такім часам, таўкліся гімназісты. Каля банка Харбінскай кампаніі брычка запаволіла бег, і Лапахін стукнуў нагой па козлах: