Выбрать главу

— Сцяпан Зайцаў?! Дык я цябе не так даўно чытаў! — Сталяронак згадаў назву і нумар часопіса. — Выдатная падборка!

Аўтар часопіснай падборкі вінавата ўсміхнуўся.

— Прозу спрабаваў пісаць? — запытаў калега, калі падымаліся на свой паверх.

Не ведаючы, што адказаць, Сцёпка таргануў плячом.

— А я вырашыў паспрабаваць. Думаў, рыфму не трэба шукаць — буду гнаць па пяць старонак у дзень. А прозу, аказалася, пісаць цяжэй, чым паэмы.

Сцёпка прыехаў з пустымі рукамі, толькі вершы пхнуў у кішэнь, а ў калегі быў важкі сакваяж, адкуль той спачатку выцягнуў электрабрытву, а потым пакунак з накроеным хлебам ды салам.

— Частуйся, — прапанаваў новы знаёмца, і Сцёпка не без задавальнення падхапіў акраец хлеба з кавалкам сала. Сала было густа пасыпана кменам і проста раставала ў роце.

— Не спознімся? — няўцямна, з набітым ротам, спытаў Сцёпка.

— Не хвалюйся. Я ўжо другім разам на семінар прыязджаю. Сёння галоўнае — адзначыцца, а там ідзі гуляй. Ніхто і слова не скажа. Гэта заўтра, як пачнуцца заняткі па секцыях, і калі будзем свае вершы чытаць, трэба сядзець ад званка да званка.

Паэты выйшлі з гасцініцы, узышлі на мост, налеглі жыватамі на парапет. На доле, разам з дробнымі крыгамі, плылі пустыя бутэлькі, абламанае вецце ды розны хломазд.

— Вады сёлета як завязаць, — бліснуў белымі зубамі Сталяронак. — І ў нашым пасёлку рака разлілася. Дзве вуліцы заліло. Па адной хоць на лодках плыві.

Яны даволі доўга ішлі па горадзе, прычым жвавай хадой, і Сцёпка ледзь паспяваў за спадарожнікам. Нарэшце той спыніўся, тыцнуў пальцам у бок шэрага трохпавярховіка:

— Тут!

Скінуўшы ў шатні верхнюю вопратку, Сцёпка прычасаўся пазычаным у Сталяронка грабянцом, і яны ўзбеглі па сходах. На другім паверсе, перад дзвярыма, якія вялі, праўдападобна, у залу, стаяў стол, за якім сядзела мажная кабета.

— Чаму так позна? Семінар гадзіну як пачаўся, — паўшчувала іх кабета.

— Пятнаццаць хвілін як з цягніка… бегма беглі… усю ноч не спалі, — навыперадкі загаманілі літаратары.

— Гэта хто ў нас? Сталяронак і Зайцаў? — кабета запісала іх прозвішчы ў журнал, і паэты цішком увайшлі ў залу.

У зале панаваў прыемны помрак, а вось сцэна зырка свяцілася. За сталом прэзідыума сядзела пяць чалавек. Яшчэ адзін, падсветлены фіялетавым святлом, ад чаго быў падобны на тапельца, стаяў ля моўніцы і штосьці чытаў з паперкі. Хлопцы прымасціліся на апошнім радзе.

— Нашы пісьменнікі па-ранейшаму нясмела, з аглядкай падступаюцца да такой важнай для літаратуры тэмы, як тэма рабочага класа. Літаратары не паказваюць напоўніцу стваральнай працы савецкіх людзей, ім па-ранейшаму не хапае смеласці, не хапае жыццёвага досведу каб паказаць чалавека новай псіхалогіі, народжанай у працэсе пабудовы камуністычнага грамадства. А таму партыя заклікае творцаў ісці ў працоўныя калектывы і вытворчыя цэхі, каб вывучаць жыццё ва ўсіх яго праявах, — «тапелец» на імгненне змоўк, прыклаўся да шклянкі з вадой, і зноўку ўзяўся чытаць — голасам нудотным і невыразным. Голас паволі аддаліўся, і Сцёпку стала адольваць дрымота. Дзіва што. Прачнуўся а шостай раніцы, каб паспець на цягнік. Ды і спаў кепска — хваляваўся перад паездкай. Яго абудзіў штуршок пад скабы.

— Храпеш, — прашаптаў Сталяронак.

Хвілін пятнаццаць небарака змагаўся з дрымотай, нарэшце прамоўца сышоў са сцэны, і Сцёпка на радасцях ударыў у ладкі, ды так гучна, што некалькі «семінарыстаў» глянулі ў ягоны бок.

Наступным да моўніцы падышоў чалавек, падобны на цырульніка — у паласатым пінжаку і з рэдкімі вусамі пад глюгастым носам. У адрозненне ад «тапельца», «цырульнік» загаварыў гучна і ненатуральна натхнёна. Яго, відаць, адмыслова выпусцілі, каб узбадзёрыць залу.

— Месяц таму я выдаў сваю першую празаічную кніжку. Яна для мне вельмі дарагая. У ёй згадваюцца выдатныя людзі, чые шляхі-дарогі пралеглі праз наш горад. У прыватнасці, цэлы раздзел прысвечаны Аляксандру Сяргеевічу Пушкіну.

— Хто гэта? — пацікавіўся Сцёпка.

— Мясцовы паэт. Піша і чытае бойка, але паэзія неглыбокая.

Мясцовы паэт прачытаў тузін сваіх вершаў. Пасля кожнага з іх Сцёпка ўжо зусім шалёна біў у ладкі. Хоць вершы, калі даваць веры Сталяронку, былі і неглыбокія, але ж разагналі дрымоту.

Праз гадзіну абвясцілі перапынак, і Сцёпка выйшаў з залы, ціснучы цёплую далонь да халоднага чэрава. Ён упершыню сядзеў на семінары, таму з нязвычкі ў чэраве забурчала. Калега таксама быў пахмурны і ўтрапёна, нібыта шукаючы некага, глядзеў па баках.