— Зараз кухаль піва б не перашкодзіў, — летуценна, без усялякай спадзеўкі, прагугніў Сцёпка.
— Можна і чаго мацнейшага, — з гатоўнасцю да дзеі азваўся Сталяронак.
«Наш чалавек», — падумаў Сцёпка. Калега яму ўсё больш і больш падабаўся. Не згаворваючыся, яны падаліся ў шатню. Сцёпка спехам насунуў жакардавы плашч, Сталяронак балонневую куртку і, не зашпіліўшыся, удзельнікі семінара вылецелі на вуліцу.
У бліжэйшым гастраноме давалі «Яблычнае» за рубель-сямнаццаць. Прыйшлося патаўчыся ў чарзе, злёгку палаяцца і нават адпіхнуць рабацягу, які стаяў за іхнымі спінамі і ватоўка якога была перапэцканая ў нешта белае — ці то ў гашаную вапну, ці то ў курынае гаўно.
— Куртку першы раз надзеў, і адразу завэдзгаў, — прабубніў Сталяронак, калі, распіхаўшы па кішэнях бутэлькі, выйшлі з гастранома. Калега плюнуў на далонь, пацёр рукаво і па-камандзірску рашуча выгукнуў: — Курс на гасцініцу!
Нечакана з-за аблачын зірнула сонца — яны якраз ішлі па мосце, — і прыяцелі зноў спыніліся ля парапета, пазіраючы на раку, якая бліскала зыбкімі, падобнымі на рыбіну луску, хвалямі і ружавела на даляглядзе.
— Слухай, а на якую халеру папрэмся ў гасцініцу? Сядзем лепш дзе-небудзь на беразе, на раку паглядзім. Пагатоў, прырода шэпча, — прапанаваў Сталяронак.
Спусціўшыся з моста, літаратары пашыбавалі набярэжнай вуліцай. Гарадская забудова неўзабаве скончылася, пачаўся прыватны сектар, і яны прыгледзелі ўтульную мясціну. Тут ужо і да іх ладзілі бяседы: пасярэдзіне невялічкай паляны чарнела выжарына ад цяпельца, ляжала таўсценнае бервяно, а наўкол бліскалі алюмініевыя накрыўкі ад бутэлек.
Сцёпка падабраў крыссе плашча, сеў на бервяно, агледзеўся. Рака ў гэтым месцы рабіла паварот, віравала бурунамі, а сонца глядзела з чыстага неба, заліваючы наваколле пяшчотным мядовым святлом і ласкава грэла спіну. Сцёпка даўно не пачуваў сябе так утульна і лагодна, як тут, на беразе хуткаплыннай ракі.
Сталяронак расклаў на сухой траве бутэлькі, выцягнуў з курткі пластмасавы кубак-складанчык.
— Спадарожнік літаратара, — пажартаваў калега.
Піць з пластмасавай пасудзіны было ўдвая прыемней.
— Ты да паэмы падступаўся? — спытаў Сталяронак, калі агоралі трэцюю бутэльку. Язык у бяседніка крыху заплятаўся.
Сцёпка хвіліну глядзеў на варону, якая плыла па рацэ, седзячы на крызе, нарэшце ачуўся, нецвяроза прамармытаў:
— Добра, што мы збеглі.
— А што там рабіць? Розную лухту слухаць? — абурыўся Сталяронак. — Ён пра Пушкіна напісаў… той, нібыта, міма нас на паштовай карэце праехаў. Ну праехаў… і што з таго? Можа, нават пасцаць выходзіў? Дарэчы, і мне не перашкодзіць, — калега падхапіўся з бервяна і, расшпільваючы на хаду прарэх, падаўся да берага.
Сцёпка тым часам пазяхнуў на ўсю губу ды так і застыў з разяўленым ротам. Сталяронак, які кагадзе стаяў на краі абрыву, раптам знік. Ачмурэлы, на паўсагнутых нагах, Сцёпка падбег да ракі і ўбачыў, што бераг абрынуўся, падмыты рачной плынню, і што калега боўтаецца ў вадзе, спрабуючы ўхапіцца за камлыжыну, разам з якой абрынуўся. Камлыжына рассыпалася, Сталяронак з галавой пайшоў над ваду і вынырнуў метрах у дзесяці правей ад абвалу. Ігнат стаў спускацца да вады. Бераг быў гліністы, слізкі; небарака з’ехаў па ім, як на іртах і, па прыкладзе калегі, з галавой нырцануў у ваду. Цела апаліла халадэча. У першае імгненне Сцёпку падалося, што патрапіў у апраметную, а калі вырваўся з палону ледзяніста-пякучай вады і глынуў паветра, дык убачыў свой капялюш, які круцілі віры. Плынь адносіла на сярэдзіну ракі. Ён загроб абедзвюма рукамі і з жахам адчуў, што крануўся нечага жывога. Гэта была нага Сталяронка. На ёй ужо не было туфля. Сталяронак гракнуў, і крык гэты пакрыла адчайнае булькаценне. З апошніх сіл Сцёпка схапіўся рукой за кусцік. Ногі не даставалі да дна. Ён азірнуўся. Калега плыў па рацэ, прычым даволі дзіўным чынам. Спачатку з галавой хаваўся да ваду, а потым, раскрыліўшы рукі, вырываўся з яе па самую грудзіну. Так плавалі на Алімпійскіх гульнях, якія летась паказвалі па тэлебачанні. Рукі дарэшты скарчанелі. Сцёпка ўшчаперыўся ў куст зубамі. Куст адарваўся з коранем, і малады літаратар, з кустом у зубах, паплыў, па-сабачы перабіраючы рукамі. Пакуль плыў, калега ўжо выбраўся на край гліністай касы і адхаркваўся тванню. Сцёпка выплюнуў куст, задышліва гойкнуў:
— Руку дай!
Замест рукі калега працягнуў нагу без туфлі, Сцёпка схапіўся за калашыну і Сталяронак зноў бухнуўся ў ваду.
…Яны доўга ляжалі на леташняй траве, не даючы рады падняцца. Абодвух калаціла.
— Трэба ісці… рухацца трэба… іначай акалеем, — Сталяронак дробна ляскаў зубамі.