Выбрать главу

«А можа, гэта тая ведзьма, пра якую казаў Васька?» — мільганула ў галаве, і ў той жа міг да вушэй даляцела плясканне вады ў лужынах. Гэта Кончыц сігануў па калюгах, гучна ляпаючы кірзачамі і махаючы дзеля балансіроўкі рукамі.

Мішка кінуўся следам. Спачатку чыкіляў з чаравікам у руцэ, затым, скачучы на адной назе, паспрабаваў насунуць абутак, паваліўся, сяк-так абуўся і даў такога дзерака, што вомігам дагнаў Ваську, хоць той і быў чэмпіёнам інстытута па спрынце. Здавалася, ведзьма вось-вось учэпіцца ў каршэнь сваімі кашчавымі пальцамі. Прымроілася нават, што гэта бібліятэкарка, перакінуўшыся ў ведзьму, бяжыць за ім, каб перагрызці глотку.

Змораныя, яны спыніліся перавесці дых. Навокал ужо былі не кусты, а голае поле, і ў разрэджанай цемрані, на дарозе, і сапраўды штосьці краталася. Але цяпер гэтае самае «штось­ці» ўжо не здавалася такім жахлівым і неўзабаве азвалася жаласлівым бляяннем.

— Авечка, — выдыхнуў Анана, адчуўшы, што схаладнелае сэрца, якое імгненне таму гатовае было выскачыць вонкі і гучна бомкала ў вушах, сунялося і стала цёплым.

Па дарозе бег вялізны, з белай мецінай на пакатым лобе, баран. Ён быў увесь у дзядоўніку, а ў завіткі рагоў убілася лісце. Рагаты свавольнік блізка не падышоў. Спыніўся непадалёку і, з недаверам крутнуўшы галавой, прывітаў падарожных:

— Бе-э-эээ.

— Дык гэта ж Яшка, у маёй гаспадыні жыве, — жвавым голасам прамовіў Анана. — Тры дні як знік. Дзе толькі не шукалі.

Пачуўшы сваё імя, баран подбегам кінуўся да Мішкі. Пазнаў сваіх, бо Анана пару разоў частаваў яго скібкай хлеба.

— Ну і напужаў ты нас, браток, — Мішка зняў з барановых рагоў пажухлае лісце. — Гаспадыня з ног збілася, цябе шукаючы, а ты немаведама дзе цягаешся.

Баран вінавата апусціў галаву.

— Ну добра, пайшлі ўжо. Дома будзеш вінаваціцца, — Анана падхапіў з Яшкавага вуха шышку дзядоўніку і задаволена пацёр далоні. Раней гаспадыня заўсёды наракала, калі ён прыходзіў пад раніцу, а цяпер, пабачыўшы свайго гадунца, магчыма, і пляшку паставіць.

На даляглядзе пазначылася палоска няўтульнага святла. Дарога ішла ўгору, і з кожным крокам відарысы мазалёўскіх хат, якія стаялі на гары, усё яскравей адбіваліся на тле той палоскі.

Мішка зноў згадаў бібліятэкарку, ды думкі ўвесь час перабівала Яшкава бляянне. Баран убачыў родную вёску і брыкліва шыбаваў дахаты, праз кожныя дзесяць метраў спыняючыся і, павярнуўшы галаву, зычным бляяннем падганяючы спадарожнікаў. Але начныя прыгоды спадарожнікаў дарэшты змарылі, і яны з цяжкасцю перастаўлялі ногі. Каля крайняй хаты сябры парукаліся, і Васька Кончыц, панурыўшы вочы, прамармытаў:

— Ты… гэта… не кажы нікому як мы тут бегалі. А то засмяюць, паскуды.

— Ладна, — буркнуў Мішка і, расшпіліўшы ватоўку, памацаў мокрыя падпахі.

Песні ранняй вясны

Под окном у нас растёт красная смородина,

Жизнью радостной цветёт молодая Родина!

«Лірычныя прыпеўкі».

Выканаўца К. Шульжэнка. Запіс 1951 года

Вось жа так бывае: у сярэдзіне сакавіка, калі зямля крыху прагрэецца, калі на вярбе пачынаюць прабівацца катахі, а па праталінах шпацыруюць гракі, выглядаючы якой спажывы, раптам — звычайна сярод ночы — налятае страшная непагадзь з завірухай, сіпатым ветравеем і снежнымі заносамі. І там, дзе надоечы хадзілі гракі, такім часам паўзуць шэрыя дуйкі-вужакі, і гнуцца пад ветрам зледзянелыя галіны вярбы…

Вілен Налівайка ляжаў на тапчане, з галавой накрыўшыся ліхенькай коўдрай, і спрабаваў заснуць. Дзеля гэтага раз за разам лічыў да ста, заціскаў, каб пазбыцца дакучных думак, далонямі вушы, урэшце скідваў коўдру, хапаў свежага паветра і ўражана слухаў, як лютуе за акном сакавіцкая замятуха. Выў, то зласліва, то жаласна, вятрыска; дзынкалі кепска закітаваныя шыбы; пад вокнамі зацята біліся-лапаталі сцягі і штосьці зморана рыпела на гарышчы, усё адно як нейкі дзядок сядзеў там ды здушана крахтаў. І кожнага разу ён уяўляў таго дзядка: кудлатага, зеленатварага, з уедліва-пукатымі зекрамі, і зноўку спалохана хаваўся пад коўдру. Але там, пад коўдрай, яго апаноўвалі яшчэ больш страхаморлівыя відзежы і думкі.

«А як не прыйдуць? Чорт іх ведае, тых палякаў… А то прыйдуць, ды не ўсе… А тут яшчэ дарогі замяло — паспрабуй дабярыся з дальніх хутароў», — і ад такіх думак, а можа ад недахопу паветра, Вілену ў нейкі момант стала не па сабе і ён падхапіўся на ногі. Ціхенька, на дыбачках, падышоў да стала. Трафейны «Mauthe» з фасфарычнымі стрэлкамі паказваў палову на трэцюю. Вілен пацёр павекі, чарговым разам прыслухаўся. Дзядок на гарышчы ўжо не крахтаў, снежныя хлапякі не білі ў шыбу — вецер змяніў напрамак, — але затое штосьці бухнула знадворку, ды так хвацка, што са столі сыпанула парахня. Неўзабаве буханне паўтарылася, і Вілен, нядобрым словам згадаўшы Жвірблю, насунуў на ногі порткі.