— Погоняй!
Паганяць, аднак, не выпадала. Наперадзе, на скрыжаванні трох вуліц, дзеялася штосьці неверагоднае. Там іржалі коні, несупынна квакалі клаксаны, бразгаў званком трамвай, патрапіўшы ў атачэнне конных экіпажаў, і ўся гэтая шумная плойма паволі рухалася ў бок гарадскога саду — туды, дзе імкнуліся ў неба згалелыя таполі, дзе гарлалі, перакрываючы вулічны галас, гракі, дзе грымеў «Ізмайлаўскі марш» і лапатаў на ветры агромісты брызентавы шацёр.
— В «Шапито» едут. Сегодня последнее представление, — вінавата патлумачыў Мітрафан і, пацягнуўшы лейцы, скіраваў каня ў завулак.
Вось ужо другі месяц у горадзе гастраляваў французскі цырк «Шапіто». І хаця злыя языкі сцвярджалі, што цыркачы толькі прыкідваліся французамі, тым не менш паглядзець на заезджых штукароў ехалі людзі нават з суседніх губерняў. А лапахінская дачка Марфа дык наогул не прапускала ніводнага прадстаўлення.
Мітрафан гнаў каня па вузкім завулку, гарлаў: «Побереги-ись!» — і аднаго разу ледзь не зваліўся з козлаў, калі рысак парваў нацягнутую ўпоперак дарогі вяроўчыну з бялізнай і адна прасціна белым саванам спавіла вазніцу. Пазіраючы на Мітрафана, які пнуўся вылезці з савана, можна было памерці са смеху, але Лапахін адно мацюкнуўся і выцер канцом прасціны мыскі юхтовых ботаў. Настрой у фабрыканта зноў сапсаваўся. Ён прыгадаў, як абібок Звездзіч падбіваў Марфу паступаць на нейкія курсы, і, уявіўшы сваю дачку стрыжанай інстытуткай, сцягнуў з рукі пальчатку і пацёр напятую скуру на лбе.
На Губернатарскую выехалі менавіта ў тым месцы, якое варта было абмінуць: ля гатэля «Канстанцінопаль». Шэры гмах, з анёламі на гзымсе і шкляным эркерам над уваходам, меў паганую славу. Гатэль быў другога разбору. Кватаравалі ў ім у асноўным афіцэры, калежскія асэсары, багатыя ўтрыманкі, а верхні паверх займалі студэнты, якія кожнага месяца страляліся ў сваіх нумарах, не пакінуўшы пасмяротных карталюшак. Таму і не дзіва, што вясковыя святары (а яны ранейшым часам любілі тут спыняцца) цяпер абміналі гатэль і, шыбуючы міма, набожна хрысціліся — спачатку на шкляны эркер, а потым на крыжы Мікольскай царквы, якая стаяла непадалёку.
Праязджаючы міма «Канстанцінопаля», Лапахін таксама перахрысціўся, адвёў убок вочы і, не раўнуючы, як Хама Брут перад Віем, уголас прашаптаў: «Не глядзі!» Але не вытрымаў, зірнуў у апошні момант на запаветнае акно, і яму падалося, што за цёмнай шыбай мільганула аблачынка белай сукні.
Вось яны, жаночыя чары! Гадзіну таму Лапахін даў зарок забыцца на ўтрыманак, ды варта было спыніцца каля гатэля, у якім жыла Мацільда, як ён, забыўшыся пра ўсё на свеце, выкуліўся з брычкі, збіў з ног швейцара і рынуў, пераскокваючы праз дзве прыступкі, па сходах. На лесвіцы яму сустрэліся толькі цыбатая сухарэбрыца ў pince-nez, — з выгляду, класная дама, — ды шызатвары, свежапаголены штабс-капітан, ад якога тхнула часныком і адэкалонам «Капрыз». Доўгі шлейф моташных пахаў цягнуўся па лесвіцы, і нават калі Лапахін узняўся на пяты паверх і дабег да абабітых цялячай скурай дзвярэй, часнычна-адэкалонны смурод па-ранейшаму лез у ноздры і трапяткім халадком казытаў пад сэрцам.
Дзверы з лёгкім рыпеннем падаліся, з прыцемку павеяла спакуслівым пахам лаванды, і сэрца лапахінскае ўраз пацяплела.
Першае, што кідалася ў вочы, калі ён уваходзіў да Мацільды, — гэта шыкоўнае авальнае люстра. Яно вісела на бакавой сцяне, і ў ім звычайна адбіваўся чырвоны каберац ды кітайская шырма. Адбіваліся яны і зараз, але, апроч іх, на тле каберца матляўся ў паветры бліскучы мужчынскі туфель. Сэрца зноў зашчымела, Лапахін кашлянуў, выпнуў грудзіну, рашуча ўвайшоў у пакой.
Ля сцяны, у выгодным крэсле, сядзеў, закінуўшы нага на нагу, маладзён у чорным фраку. У ягоным абліччы было штосьці шайтанскае, а нерухомыя, крыху раскосыя вочы навылёт праціналі і сэрца, і душу.
Ад нечаканасці Лапахін застыў у нерухомасці, потым зрабіў крок, у спадзеўцы, што незнаёмец падхопіцца, ды той застаўся сядзець у ранейшай паставе, матляючы нагой і свідруючы яго нахабнымі вірламі.
Сітуацыя вымагала нейкай дзеі, нейкага руху, але Лапахін стаяў ачмурэлы, і невядома колькі б усё гэта доўжылася, калі б за спінаю не рыпнулі дзверы і ў пакой не заляцела Мацільда. Выляжанка спынілася на парозе, палка заірдзелася, і Лапахін, вытрымаўшы паўзу, страшным голасам запытаў:
— Кто это у тебя?
Вейкі дзявочыя панурыліся, затым узняліся, і Мацільда жаласліва пралепятала:
— Ника, я сейчас всё объясню…
— Объясни, объясни, — азваўся з кута маладзён, і ў Нікі ад тых слоў зашумела ўвушшу і падлога паплыла пад нагамі.