Выбрать главу

Торжествует победу народ.

Здравствуй, город Вели-икой Державы,

Где любимый наш Сталин живё-от…

У класе, здаецца, задрыжэлі шыбы, і натхнёны Вілен далучыў свой голас да мужнай песні.

Будем вечно тобою гордиться,

Будет жить твоя слава в веках,

Дорогая моя столица,

Золотая моя Москва…

Вілен махнуў рукой сябрам камісіі, каб і тыя падхапілі, але кабеты сядзелі моўчкі, утрапёна пазіраючы на Юзіка, а цётка Эліза наогул перажагналася і выслізнула ў калідор.

«Ну і людзі, — падумаў Вілен, ціснучы на знак падзякі халаднаватую Юзікаву далонь, — у нас на Рагачоўшчыне паляндвіцы ў вочы не бачылі, людзі ў зямлянках жывуць, а на выбары ідуць як на свята, а гэтыя…» — старшыня камісіі зірнуў на гадзіннік, пацёр звільгатнелыя ад хвалявання далоні: стрэлкі выпростваліся ў вертыкаль. Да шостай гадзіны заставалася пяць хвілінаў.

— Таварышы сябры камісіі! Віншую вас з пачаткам нашай працы, — голас Віленаў зрываўся і клекатаў у перасохлым горле. Адна з трох запаленых газніцаў пачала куродымець і змазала ўрачыстасць моманту. Давялося прыкруціць кнот.

— Пачынаем апячатванне выбарчай скрыні.

Старшыня камісіі падхапіў скрыню, кульнуў у паветры, дэманструючы, што яна пустая, хацеў быў з пампезнай павольнасцю забіць цвікі ў рассохлую фанеру, але малаток, які мусіў ляжаць пад рукой, ён пакінуў на школьным ганку.

Праз пяць хвілін, дарэшты ўпрэлы, старшыня камісіі выкуліўся з класа. Няўклюдна, нягнуткімі пальцамі скруціў цыгарку. У калідор выйшаў і ягоны намеснік.

— Малайчына, з заданнем справіўся, — Вілен дастаў запалкі, — гэта я пра песню кажу. Думаў, ты апроч кадрыляў ні на што сур’ёзнае не здатны. А чаму ў адрыне рэпеціраваў?

— Жонка з хаты выгнала. Даняў яе сваёй музыкай, — Юзік таксама зрабіў самакрутку, прыпаліў ад дырэктаравай цыгаркі. Рукі Віленавы дробна калаціліся.

— Ды не хвалюйся ты, Пятровіч… Усё будзе добра, — Юзік з шумам выпусціў дым.

— Як тут не хвалявацца… Чуў, якую задачу паставіў Макаловіч? Забяспечыць стаадсоткавую яўку! А дарогі ўсе перамяло. А як коні ў снезе захраснуць?

— Нашы коні не захраснуць, — каб надта не дыміць у калідоры, старшыня з намеснікам выйшлі на ганак. — Вунь, дарэчы, Мазур едзе, — Юзік кіўнуў у прыцемак вясковай вуліцы. — Гэты конь самога нячысціка на выбары прывязе. Так што Мазура і выправім да Шукелойціхі. Старых, інвалідаў і Часнойця таксама на санях падвязем, а астатнія на сваіх нагах пабягуць, прычым подскакам. Бо ведаюць: не прагаласуй — можаш не ў Польшчу паехаць, а зусім у іншы бок.

Жвірбля вёрз антысаветчыну, але словы такія Вілена не толькі не насцярожылі, але нават узрадавалі.

— Галоўнае, Шукелойціху прывезці з яе глухім сынам. Жывуць на краі свету, — цыгарка Юзікава патухла, і Юзік, шукаючы запалак, ляпнуў па кішэнях. — Але, думаю, праблемы тут не будзе. А вось з кім будзе праблема, дык гэта з Часнойцем. Таго, баюся, з месца не ссунеш. На мінулых выбарах наогул не галасаваў.

— Гэта той франтавік? Які на хутары Рычкяны жыве?

— Ён самы… Як з фронту вярнуўся, так адразу паперу ў раён падаў. На выезд у Польшчу. А яго й дагэтуль не выпускаюць. Шверніку лісты пісаў, а цяпер, кажуць, Варашылаву піша.

— Смелы дзядзька, — Вілен з прагным задавальненнем глынуў махорачнага дыму.

— А што яму баяцца? На вайне двойчы паранены, ордэн Славы мае. А як бацька-Сталін памёр, дык зусім асмялеў.

Мазур, мажны дзядзька з сівой барадой, спыніў каня ля ганка, і Жвірбля пабег у школу па гармонік, каб песняй сустрэць першага выбарца.

За дзве гадзіны прагаласавала ўсяго некалькі чалавек. На дварэ ўжо днела, і газніцы патушылі. Вілен сядзеў, абхапіўшы рукамі голаў, паныла глядзеў на прастакутнік акна і прыгадваў родную Рагачоўшчыну. Там ужо, відаць, добрая палова прагаласавала. І людзі ехалі на выбары як на свята: з песнямі, са сцягамі; на конях, упрыгожаных жычкамі…

Але вось канчаткова развіднела, размытыя плямы твараў усё часцей выплывалі з калідорнага прыцемку, а неўзабаве, як і казаў Юзік, народ пабег на выбары подскакам. Раз-пораз да Ванды Данатаўны, што запісвала нумары калгасных кніжак і выдавала бюлетэні, нават выстройвалася калейка.

Але свята не было. Вяскоўцы заходзілі на дзяльніцу хапатліва, з трывожнымі вачамі, моўчкі бралі бюлетэні, укідвалі, нават не прачытаўшы прозвішча кандыдата, у скрыню і гэтак жа паспешліва ішлі да выхаду. І хаця Вілен спрабаваў жартаваць з выбарнікамі, а сакратарка камісіі Ванда Данатаўна абдорвала іх слінявымі ўсмешкамі, людзі заставаліся непрыступна-суворымі. Мужчыны, праўда, дахаты адразу не разыходзіліся — збіваліся ў кучкі, як гэта бывае на хаўтурах, і палілі, з падазронасцю ў вачах пазіраючы на школьны ганак. З культурнай праграмай таксама ўзніклі праблемы. Юзік, пабачыўшы аднавяскоўцаў — спрэс незадаволеных, а мужчын да таго ж і няголеных, — не рашыўся браць у рукі гармонік, і толькі на калідоры дзве гарэзы-дзяўчынёхі раз за разам заводзілі Шульжэнку.