Выбрать главу

Засоплена дыхаў конь, ціхенька рыпалі пастронкі, і гэтыя мерныя зыкі крыху ўлагодзілі душу.

Ехалі па снежным цаліку. «Чаму няма слядоў? Нехта ж ездзіў да Часнойця?» — падумаў Вілен, хацеў пра тое спытаць, але, закалыханы дарогай, прамаўчаў і салодка, да болю ў вушах, пазяхнуў.

— Усю дарогу перамяло, Войт ледзь цягне, — азваўся вознік. — Самы моцны конь у калгасе… Пару гадоў таму цягаў вазы, не раўнуючы, як трактар СТЗ. Вядома, гаспадар яго аўсом карміў. А ў калгасе што… кінуць якой трасянкі, а то й нічога не дадуць… І дагэтуль гаспадара чакае, а той з Сібіры аніводнага ліста так і не прыслаў.

Лёгкі спалох у душы змяніў непраглядна-смуродны куродым. Два месяцы прамінула, а так і не сабраўся напісаць інфармацыю для ўпаўнаважанага. А што ён мог напісаць? Што камуніст Жвірбля наракаў на цяжкую конскую долю ў калгасе?

Лес, у які заехалі, выглядаў маўклівым і насцярожаным. Асабліва ўражвалі тоўстыя хваёвыя камлі.

— Вячысты бор, — паведаміў Юзік, перахапіўшы ўражаны Віленаў позірк. — Мы яго Скачылясаўскай пушчай называем. Ляснік тут жыў да вайны, Скачыляс. Хадзіў як велькі пан — у ахвіцэрскіх ботах, са стрэльбай за плячыма… У саракавым годзе, узімку, выслалі некуды, разам з жонкай. А сына іхнага, Тамаша, тады не знайшлі — хаваўся недзе. У вайну Тамаш гэты да акоўцаў прыбіўся, а па вайне, у 46-м, яго пад Салечнікамі забілі. Казалі, тры гадзіны ў пуні сядзеў, адстрэльваўся.

Пасля такога аповеду лес падаўся вусцішным і таямнічым. У памкненні хутчэй прамінуць гэтую мясціну Вілен стаў неадрыўна паглядаць наперад, і лясная прасека, па якой ехалі, здавалася выратавальным тунэлем, які павінен вывесці на светлы прасцяг.

— Далей дарога трыбай ідзе, а ўжо ля самых Рычкянаў на гал выедзем, — Юзік прыўзняўся, пляснуў лейцамі Войта. Конь увесь час наравіўся і задзіраў голаў.

— У вас прасеку трыбай называюць?

Юзік моўчкі кіўнуў.

— За першымі немцамі прасеклі. Збіраліся нібыта вузкакалейку будаваць, ды штосьці не атрымалася.

Дзесьці непадалёку са жвавай упартасцю застукаў дзяцел, і Вілен, па прыкладу Войта, задзёр галаву.

— У нашай гаворцы шмат розных словаў накручана… — азваўся ў працяг перарванай размовы Юзік, — і польскіх, і расейскіх, і літоўскіх. Ведаеш, што азначае па-літоўску маё прозвішча? Жвірбля значыць верабей! Мой дзед яшчэ ведаў жамойцкую мову. Прыйдзе, памятаю, з карчмы на Каляды ды спявае: «Аш мажас вайкяліс, кайп пупу пядзяліс…» Калядка літоўская… — Юзік ізноў падагнаў каня, з сарамлівай усмеш­кай зірнуў на суразмоўніка. — Даўно хачу спытаць: а што гэта за імя такое… Вілен?

Суразмоўнік злёгку паморшчыўся.

— У гонар Уладзіміра Ільіча Леніна назвалі.

— Эх-х! — з ноткамі расчаравання выдыхнуў Юзік. — А мяне назвалі ў гонар Пілсудскага. Яму якраз шэсцьдзясят гадоў спраўлялі, як я нарадзіўся.

Пачуўшы прозвішча Пілсудскага, Вілен на момант знерухомеў, міжволі адсунуўся ад Юзіка. І потым, аж да самых Рычкянаў, яны не прамовілі ні слова.

Хата Часнойцева стаяла пасярод голага поля і патанала ў снезе.

— Сто гадоў таму пабудаваная, — загаварыў урэшце Юзік, калі пад’ехалі да весніц. — Мы яе кітайскай фанзой называем — бачыш, як страха прасела.

Госці гучна патупалі па ганку. Пастаялі крыху, прыслухаліся, нясмела прачынілі дзверы. У сенях было цёмна, Юзік наскочыў на пустое вядро, вылаяўся, адшукаў вобмацкам дзвярную клямку, і яны ўвайшлі ў хату.

Гаспадар стаяў ля стала і трушчыў секачом даўгія, іржавага колеру бадылі.

— Самасад?

Часнойць не азірнуўся, не падаў голасу.

— Вось яна, савецкая ўлада… Садзі хоць табаку, хоць махорку — ніхто слова не скажа. А пры паляках, браце ты мой, за гэтую справу вой як ганялі. Манаполія паньствова! Бацька мой пасадзіў употай махоркі, дык солтыс воміг угледзеў. Прыйшоў, выдзер і паліцыянтам настрашыў, — Юзік дастаў з кішэні абрывак газеціны, прыхапіў са стала каліва тытуню, — дай хоць зёлак тваіх пакаштаваць.

Казелячы вокам на жалезнае крэсіва, якое ляжала на стале, Юзік прыпаліў самакрутку, кінуў поруч пушку запалак.

— Няйначай, хочаш мяне кубаркай сярнічак купіць? — падаў нарэшце голас Часнойць.

— Ну-у, дзядзька… мы да цябе з усёй душой. Ехалі во міма з Віленам Пятровічам… дарэчы, пазнаёмцеся — наш новы дырэктар школы, — думаем, давай зазірнём…

— Е-ехалі… мі-іма… А гэта што? — гаспадар кіўнуў на чырвоную скрыню, якую госці паставілі каля дзвярэй.

— А ты не бачыш? Урна для галасавання! А мы павінны былі яе на двары пакінуць? Там жа важныя дзяржаўныя дакументы! Эх, дзядзька, няма часу языкамі лемзаць, — з гэтымі словамі Юзік выцягнуў з-за пазухі бутэльку самагонкі.