Выбрать главу

Гаспадар, як падалося, з лёгкім спалохам зірнуў на бутэльку, ні слова не сказаўшы, выйшаў у сені. Госці насцярожліва пераглянуліся, і Вілен перасмыкнуў плячамі, маўляў, халера ведае, куды пайшоў чалавек. Ды гаспадар неўзабаве вярнуў­ся, цягнучы перад сабой невялічкі цабэрак.

— Во… насаліў грыбоў цэлую пасачку, а есці няма каму.

— А што за грыбы? — Юзік, агледзеўшыся, зняў з паліцы тры мутныя шклянкі.

— Грышке… іх такрок было — хоць касу закладай.

— Рыжыкі, — патлумачыў Юзік, шпокнуў кіяховым коркам, нюхнуў бутэлечнае рыльца

— Бімбер? — у голасе гаспадара чулася прытоенае захапленне.

— Ён… ён, родны… Нагрэўся, праўда. Дарэчы, за палякамі можна было за такую справу і ў Лукішкі патрапіць. А цяпер, пры Саветах… ну, вядома, з аглядкай, утуліўшы галаву ў плечы, але ж гонім… гонім!

На стале з’явіўся ладны, густа пасыпаны соллю скрыль сала, а таксама пара цыбулін ды міса кіслай капусты.

Бяседнікі ўзялі па-першай. Бімбер быў моцны. У Вілена з галадухі злёгку закружылася галава, і калі Юзік стаў наліваць удругарадзь, прыкрыў шклянку далонню.

— Першы раз бачу савецкага настаўніка, які не п’е, — са з’едлівай усмешкай заўважыў гаспадар.

Госцю такія словы відавочна не спадабаліся. Ён перастаў жаваць, панурыў голаў, і гаспадар, каб улагодзіць сітуацыю, з панылаю ноткай у голасе прамармытаў:

— Ну, чаго вы сваё прычындалле ў памяльнік паставілі? Стаўце ўжо на стол, прагаласую.

Намеснік старшыні выбарчай камісіі кінуўся да дзвярэй, падхапіў скрыню.

Калі праз хвілю Жвірбля ўзяўся за пляшку, старшыня камісіі ўжо не прыкрываў шклянку.

Пасля трэцяй чаркі Юзік прыпаліў загаслую цыгарку, пусціў пад столь дымны струмень, і Вілену таксама закарцела пакаштаваць Часнойцевага самасаду… Ядучы дым перахапіў дыханне, выбіў гарачую слязіну, госць закерхаў, закашляўся, выцер кулакамі вочы і, нібыта са здзіўленнем, зірнуў на гаспадара.

— Самасад мой як тая 152-міліметровая гаўбіца, б’е ўпокат, — з задавальненнем мовіў гаспадар.

— У артылерыі служылі?

Адказам быў глыбокі, з парывістым сіпам, уздых.

— І дзе ваявалі?

— На Трэцім Беларускім.

— А за што атрымалі ордэн?

— Голдап штурмавалі. Там жа мяне і параніла. Цэлы дзень праляжаў на снезе. На сутанку сабакі на санках выцягнулі. Санкі такія былі… нізенькія. Калі ёсцека сілы, узвалішся на іх, сабакі і цягнуць.

Юзік разліў рэшткі бімбера па шклянках.

— Добра ў цябе, дзядзька Часнойць, ды час прыціскае. Так што давайце, як у нас кажуць, возьмем аглаблёву…

— Як жа гэта вы… пралівалі кроў за Радзіму, а цяпер у Польшчу сабраліся, — Вілен зірнуў на гаспадара нецвяроза-дакорлівым вокам.

— А што мне тут, на радзіме рабіцьме? Жонка памерла, хата збуцвела… Прыходзілі неяк з сельсавета, хацелі яе ў Раздзярышкі перацягваць, ды ўбачылі, што рассыплецца па дарозе, і адчапіліся. Сабаку й таго ваўкі з’елі. Адзін во Базыль застаўся, — Часнойць кіўнуў на печ, на якой сядзеў, неадрыўна пазіраючы на сала, вялізны шэры кот. А ў Польшчы старэйшы брат жыве ў Катавіцах… ці як іх цяпер называюць… у Сталінагрудзе. Ліста прыслаў. Пытаецца, калі прыеду.

Часнойць падняў шклянку:

— Дый я ж не ў Амерыку сабраўся, а ў народную Польшчу. Тамака ж не Рыдз-Сміглы з Масціцкім кіруюць, а Берут з мар­шалкам Ракасоўскім.

Ад «аглаблёвай» Вілен канчаткова захмялеў і нават хіснуў­ся, як падымаўся на ногі.

— Ох, і начвэндзілі мы тут, дзядзька, — Юзік махнуў рукой, разганяючы шызы дым.

Узяўшы пад паху выбарчую скрыню, Вілен няцвёрдай хадой падаўся на двор.

— Руіна па наваколлі бегае, — прамовіў ім у спіну гаспадар, але Юзік у адказ адно кракнуў і п’янаватым голасам заспяваў песню, якая ад самага ранку гучала ў школе:

День работы позади, месяц на землю глядит.

Вот в такую ночку дома-а попытайся усиди-и!

Калі плюхнуліся ў развалкі, Юзік грукнуў па скрыні кулаком.

— Ну вось, справа зроблена. А ты хваляваўся.

Вусны Віленавыя кранула ўсмешка.

«Усё ж такі Юзік добры хлопец, дарма, што названы ў гонар Пілсудскага. Вясёлы, увішны, з людзьмі добра кантактуе, усіх ведае. А без яго — паспрабуй знайдзі таго ж Часнойця!» — Вілен паволі скруціў нязграбную суслу.

— А што за руіна тут бегае? — пацікавіўся цёзка правадыра, зацягнуўшыся ядучым самасадам.

— Зграя ваўчыная. Ваўкі гэтай парой лютыя. Канец гону, — Юзік хвастануў каня. — Цяпер пацішэлі… А што па вайне рабілася! Аднойчы шэры злодзей нават у наш свіненчык плішчыўся. Дык мой бацька, тады яшчэ жывы быў, схапіў аглоблю ды пайшоў напярэймы, — Юзік на хвіліну сціх, прыпаліў цыгарку. — Ды што там распавядаць… ты вунь на Войта глянь. Бачыш, на крыжы меціна? Ад ваўчыных зубоў. Мазур тады з раёна ехаў. З двух бакоў накінуліся. Конь малады быў, цягавіты, здолеў адарвацца. А Мазур потым збялеў як лунь — і барада стала белай, і галава…