Вілен ляжаў на развалках, чэравам долу, невідушчымі вачыма глядзеў на снег, які шэрым палатном бег пад самым носам.
«Вось і ўсё… і навошта, сапраўды, было так хвалявацца?» — Юзікава гамонка нагнала салодкую дрымоту і Вілен адчайдушна пазяхнуў. Паспрабаваў ачуцца, страсянуў галавой, штосьці нават спытаў у Юзіка, але тут жа абрынуў у хмельна-мімалётны сон. Дзіўны быў той сон: суцішны, крыху сумны і светлы, як вада ў Друці, на беразе якой ён стаяў і слухаў як з другога берага ракі надрыўна спявала Шульжэнка: «У развёрнутой гармони василько-овые меха-а».
— Н-но, каб на цябе!.. — абудзіў яго немы Юзікавы воклік.
Конь гучна пырхаў, уздымаўся на дыбкі, казеліў на лес шалёным вокам.
— Чаго ён? — крыкнуў Вілен.
— Ваўкі побач! Зараз наляцяць!
Падняўшыся на ногі, Юзік шлёгнуў каня пугай, засвістаў у два пальцы.
— Ну, Войцік, наперад! Ратуй і нас, і сябе!
Конь ірвануў аглоблі, ды так, што Юзік пляснуўся на азадак, балюча адціснуўшы Вілену руку. То панурваючы пысу да зямлі, то задзіраючы яе ўгору, Войт пайшоў наўскач.
Дарогу з левага боку перамяло, развалкі ехалі перакошаныя, іх матляла ў бакі, і Юзік, немаведама як трымаючыся на нагах, лупцаваў зняможанага каня і не сваім голасам гарлаў:
— Вунь яны, бягуць поруч! Давай, Войцік, а то задзяруць, падлюкі шэрыя!
Вілен перапудзіўся не на жарты. Стоячы вокрач і трымаючыся за развалы, ён зацкавана круціў галавой, але ваўкоў так і не ўбачыў. Неўзабаве ўваччу забрынілі прасветліны між дрэваў, Войт пайшоў павольным крокам, і яны выехалі ў поле. У вёсцы шалёным брэхам заходзіліся сабакі.
— Ну ўсё… сюды ўжо не сунуцца, — Юзік скочыў з воза, хістаючыся, пайшоў да каня. — Ці не загналі мы цябе, бедачыну? — набраўшы прыгаршчы снегу, пацёр ім конскую мысу.
Вілен сцягнуў з галавы шапку, выцер угрэтую лабаціну, памацаў рукой пад саломай і абамлеў.
— Паварочвай! Скрыню згубілі!
— Куды паварочваць? На ваўкоў узбіцца? — Жвірбля расцёр снегам конскую шыю. — Войт з ног валіцца. Ужо і пена праступіла.
— Ну і стой тут са сваім Войтам, — Вілен кульнуўся з воза, — адзін пайду.
Спачатку пайшоў рашуча, гучна шоргаючы ботамі па снезе, аднак, зачапіўшыся за пень і зірнуўшы на цёмны лес, спыніўся і прыслухаўся. Лес шумеў, і сярод неспакойнага пошуму выразна чулася працяглае ваўчынае скавытанне. Душу абвеяла трывожная пройма, якая да таго ж выпетрыла з галавы рэшткі хмелю.
— Ну куды ты, далібог… з’ядуць там твае бюлетэні? Конь астыне — і паедзем, — крыкнуў здалёк Юзік.
Хвіліну Вілен стаяў у нерашучасці. Ісці ў лес страшна, але і вяртацца да воза таксама не з рукі. Таму, махнуўшы Юзіку рукой, маўляў, пачакаю тут, плюхнуўся на пень і, змагаючыся з дрыготкаю ў пальцах, выцягнуў з-за пазухі капшук.
Чэсь і Франак, дарэшты змерзлыя і змораныя, павярнулі ўжо дахаты, як наткнуліся на нечыя сляды. Барозны ўзаранага снегу вялікай дугой пераціналі лясную паляну.
Чэсь прысеў на кукішкі.
— Ваўкі прабеглі, цэлая зграя.
— І што рабіцьме? — шморгнуў смаркатым носам Франак.
— Што-што… гонім адсюль у кірунку норд-осту, — словы такія Чэсь запазычыў у брата-матроса.
Падшпаркі, азіраючыся на бакі, выехалі на лясную дарогу, па якой, як бачна, кагадзе праехалі сані. Паставіўшы адну ірціну ў санны след, хлопцы паехалі шпарчэй. Чэсь разагнаўся не на жарты — сябар пачаў адставаць, — ды нечакана спыніўся, і Франак стукнуў іртамі яму ў пяткі.
Наперадзе, наўзбоч дарогі, ляжала штосьці чырвонае. Падшпаркі пад’ехалі бліжэй і ўбачылі фарбаваную ў чырвань, з вузкай адтулінай на баку, скрынку.
— Можа, там цукеркі? — Чэсь дастаў з кішэні падораны братам сцізорык. — Такой файнай рэчы не было ні ў каго: сцізорык меў тры лязы, штопар з шылам, і Чэсь штораз дэманстраваў цацку не толькі сябрам, але і дарослым.
Падчапіўшы лязом верхняе вечка, хлопец напалову яго аддзёр, тыцнуў пальцы ў скрыню, выцягнуў адтуль жмутак паперак, пакінуўшы крывавы пісяг на мезенцы. На лістках было штосьці напісана. Чэсь хацеў прачытаць, але дзьмухнуў порсткі вецер — і лісткі паляцелі ўздоўж дарогі.
— Ох, будзе нам цяпер! — спалохана пралепятаў за Чэсевай спінай сябар. — Гэта ж лісткі з выбараў. Бачыў, Жвірбля з дзерыкам ехалі. Яны згубілі.