Выбрать главу

— А каго выбіраюць? — апалым голасам запытаўся Чэсь.

— Як каго… ну тых, якія будуць у Крамлі сядзець.

Тут ужо і Чэсь зразумеў, што дарма чапаў скрыню. Азірнуўшыся, пашыбаваў, ляскаючы заднікамі іртаў па дарозе, ды Франак гукнуў яму ў след:

— Куды паехаў?! Зараз Жвірбля вернецца… Трэба ў лес зварочваць.

У гэты момант дзесьці непадалёку раскаціста заскавытаў воўк, і хлопцы, утуліўшы галовы ў плечы, шмыганулі пад яловыя лапы, якія абрынулі на іх снежную лавіну.

Конь быў увесь мокры, з цяжкасцю варушыў нагамі. Цяпер ужо сам Вілен кіраваў Войтам, стоячы на возе. Яны праехалі метраў трыста, дарога паволі пачала караскацца на пагорак.

— Вунь яна, на ўзбочыне ляжыць! — акрыялым голасам прамовіў Вілен, выцягнуўшы шыю, і ў гэты момант да конскай хрыбеціны прыбіўся лісток паперы. Вілен не паспеў працяцца жахам, як адчуў цеплыню, што разлілася раптам ніжэй чэрава. Ён паволі ступіў на снег, пайшоў, зачапіўшыся нагой за лейцы, і калі тыя напяліся, паваліўся на калені і да скрыні поўз вокраччу.

Юзік жа па-ранейшаму сядзеў на санях, спінай наперад, і дасмоктваў суслу. Нарэшце падняўся, набраў паветра, каб крыкнуць: «Чаго ты там стаіш ракача?» — ды, адчуўшы нядобрае, таксама рушыў да скрыні.

— На іртах пад’язджалі! — заенчыў з інтанацыяй старой Шукелойціхі Юзік. — Ці не смаркатыя гэта расколіны тут круціліся?

Юзік запусціў руку ў скрыню.

— Паўнюткая. Відаць, толькі некалькі штук выцягнулі. Так што не бяда, іх усё адно ніхто лічыць не будзе. Усё ўжо падлічана.

Вілен, які ўвесь час стаяў вокрач, падняўся на ногі.

— Ты што, абасцаўся? — уражана запытаў Юзік, паглядаючы на картовыя порткі старшыні выбарчай камісіі.

Старшыня гэтага пытання як і не чуў. Павёўшы ашклянелымі бельмамі, ён ледзяным голасам выдыхнуў:

— Трэба сабраць усе бюлетэні.

— Як жа… збярэш? Іх ужо, мусіць, у Літву занесла.

— Трэба іх усе сабраць, — паўтарыў Вілен — ён па-ранейшаму не чуў кампаньёна.

— Ды падсыпле Макалавіч тых бюлетэняў. Іх жа да халеры надрукавалі… Завядзеш яго ў рэстарацыю, паседзіце пад фікусамі, як людзі…

Вілен павёў рукой, як гэта робяць, калі хочуць пазбыцца наслання, і празмерна ўважліва, нібыта ўпершыню бачыў, глянуў на Юзіка.

— Гэта ты, падлюка, усё падстроіў. Падгаварыў скрыню вынесці, а потым, як я заснуў, ускрыў ды выкінуў з возу. Хацеў выбары сарваць, пілсудчык ты недарэзаны, — Вілен схапіў кампаньёна за шыю, пачаў душыць, і кампаньён, выслабаняючыся, пхнуў Вілена тварам у сумёт.

— І навошта мне былі ўсе гэтыя мітрэнгі? — сіпла, з панікай у голасе, прастагнаў Юзік. — У вёсцы падсабачнікам клічуць, матка й дагэтуль плача, што я з камісарамі звязаўся. Ксёндз у яе нават ахвяру не прыняў…

— Нічо-ога… хутка нашы органы разбяруцца — і з табой, і з тваім ксяндзом, і з тваёй маткай… — Вілен падняўся, выцер твар ад снегу. — Хацеў яшчэ нешта сказаць, ды Юзік, пачуўшы пра матку, заехаў яму кулаком у лоб.

Крыючы расейскімі мацюгамі, Юзік з усяе сілы хвастануў каня і тут жа, зразумеўшы, што едзе не ў той бок, нацягнуў лейцы і на хаду, ужо з польскімі мацюгамі на вуснах, падхапіў са снегу выбарчую скрыню.

Налівайку знайшлі раніцай наступнага дня. Ён сядзеў на дрэве, абхапіўшы рукамі стаўбур, і не адгукаўся на воклікі.

— Ад ваўкоў ратаваўся, — разважліва прамовіў упаўнаважаны, які адмыслова прыехаў з раёна. — Усё навокал было здратавана ваўчынымі слядамі.

— Я ж кажу: яны на нас з двух бакоў накінуліся! — запальчыва выдаў Жвірбля.

Упаўнаважаны загадаў выпрагчы каня з санак, санкі ўзнялі, прыставілі да дрэва, і па іх спусцілі скалелага Налівайку на зямлю. Напачатку падумалі, што ён мёртвы, Жвірбля нават сцягнуў з галавы аблавуху, ды бедачына здрыгануў вейкамі, зварухнуў пальцамі, упаўнаважаны падхапіў жменю жарсцвянага снегу і стаў расціраць Налівайку — спачатку рукі і твар, а потым грудзіну. Затым дастаў з кішэні шыняля пляскатую біклажку, хуценька адкаркаваў, паднёс да Віленавых вуснаў. У біклажцы, відавочна, быў нейкі моцны трунак, бо Вілен закашляўся, на вачах выступілі слёзы, і ён, застагнаўшы, паказаў дрыжачай рукой на дрэва. Усе задзерлі галовы. Там, пачапіўшыся за тонкую галінку, асінавым лістом дрыжэў на ветры бюлетэнь тайнага галасавання. Жвірбля з запабежлівай хуткасцю шпурнуў снежку, бюлетэнь адарваўся ад галінкі, крутнуўся ў паветры і паляцеў насустрач зыркаму сакавіцкаму сонцу.

Са слоўніка Вілена Налівайкі:

Адпалянтаваць — адлупцаваць

Бімбер — самагонка

Бравэра — балбатуха

Брызгуль — лядзяк

Гілазаваць — гізаваць