…Ён бег па калідоры, услед яму ляцеў лямант: «Не виноватая я-а!» — класная дама, якая вярталася ў свой нумар, спалохана прыціснулася да сцяны, і pince-nez, зваліўшыся з глюгастага носа, гучна хруснула пад абцасам юхтовага бота.
Вылецеўшы з гатэля, Лапахін кінуўся шукаць гарадавога, каб адабраць у таго рэвальвер і застрэліць выляжанку, але гарадавыя некуды пахаваліся, і давялося, плюнуўшы пад ногі, шыбаваць да брычкі.
Мітрафан сядзеў, звесіўшы долу галаву, бачыў сёмы сон і не абудзіўся нават тады, калі гаспадар плюхнуўся на сядзенне.
— Гони в Мандрыковку! — гракнуў гаспадар, абклаўшы мацюгамі каня, вазніцу, выляжанку, а разам з ёю і ўсіх насельнікаў гатэля.
Пачуўшы лаянку, конь таргануўся, захроп і, не чакаючы, пакуль Мітрафан хвастане яго па спіне, сарваўся з месца.
Брычку кідала ў бокі, колы аглушальна тахкалі па бруку, а Мітрафан, раскруціўшы над галавою лейцы, на ўсю глотку гарлаў:
— Зашибу-у!
Нейкая манашка, збягаючы з дарогі, зачапілася спадніцай за кусты і агаліла блядыя ногі; асенізатарская кляча, выехаўшы з аркі, узнялася на дыбкі; хлопчык з пякарні рассыпаў абаранкі, а гарадавы на перакрыжаванні збіраўся дзьмухнуць у свістульку, ды, пабачыўшы Лапахіна, падхорціўся і прыклаў далонь да скроні.
— В шампанском купалась… ананасы жрала… в Париж ездила, с-сука! — працадзіў скрозь зубы Лапахін, калі брычка з’ехала з брукаванкі і пакацілася па тупкім гасцінцы.
Рысак засоплена пырхаў, на крыжы задрыжэлі хлапякі шэрай пены, і Мітрафан, азірнуўшыся, злёгку нацягнуў лейцы.
У Мандрыкаўку, дальнюю гарадскую ўскраіну, уязджалі няспешна і разважліва. Конь бег трушком, Мітрафан штохвілі цокаў, прымушаючы каня бегчы шпарчэй, але рабіў гэта хутчэй дзеля прыліку, а Лапахін, раскінуўшыся на сядзенні, глядзеў спадылба на стрэхі мандрыкаўскіх хат і пакутліва аддзімаўся. Шаленства выпетрылася з душы і саступіла месца дзіўнаму замілаванню. Пачуццё гэтае кожны раз апаноўвала душу, калі ён завітваў у Мандрыкаўку. Тут, у дымным рабочым прадмесці, ён нарадзіўся, тут прайшло ягонае дзяцінства, і тут, трынаццацігадовым хлапчанём, ён пачаў сваю справу, крадучы муку са склада купца Берандзеева. Вочы лапахінскія пацяплелі, затуманіліся, а калі брычка, абліўшы граззю пахілы плот, праехала міма шынка «Славянка», загадкава бліснулі. Лапахін з вясёлым сумам згадаў, як калісьці, яшчэ за часамі цара Аляксашкі, яго прыціснулі да плота берандзееўскія прыказчыкі ды збілі да паўсмерці.
Шчымлівыя згадкі заварушыліся ў галаве, і нават калі рысак, пырхнуўшы наастачу, спыніўся, Лапахін колькі часу сядзеў незварушна, зацята паглядаючы на асмужаны фабрычным дымам далягляд. Нарэшце, дастаўшы з кішэні швейцарскі «мозер», пстрыкнуў вечкам, загадаў Мітрафану пад’ехаць а дзявятай вечара і, з дапамогай вазніцы, скочыў на зямлю.
Дом, у якім жыла Кацька, Лапахін збудаваў калісьці ўласнымі рукамі. Цяпер у яго было іншае жытло — двухпавярховік у самым цэнтры места, — а тут, у прысадзістай камяніцы з высокім мезанінам, месціліся, змяняючы адна другую, лапахінскія ўтрыманкі. Дом стаяў у нізкім месцы, на гліне; уся навакольная гразюка сцякалася сюды, гучна чвякала пад нагамі, і зыкі гэтыя нарадзілі ў душы трывожнае пачуццё: яму падалося, што Кацька не адна.
У цёмным калідоры пахла рыбнымі пірагамі, на кухні бразгалі рондалі, і ў прадчуванні смачнага абеду Лапахін пацёр вільготныя далоні. Ён зайшоў у вітальню, каб прычасацца ля люстра, і аслупянеў. Пасярод вітальні, у мяккім крэсле, сядзеў, закінуўшы нага на нагу, той самы фацэт. Лапахін прымружыўся, страсянуў галавой, але відзежа не знікала. Фацэт матляў правай нагой, міргаў левым вокам, фанабэрліва пасміхаўся, і страшная згадка працяла свядомасць: перад ім сядзеў дэман!
Лапахін падаўся задам, стукнуўся патыліцай аб дзвярны вушак. Праз хвілю небарака ўжо бег па гразкай вуліцы, мармытаў «Ойча наш» і бясконца хрысціўся. Вочы шукалі людзей, між тым на вуліцы было пустэльна, і толькі ля «Славянкі» варушыліся няўклюдныя постаці і чулася п’яная гамонка.
Фацэт у фраку быў, безумоўна, нячысцікам, бо толькі яны могуць вомігам пералятаць з цэнтра места ў Мандрыкаўку. І хаця Лапахін пераконваў сябе, што нячысцік яму прымроіўся — як таму Міхельсону, які пасля запою бачыў чарцей на дроце, — усё адно душа была не на месцы, і замешаны на пякельнай рэўнасці непакой млоснай немаччу разліваўся па целе. Каля ганка «Славянкі» раўнівец спыніўся ў памкненні вярнуцца да Кацькі ды разабрацца з нячысцікам, але, падумаўшы, вырашыў зайсці ў шынок і прапусціць дзеля смеласці чарку гарэлкі.