Перасцярогі такія былі не дарэмныя. Не паспелі яны збочыць з дарогі, як у бок вёскі на вялікай хуткасці праехаў патрульны ВАЗ.
— Па выкліку паехалі, — прамармытаў Лёшка, прыхоўваючыся за стаўбуром таўсценнай яліны. — Трэба варушыцца. А то каб яны нас ля «дызеля» не прыхапілі.
«Дызель» павінен быў з’явіцца праз дзесяць хвілін, і на платформе стала процьма народу. І практычна ў кожнага ў руках было поліэтыленавае вядро з грыбамі.
Ваську, відаць ад гарэлкі, апанавала страшэнныя стома. Ён плюхнуўся на прывакзальную лаву, зморана выцягнуў ногі. Тым часам сябрук з жонкай пашлі набываць квіткі.
Васька заплюшчыў вочы, дзюбнуў носам і ўбачыў пад хвояй вялікі белы грыб. Такі самы, які знайшоў сёння Драматург. Ён сагнуўся, каб адчыкрыжыць грыб сцізорыкам і адчуў як хтосьці з грубай настойлівасцю стукнуў па падэшве чаравікаў.
Перад ім стаяў міліцыянт. Старлей, мяркуючы па пагонах.
— Рэдкая барада… сіняя куртка… зношаныя джынсы… — прамаўляў міліцыянт, ціснучы да вуха «мабілу». Скончыўшы размову, міліцыянт махнуў рукой, загадваючы падняцца на ногі.
Руку вышэй локця сціснуў жалезны спохват. Старлей павёў затрыманага да машыны, і Лабейка ўбачыў Ленку з Лёшкам. Тыя ішлі насустрач, а згледзеўшы сябрука, якога вёў міліцыянт, прыхаваліся за будынкам вакзала.
«Вось каго праверылі на вашывасць, — падумаў Лабейка, залазячы ў міліцэйскую машыну, — сябры называецца. Падышлі б, патлумачылі, што гэта ўсё жарт і ніхто нікога не гвалціў. А яны, сволачы, цягу далі. Маўляў, сам выкручвайся. А як выкруціцца? Што казаць? Што ролі рэпеціравалі? — Лабейка скасіў вока на міліцыянта, які сеў поруч. Твар старлея быў дарэшты суворым. Вадзіла завёў машыну і яны выехалі на тую самую дарогу, якая лучыла станцыю з вёскай.
— Дзьмухні сюды! — загадаў тым часам старлей, падсунуўшы Ваську пад нос штосьці падобнае да мабільнага тэлефона.
— Дзе напарнік і жанчына? — запытаўся міліцыянт, паглядаючы на невялічкае табло, на якім спрытна беглі лічбы.
«Алкатэстар», — мільганула неспакойная думка.
— Будзем у маўчанку гуляць? — са злавеснымі абертонамі выдыхнуў міліцыянт, Васька ўжо збіраўся паведаміць, што напарнік з жонкай едуць у «дызелі», але тут зазваніла «мабіла», і старлей, каротка мацюкнуўшыся, палез у нутраную кішэнь. — Ну што там у вас? — міліцыянт пакасіўся на затрыманага. — Кроў?! І шмат? Можа, Саўдуненку з сабакам выклічам?
Тым часам яны даляцелі да вёскі і, праехаўшы па пыльным пляцы, спыніліся каля крамы. Там стаяла яшчэ адна міліцэйская машына, а поруч таўкліся некалькі цётак. Міліцыянт адчыніў дзверцы, схапіў Ваську за рукаво.
— Гэны! Гэны! — падала голас нізенькая, злая, як стручок кайенскага перцу, і з тварам як печаны яблык бабуля. — Ён, праўда, не біў. Бегаў вакол ды рукамі махаў. А біў кудлаты. А потым паваліў тую гаротніцу і давай душыць…
— А кроў чыя на пяску? — перабіў гаваркую бабулю міліцыянт.
— Дык дзеўка, перад тым як кудла яе паваліў, у нюхалку яму заехала. Бег потым да лесу, нос у неба ўторкнуўшы.
Бабуля яшчэ нешта казала, махаючы рукамі, але міліцыянт не стаў слухаць. Пхнуў Ваську назад у машыну.
— Ну, расказвай, што тут было? Каго вы тут гвалтаваць збіраліся? — спытаў старлей, але ўжо лагодным голасам.
— Лёшка з Ленкай высвятлялі адносіны.
— Муж з жонкай?
Васька кіўнуў.
Міліцыянт раскрыў тэчку.
— Напішы іх прозвішча і адрас. І сваё прозвішча таксама.
Гаваркая бабуля падышла да машыны, пастукала па шыбе, варухнула махнатым, як вусень, брывом, — хацела нешта дадаць, — і міліцыянт ляпнуў вадзілу па плячы. Машына пайшла на разварот, выехала на дарогу і неўзабаве спынілася. Васька няроўнымі літарамі напісаў адрасы і прозвішчы, і міліцыянт, гукнуўшы ў «мабілу»: «Трэба прабіць па базе», — узяўся, блытаючы ў прозвішчах націскі, уголас чытаць нязграбную пісаніну.
Яны стаялі акурат насупраць тоўстай яліны, за якой надоечы хаваўся сябрук. Васька адчуў раптам, што нешта здарылася ў душы, нібыта яе, як той трансфарматар, уключылі на поўную напругу, і душа стала поўніцца няўтольнай злосцю. Злосцю на Лёшку Апейку, на міліцыянтаў, на гаваркую, з тварам як печаны яблык, бабулю. Пяць гадоў вучыўся на акцёра… ідыёт… каму тут патрэбны тэатр? Міліцыянтам? Вясковым цёткам, што таўкуцца ля крамы? З’язджаць адсюль трэба, і чым раней, тым лепш. З іх інстытуцкай групы ўжо сем чалавек за мяжу падаліся. Стараста, Дзімка Суравец, паўгода адпрацаваў загадчыкам літаратурнай часткі і неўзабаве ўсплыў у Галандыі. Прычым ніхто не ведае, як ён там апынуўся. Жыве цяпер з жонкай-галандкай на беразе мора, у мястэчку Дэн-Увер. Там у іх, як пісаў Дзімка, нейкая дамба пачынаецца, што затоку ад мора аддзяляе. Каторы год запрашае прыехаць. Сапраўды, кінуць усё ды сігануць у Галандыю. Можа, там і зачаплюся. Дый Дзімка павінен дапамагчы.