Выбрать главу

— Вы мяне адпусціце? — спытаў Васька.

Вадзіла-мент пасля такіх слоў азірнуўся:

— Адпусціць? А ты ведаеш, колькі мы з-за вас бензіну спалілі?

«Так бы бензін скралі, а тут на нас давялося змарнаваць», — апанаваны неспакойнымі думкамі, Лабейка панурыў голаў. У ягоным пад’ездзе жыў міліцыянт, у якога ў багажніку машыны заўсёды стаялі дзве паўнюткія каністры.

Старлей уздыхнуў:

— Мы, браток, проста так не адпускаем, — міліцыянт вытрымаў паўзу. — Па-першае, трэба высветліць абставіны здарэння. Так? Так. Па-другое, ты затрыманы для высвятлення асобы. А па-трэцяе, цябе затрымалі ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Паўтара праміле. Усё зафіксавана.

Калі пад’ехалі да станцыі, Васька хацеў спытаць, ці можна прыхапіць вядро з грыбамі, але, зірнуўшы на старлея, зразумеў, што грыбы ўжо не спатрэбяцца. Ды іх там, відаць, і не было. Забралі Апейкі.

«А што зрабілі б у такой сітуацыі галандскія паліцыянты?», — падумаў Лабейка. Ну прыехалі… ну разабраліся… ну пагаманілі з якой дурной цёткай, што іх выклікала…. і з’ехалі. «Таксама з’еду», — сказаў Лабейка сам сабе. Збяру грошы і падамся ў Галандыю. Жыццё напачатку будзе цяжкім, але ж там няма напаўзвар’яцелых цётак, няма мянтоў, што крадуць бензін, і там заўсёды прыйдуць на дапамогу. Васька пацёр балесныя скроні і ўбачыў бясконцае, светлае на даляглядзе мора, што злівалася з выцвілым небам; убачыў санлівыя каналы з зялёнымі ад цвілі берагамі; ветракі, што з павольнай упартасцю махалі крыламі, і тут жа згадаў, што мусіў заўтра ад ранку адрамантаваць камп’ютар у бухгалтэ­рыі. Нечакана з лінялых хмараў зірнула сонца, і густы, яшчэ не крануты халадамі каштан, які стаяў пры дарозе, загарэўся жоўта-зялёным агнём. Акурат такі каштан стаяў непадалёку ад матчынай магілы, і таксама, відаць, па-восеньску зырка свяціўся, з ціхім шолахам скідваючы долу свае даспелыя вожыкі. Ужо каторы год Васька збіраўся паправіць помнік на матчынай магіле і пафарбаваць агароджу. Ратуючыся ад сонечнага святла, ён заплюшчыў вочы і з лёгкім сэрцам зразумеў, што нікуды не з’едзе.

Вінцэсь Мудроў

Нарадзіўся 11 верасьня 1953 г. у Полацак. Беларускі літаратар і журналіст, актыўны ўдзельнік руху самвыдату ў 1970-1980-я, крытык камуністычнай нацыянальнай папітыкі, цярпеў ад перасьледаў з боку КГБ.

Дзяцінства і юнацтва М., сын савецкага афіцэра (расейца па нацыянальнасьці), правёў на радзіме маці ў Беларусі. У старэйшых клясах сярэдняй школы № 2 Наваполацку ён ужо быў вядомы ў моладзевым асяродку як чалавек, што крытычна ставіўся да савецкае рэчаіснасьці і адчуваў у сувязі з гэтым ціск з боку адміністрацыі, непасрэднай прычынай для якога паслужыла вывешваньне на школьнай дошцы аб'яваў праграмаў передачаў «Голаса Амэрыкі», «Радыё Саабода» і іншых заходніх радыёстанцыяў. .

У пэрыяд вучобы ў Наваполацкім політэхнічным інстытуце стаў ініцыятарам выданьня рукапіснага літаратурна-мастацкага часопісу «Блакітны ліхтар». Разам з групай аднадумцаў (Валеры Шлыкаў, Анатоль Рыбікаў, Андрэй Грабаў і інш.) выпусьціў у 1971-1974 15 нумароў часопіса. Нумар, цалкам падрыхтаваны М., зьмяшчаў ягоныя меркаваньні па праблеме беларускай мовы і яе пэрспэктываў ва ўмовах СССР. Поруч з чыста літаратурнымі матэрыяламі ў часопісе пастаянна зьмяшчаліся публіцыстычныя творы, дзе крытыкавалася праводзімая ў Беларусі палітыка русіфікацыі. У адным са сваіх вершаў М. параўнаў беларусаў са зьніклым народам этрускаў. .

Часопіс паступова павялічыў лік аўтараў і акрамя Полацку і Наваполацку дастаткова шырока чытаўся і меў рэзананс у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце і іншых менскіх вышэйшых установах. У 1974 на сьлед часопісу выйшаў КГБ. У вачох гэтае інстытуцыі ўяўляла грамадзкую небясьпеку ўжо сама беларуская мова моладзевага альманаху, які выходзіў у «інтэрнацыянальным сацыялістычным горадзе», у якасьці якога Наваполацак паказваўся афіцыйнай прапагандай. Усе нумары «Блакітнага ліхтара» былі канфіскаваныя. З М. і інш. выдаўцамі былі праведзеныя «прафіляктычныя гутаркі», у выніку чаго выпуск часопіса прыпыніўся. .

У 1976 М. скончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут. Па прычыне палітычнай ненадзейнасьці яму было адмоўлена ў прыёме на працу на Наваполацкі завод «Вымяральнік», які належаў да ліку «абаронных» прадпрыемстваў.

У другой палове 1970-1980-х М. актыўна займаўся капіяваньнем і распаўсюджваньнем забароненай у СССР літаратуры, у прыватнасьці, твораў М.Булгакава «Ракавыя яйкі» і «Сабачае сэрца». Асаблівае месца ў гэтай дзейнасьці займала нелегальнае распаўсюджваньне недаступных беларускаму чытачу навуковых і публіцыстычных матэрыялаў нацыянальнага характару: «Расейска-крыўскага (беларускага) слоўніка» В.Ластоўскага, беларускага часопіса «Крывіч»; антыкамуністычных вершаў і паэмаў вязьня ГУЛАГу паэткі Ларысы Геніюш. М. наведваў Л.Геніюш у яе доме ў Зэльве Гарадзенскай вобл.; у 1983 удзельнічаў у пахаваньні паэткі, якое адбылося пад татальным кантролем КГБ. .