Пятнаццаць гадоў не завітваў у «Славянку», а ў шынку між тым нічога не змянілася. Тут па-ранейшаму кісла пахла аўчынай, пад скляпеністай столлю вісела шызая махорачная аблачына, слізкая падлога, як і пятнаццаць гадоў таму, была засмечана яечнымі шалупайкамі, а між сталоў усё з тым жа імпэтам лётаў афіцыянт Васька, галава якога канчаткова аблысела і адбівала блікі ўсіх чатырох газавых ражкоў, якія віселі пад столлю.
Жыццё ў шынку ішло сваім ладам. Два падпітыя майстравыя аб нечым зацята спрачаліся; кудлаты тыпус, відавочна поп-расстрыга, спаў, абхапіўшы піўную бочку; ля буфета студэнт у шэрай тужурцы піў нагбом цымлянскае, другі стаяў поруч і мыляў вуснамі — лічыў глыкі, — а ў далёкім куце нейкія цыганістыя хлопцы, няйначай канакрады, уздымалі чаркі, бязладна падпяваючы Шаляпіну, грымучы голас якога вырываўся з раструба музычнай скрыні «Манатон».
— Васька! — гукнуў Лапахін, але афіцыянт нават не зірнуў у ягоны бок: падхапіў тацу з брудным посудам, кінуўся на кухню, ды нечакана спыніўся і паволі апусціў тацу на галаву наведніку, які сядзеў за крайнім сталом.
— Никан… Никандр Иваныч-с! Да как… да как же это?! — афіцыянт матнуўся ў цёмны кут, потым да буфета і, падхапіўшы з перапуду трохвядзёрны самавар, знік у пройме кухонных дзвярэй.
— Лопахин… Лопахин… — зашапталіся наведнікі, гармідар паволі аціх, і з парнай кухні выплыла кудлатая барада шынкара Пракудзіна.
— Никандр Иваныч?! Вот радость-то! Вот уважили старика! — заенчыў шынкар, захоплена рассунуўшы рукі. — В кабинет пожалуйте-с… Для почётных гостей-с. У нас на пасху сам митрополит с мандрыковским батюшкой обедали-с…
— Нет, брат, я уж тут, с народом, — прамовіў Лапахін, шукаючы вачыма стол, за якім любіў сядзець калісьці.
— Васька, что стал, антихрист! — крыкнуў Пракудзін, і праз імгненне Васька — прычасаны, прыбраны ў новую льняную кашулю і з бялюткім ручніком на плячы, — ужо ляцеў па шынку з дыхтоўным венскім крэслам над галавой.
Лапахін плюхнуўся ў падстаўленае Васькам крэсла, налёг рукамі на стол, змучана крахтануў. Запанавала няёмкая ціша: мандрыкаўцы сядзелі, баючыся зварухнуцца, і вінавата глядзелі на пустыя чаркі.
— Ну, чем кормите? — выдыхнуў ганаровы наведнік, тыцнуўшы пальцам у бок музычнай скрыні.
— Расстегайчики-с… сёмга-с… битки по-лопахински… — засакатаў над вухам афіцыянт, з прафесійным апломбам абапёршыся на стол двума пальцамі.
У шынку зноў заспяваў Шаляпін, і наведнікі, перавёўшы дых, стоена загаманілі.
— Про битки сейчас придумал? — з робленай суворасцю запытаў Лапахін.
Васька прыбраў са стала пальцы.
— Никак нет-с… Народ придумал. Десять лет подаём-с. Помните, вы нас учили: «Перчику, перчику подсыпьте».
— Помню, помню, каналья. Неси свои битки… Всё неси, — ужо лагодным голасам мовіў Лапахін, дастаўшы з партманета храбусткую асігнацыю. — И «смирновку» ташшы. На каждый стол по штофу.
Апошнія лапахінскія словы не на жарт усхвалявалі наведнікаў. Яны заварушыліся, стрымана закашлялі, а калі з кухні выйшаў шынкар з тузінам штофаў ва ўзнятых руках, дружна ўдарылі ў ладкі.
— Благодарствуем, Никандр Иваныч! Благодетель вы наш! — выдыхнулі мандрыкаўцы, узняўшы чаркі.
Наведнікі паўсталі перад дабрадзеем, як перад царом Міколам. Нават расстрыгу падхапілі пад пахі, і той, нічога не цямячы, зірнуў на свет зведзенымі да пераносся вачыма.
— Ну будя, будя вам, — прамармытаў Лапахін і хвацка, не раўнуючы, як майстравы пасля палучкі, кульнуў чарку.
— Можете, Никандр Иваныч! Сразу видно — из наших, мандрыковских! — лісліва загаманілі наведнікі, Нікандар Іванавіч ізноў мармытнуў: «Будя», — і пад ухвальныя воплескі грамады прыклаўся вуснамі да бутэлечнага рыльца.
Гарэлка з натугай прайшла ў нутро, і на душы адразу прасвятлела. Лапахін адкінуўся на прыслон венскага крэсла, задаволена адрыгнуў, напаўголаса запытаў Ваську:
— К вам людишки … во фраках… не захаживают?
— Никак нет-с. У нас всё больше мастеровые обеда-ют-с, — горача дыхнуў у лапахінскае вуха Васька, хацеў і яшчэ штосьці выдыхнуць, ды раптам стаіў дых і ўтаропіўся на ўваходныя дзверы.
Ля ўвахода стаяў маладзён у чорным фраку і з кіслай усмешкай на твары мружыўся на газавы ражок. Усмешка сведчыла за тое, што маладзён прыехаў са сталіцы і вочы ягоныя праглі не цьмянага газавага святла, а зыркай электрыкі. Наведнік падышоў да вольнага стала, сеў, спрытна адкінуўшы фалды, і, пстрыкнуўшы пальцамі, галёкнуў:
— Гарсон!
Гарсон быў заняты — падліваў гарэлку ў лапахінскую чарку, таму да маладзёна рушыў Пракудзін, а потым і сам Лапахін. Перакуліўшы па дарозе стол і два крэслы, фабрыкант паслізнуўся на кавалку расцягая, паваліўся на падлогу і з лямантам «Держи его!» ухапіўся рукамі за фалду маладзёнавага фрака.