Выбрать главу

Усчалася страшэнная сумятня. Лапахіна ўбрыкнулі нагой, чыясьці грузная туша навалілася на фабрыканта, а ў рот убілася смуродлівая барада. Роспачным высілкам Лапахін скінуў з сябе цяжар і, сплюнуўшы крывавую пену з расквашанай губы, прасіпеў:

— Держите его, это демон!

Мандрыкаўцы схапілі нячысціка за рукі, ногі і валасы, і Васька-афіцыянт, выціраючы стол, хуткагаворкай прамармытаў:

— Демон, Никандр Иваныч. Сущий демон-с!

— Не узнаёшь?! — страшным голасам вымавіў Лапахін, памацаўшы разбітую губу.

Нячысцік маўчаў, а калі б і захацеў што сказаць, дык не даў бы рады, бо яго трымалі за пашчэнкі.

— Кто такой? — Лапахін крутнуў у паветры пальцамі.

Афіцыянт Васька, зразумеўшы такі жэст, спехам паднёс тацу з брынклівай чаркай.

— Фокусник это. Я его в цирке видал, — гукнуў нехта з наведнікаў, і нячысцік, на знак згоды, лыпнуў вачыма.

— У Катьки был, сатана?

— Бы-ыл… — прастагнаў нячысцік, шморгнуўшы разбітым носам.

— А как ты из «Константинополя» в Мандрыковку перелетел?

Нячысцік ізноў шморгнуў носам, і ў вачах ягоных бліснулі слёзы.

— В гостинице мой брат был. Близнецы мы, нас даже матушка путает.

Лапахін каўтнуў гарэлкі, зноў узняў чарку, і Васька, стукаючы рыльцам бутэлькі па шкле, напоўніў яе з каптуром.

— А чего к чужим бабам ходите? — Лапахін панурыў разбітую губу ў чарку, аблізнуўся.

Фокуснік маўчаў. Лапахін грукнуў кулаком па стале, і ўсе, хто стаяў поруч, спалохана адхінуліся.

— Дама одна пришла за кулисы… С нею господин был. Говорят: посидите пару часов у двух девиц. По пятёрке нам дали. И антрепренёру отстегнули, чтобы с представленья отпустил. Завезли на авто… Девицам сказали, что мы из жан­дармерии, социалистов ловим…

— Дама в розовом платье была? — перабіў Лапахін і, не чакаючы адказу, сіпла і страшна працадзіў: — Убью обоих.

— Не губите, матушка у нас больная… Сестрица инвалид… в приют определили…

— Да не тебя, дурак, — перакрывіўся Лапахін і загадаў адкаснуцца ад фокусніка.

…Выпіўшы на пару з цыркачом штоф «смірноўкі», дарэшты ўпіты фабрыкант працяўся да субяседніка шчырай спагадай, назваў таго лепшым сябрам і, паклаўшы важкую руку на сябрукоў карак, прагугніў:

— Хочешь — завтра женю на Катьке…

— Не могу-у… У меня ангажемент. Завтра в Тамбов переезжаем, — цыркач разліў у чаркі рэшткі гарэлкі, перадаў пустую пляшку афіцыянту.

— Какой н-нахер Тамбов. Возьму тебя на завод, — Лапахін ікнуў, няпэўнай рукой узняў чарку, — ты что-нибудь, кроме фокусов, можешь делать?

— Романсы исполняю под гитару.

Такая навіна настолькі ўразіла фабрыканта, што ён працверазеў. Пакруціўшы галавой у пошуках афіцыянта, фабрыкант чарговым разам грукнуў кулаком па стале і нема загарлаў:

— Васька, чёрт леший… гитару!

Гітара — парэпаная, зацяганая, з бруднай жычкай на грыфе — з’явілася на дзіва хутка.

Цыркач правёў пальцам па струнах, крутнуў калок, запытальна зірнуў на фабрыканта.

— «Чё те нада?» знаешь?

Запанавала ціша. Толькі на кухні сквірчэлі шанежкі ды ў дальнім куце надрыўна хроп расстрыга, але і той аціх, абуджаны хвацкім штурханом.

Першы зык атрымаўся напяты, як струна, але затым голас разняволіўся, залунаў над прыціхлай грамадою. Толькі цяпер зразумеў Лапахін, чаго прасіла душа. Душа прасіла песні — бязмежнай, як стэп, і праўдзівай, як сама праўда. Цела стала лёгкім, сэрца сцялася, нібыта ад поціску жаночых рук, пякучыя слёзы перацялі дыханне, і фабрыкант-мільёншчык, каб канчаткова імі не задыхнуцца, ірвануў на грудзях кашулю і далучыў свой дрогкі барытон да высокага фальцэту спевака.

— Ты скажи, ты скажи, чё те надо, чё те надо, может, дам, может, дам, чё ты хошь…

Лапахін заплюшчыў вочы, забыўшыся на свае трывогі, а калі, пасля другога рэфрэну, перавёў дых і размежыў павекі, дык убачыў, што фокуснік пакінуў граць і, па прыкладу афіцыянта, утаропіўся на дзверы.

На парозе, насунуўшыся плечуком на дзвярны вушак, стаяў упраўляючы Нольд. Нольдавы валасы злавесна стаўбурыліся, на лбе чырванеў вялізны гузак, рукаво форменнай тужуркі было надарванае, і ўсё гэта наводзіла на думку, што немца хвіліну таму выцягнулі з зашмаргі.

Позіркі іх сустрэліся, і немец задыхана прастагнаў:

— Никандр Ивановитш! Бунт! Социалисты завод подожгли и меня немножэтшко убивайт!

Усе, хто быў у шынку, зірнулі на фабрыканта.

— Такую песню испортил, дур-рак! — паўтарыў Лапахін фразу, пачутую надоечы ў тэатры, наваліўся на стол і, абхапіўшы рукамі голаў, закалаціўся — ці то ад смеху, ці то ад роспачнага плачу.