Выбрать главу

Абабiўшы кiрзачы, Лябёдка паважнай хадою падышоў да Люськi, гульлiва пасьмiхнуўся, а Люська, не адрываючыся ад чытаньня, памацала рукой пад прылаўкам i выставiла перад наведнiкам бутэльку "Стралецкай".

Такiя Люсьчыны паводзiны наведнiку вiдочна не спадабалiся. Зьняўшы з галавы моташлем, ён налёг грудзiнаю на прылавак, з робленай цiкавасьцю зазiрнуў у кнiгу.

- Што, Мапасана чытаем? - прагугнiў Лябёдка, i шырокая пяцярня ягоная паволi легла на Люсьчын азадак.

Люська, вiдаць, толькi таго i чакала, бо кнiжка надта ж iмпэтна ўзьнялася ў паветра i гучна ляснула па Лябёдкавай патылiцы.

- Лябёдка! Зноў хулюганiш? - пачулася за перабойкаю, а ў раздатачным вакенцы ўзьнiк расчырванелы твар загадчыцы сталоўкi.

- Пятроўна! Цешчы ты мая дарагая! Я ж да вас сватацца прыйшоў! жартаўлiва заенчыў Лябёдка, i адказам яму быў грукат мэталёвага посуду i абураны голас Пятроўны:

- А каб цябе парвала, такога зяця!

Пятроўна выйшла з кухнi, паправiла на галаве хустку, а згледзеўшы Iвана, якi муляўся ля дзьвярэй, з усьмешкаю на вуснах запытала:

- Што, Ваня, прыехаў... будзеце цяпер на пару пiячыць? - Пятроўна хацела яшчэ нешта сказаць, аднак Лябёдка, абураны такiмi словамi, паставiў "Стралецкую" на блiжэйшы столiк i суворым голасам загадаў:

- Абслугоўвайце наведнiкаў!

Iван, слухаючы ўсё гэта, гатовы быў скрозь зямлю правалiцца. Ён ужо i ня рады быў, што пацёгся зь Лябёдкам у сталоўку, i, перакiдваючы з рукi на руку брынклiвую валiзу, кiдаў дакорлiвыя позiркi на шырозную Лябёдкаву сьпiну.

Пятроўна ляснула дзеля прылiку косткамi лiчыльнiкаў, з усьмешкаю на перакошаным твары прамовiла:

- Два шэсьцьдзесят... наведнiкi.

- Дзьве скумбрыны i чатыры хлеба, - усё тым жа афiцыйным тонам прасiпеў Лябёдка, пашнарыў па кiшэнях i, зьвяртаючыся да да Iвана, прабачальным голасам запытаў: - У цябе пару рваных ня знойдзецца?

Iван зь Лябёдкам расьлi бязбацькавiчамi. Iван свайго бацьку толькi на фотаздымку бачыў, а Лябёдкаў бацька, калi сын яшчэ i ў школу не хадзiў, завэрбаваўся па аргнаборы ў Карэлiю, i яго там, нецьвярозага, забiла на лесапавале. Бязбацькавiчы, як вядома - тыя ж браты. Iван мiнулым часам цэлымi соднямi прападаў у кiнабудцы. У карты граў, кружэлкi круцiў на клюбнай радыёле, а вечарамi стужкi перамотваў ды фiльмы глядзеў праз адтулiну. Праўда, калi Лябёдка бываў не ў гуморы - з бадуна, цi калi з Мандрычыхай палаецца, дык мог свайму "брату" i па карку заехаць, а то, згадаўшы саратаўскую вучэбку, у якой служыў у войску, мог загадаць разоў сорак ад падлогi адцiснуцца. I вось, сядаючы за стол у куце сталоўкi i адчуваючы, што настрой Лябёдкавы канчаткова сапсаваны, Iван з насьцярогаю пакасiўся на сваю былую аднаклясьнiцу.

"Стралецкая" - настойка на дзiва паганая. Яе глытаеш, а яна назад лезе...

Кульнуўшы па першай, хлопцы скрывiлiся, пусьцiлi пад ногi згуслую сьлiну i з драпежным выглядам на тварах сталi зьдзiраць зубамi скуру зь перасохлых рыбiн.

Пару хвiлiнаў яны сядзелi моўчкi, грызьлi каляную рыбу, аж пакуль Лябёдка не пацягнуўся за бутэлькай i, налiваючы па другой, не працадзiў:

- Яны яшчэ пашкадуюць...

Налiў сабе Лябёдка ў два разы болей, чым сябру, i пад пiльным Iванавым позiркам трунак улiўся ў ягонае нутро нат не зварухнуўшы коўцiка.

- Два разы вымпэл атрымлiвалi... Курва гэтая, Мандрычыха, на сэмiнары езьдзiла. А безь мяне... раз на тыдзень круцяць, i стужка праз мэтар iрвецца. - Былы кiнамэханiк выплюнуў на падлогу рыбiну луску, выцягнуў з кiшэнi пачак "Беламору".

- А хто круцiць? - пацiкавiўся Iван, мерачыся запусьцiць пальцы ў пачак з куравам.

- Як хто - Мандрычыха!

- Мандрычыха?! - а яна ўмее?

Былы кiнамэханiк чыркнуў запалкаю, паднёс да папяросы, i жоўты вогнiк зь вясёлым iмпэтам мiльгануў у ягоных вачах.

- Мiшка Бадуноў круцiць. А яна так... ажыцьцяўляе агульнае кiраўнiцтва. Лябёдка зацягнуўся папяросай, з шумам выпусьцiў дым, i той паволi паплыў у бок вакенца раздачы.

- Мiшка ж непаўналетак, дык яна да Даўгалёва езьдзiла, дамаўлялася. Казалi, пляшку белай ставiла. Ну i дамовiлася, старая курва. Палову стаўкi сабе забiрае, а палову Бадунiсе аддае.

За сьценкаю зноўку штосьцi грукнула, палiлася вада, i пачуўся зычны голас Пятроўны:

- Хопiць смалiць! Не ў хляве!

Яшчэ празь iмгненьне ў пройме раздатачнага вакенца мiльгануў раззлаваны твар Пятроўны, вакенца зачынiлася, i загадчыца, ужо прыглушаным голасам, дадала:

- Закругляйцеся. Хутка зачыняць буду.

Шызы дым, якi дагэтуль плыў у вакенца, папоўз па сьцяне, ахутаў шыльду зь нязграбным надпiсам "У нас не курят".

- Задзяўбла, - прашаптаў Лябёдка, затушыў аб нутраны бок стала папяросiну i, падвысiўшы голас, выдыхнуў: - Куды зачыняцца?! Сталоўка да сямi працуе!

- Да дваццацi сямi! - крыкнула за сьценкаю Пятроўна, пасьля чаго Лябёдка хiтнуў галавой i пацягнуўся за бутэлькаю.

Рэшткi "Стралецкай" былi разьлiтыя пароўну.

- Азярышчанцы казалi - Даўгалёў ня ведае, што й рабiць. Кiнамэханiкi ж на дарозе не валяюцца! Ня сёньня-заўтра папросiць заяву напiсаць. Толькi во яму! - Лябёдка ляпнуў даланёй левай рукi па выстаўленай правай i падняў шклянку.

- Люська! Чаго ты тут мацюкi слухаеш?! Iдзi дахаты! - азвалася за сьценкаю Пятроўна, i Люська, захлопнуўшы кнiгу, без асаблiвай ахвоты падалася да вешалкi.

- Пятроўна, куды ж яна?! Хай пачакае... я ж папраўдзе жанiцца хачу! жартаўлiва заенчыў Лябёдка, а Люська, зьняўшы зь вешалкi палiто, крутнула пальцам ля скронi.

- У каго, у цябе? - крыкнуў увасьлед дзяўчыне былы кiнамэханiк, але тая не пачула - выбегла на двор.

Ад дзьвярэй павеяла халадэчай. Ачуўшыся, Iван пацёр лабешнiк, п'янавата ўтаропiўся ў супольнiка. Ад выпiтага кружылася галава, у вушах шумела i ён зусiм ня цямiў - пра што вёў гаворку сябра.

- У труне я бачыў гэты кiнапракат! - гукаў суразмоўнiк, раз-пораз пляскаючы даланёй па валiзе. У валiзе пры гэтым штосьцi бразгала. - Як захачу, дык буду мець болей, чым той Даўгалёў... з усёй яго канторай. - Слова "кантора" былы кiнамэханiк вымавiў зусiм цiха i, увабраўшы голаў у плечы, зiрнуў у бок прылаўка.