Выбрать главу

Каля першых дрэў Лош з Лісам ад’ехалі ў бок і спыніліся, прапускаючы тых, хто ехаў следам.

― Па сцежцы! Гужам! ― крычаў Лош, ― Хутчэй! Хутчэй!

Ястр таксама спыніўся.

Апошнім пад’ехаў, запавольваючы рух свайго каня, Комань. Гул конскіх капытоў падаляўся ў нетры лесу па вузкай звярынай сцежцы.

А з боку гарадзішча нарастаў ўжо гул капытоў мазаўшанскіх коней, ― пагоня!

― Што стаіце? Даганяйце! ― прагыркаў Комань.

― А ты!? Паехалі разам! ― крычаў яму ў адказ Лош.

Комань саскочыў з каня, павярнуўся да Лоша, потым паглядзеў на Ліса, на Ястра і спакойна прамовіў

― А хто вам сказаў, што я збіраюся ехаць?

― Лош з Лісам збянтэжана глядзелі на Команя і не знаходзілі слоў.

― Так і ведаў, што гэты стары чорт што-небудзь надумае! ― у роспачы крыкнуў Ястр.

― Ну што стаіце!? Даганяйце нашых! ― загадваў Комань, ― Лошна! Сынок! Бяры старшынства на сябе!

Комань гаварыў і адначасова гатаваўся да бою, здымаючы з каня узбраенне, ― гул мазаўшанскай пагоні няўмольна набліжаўся.

― Усе! Забірайце майго каня і шыбуйце! Зарадзі багоў нашых, едзьце хутчэй!!

― Комань! Тады я з табой! ― крыкнуў Ястр.

Комань замахнуўся мячом, ― ты патрэбен там, дурань стары! Дапамагай Лошну! ― крычаў ён, грозна гледзячы на Ястра. Потым ціха дадаў:

― Бывай, мой добры сябар. Гэта мая памылка, мне і адказваць.

Ястр, не зважаючы на меч, пад’ехаў да Команя, нагнуўся і абняў яго:

― Бывай, дружа! Хутка сустрэнемся ў выраі! ― ён падхапіў лейцы каня Команя і прышпорыў свайго, накіроўваючыся на сцежку. Астатнім не было калі развітвацца, яны хутка паехалі за Ястрам.

Некалькі імгненняў засталося Команю, каб прыгатавацца да сустрэчы ворага, але старому ваяру хапіла і гэтага. Трэба сказаць, што ён усё прадумаў загадзя, ― і пазіцыю, і плян апошняга свайго бою. Каля самага лесу, дзе канчаўся адносна шырокі поплаў, і пачыналася не аднім годам натаптаная звярыная сцяжына, што вяла ў нетры густога лесу, ляжала некалькі вялікіх валуноў і мноства камянёў. Тут не маглі праехаць адначасова больш, чым два вершнікі. Ліўцы гэтага не ведалі, таму ім знянацку прыйшлося асаджваць хутка скакаўшых коней. На нейкі час узнікла сумятня, некалькі вершнікаў пад напорам задніх заваліліся разам з конямі на камяні. Гэтым і скарыстаўся Комань, трапна кідаючы прыгатаваныя суліцы ў неабароненых мазаўшан. А рука ў яго была цвёрдая. Заднія са здзіўленнем глядзелі, чаму не паднімаюцца пярэднія, а тыя ўжо біліся ў прадсмяротных сутаргах. Пакуль ліўцы зразумелі, што да чаго, Комань паспеў яшчэ добра папрацаваць лукам. Ізноў некалькі ворагаў назаўсёды прытуліліся да зямлі. Нарэшце адзін з вершнікаў прадраўся па целах сваіх загінулых супляменнікаў да вузкага праходу і напаў на Команя, адначасова пасылаючы на яго каня і кідаючы ў твар суліцу. Комань адбіў мячом суліцу і спрытна адышоў убок, прапускаючы вершніка, а калі той параўняся з ім, замахваючыся мячом, здолеў яго апярэдзіць і ўдарыць знізу пад шчыт. Конь пабег далей, а вершнік павольна схіліўся на бок. Астатнія адскочылі, агаломшаныя неймавернымі стратамі, якія адбыліся на працягу кароткага моманту. Комань паспеў утыркнуць меч у зямлю, ізноў схапіць лук і некалькі разоў стрэліць, але ворагі ўжо былі напагатове і закрыліся шчытамі. Нядоўга яны былі ў замяшанні. Наогул, бой часта адбываецца намнога хутчэй, чым можна аб ім расказаць. Калі ліўцы убачылі, што дрыгавіч адзін, яны спешыліся і пачалі яго абкружаць. Некаторы час Комань адбіваўся мячом, але быў забіты трапна кінутай з блізкай адлегласці суліцай. Ён памёр моўчкі. Мазаўшане стаялі над ім, разглядаючы з жахам і, мімаволі, з павагай ― доблесных ваяроў шанавалі ва ўсе часы.

Больш пагоню не працягвалі, ніхто не пажадаў апынуцца далёка ад здабычы, якая заставалася ў гарадзішчы, дзе пачаўся гвалт, рабаванне, а таксама забойства тых непакорлівых, што не змаглі стрымаць здзекі пераможцаў, раззлаваных сваімі стратамі і тым, што самыя маладыя жанчыны і дзяўчаты збеглі разам з мужамі, якія, да таго ж, адвялі усіх коней, акрамя дзвух хворых, а таксама панеслі на сябе амаль усю зброю і баявы рыштунак. Ну, ды заставалася яшчэ шмат другога дабра ― быдла, палонныя, начынне…