Выбрать главу

Жанчыны, акрамя самых старых, перанеслі жудасны гвалт ад згаладнелых да кабет мужоў, многія з якіх у такіх абставінах губляюць чалавечае аблічча.

Спіслаў не стаў стрымліваць сваіх, якія ў момант ператварыліся ў драпежных звяроў, але сам лічыў нявартым займацца гвалтам на вачах ваяроў. Калі яму ў шацёр прывялі Ятвінгу, як самую прыгожую кабету з тых, што засталіся, адразу аб’явіў яе сваёй наложніцай. Ятвінга моўчкі сцярпела дамаганні конязя, якія ён дазволіў сабе пад прыкрыццём шатра і аховай грыдняў, не здолеўшы выстаяць перад прыгажосцю кабеты. Халоднасць прымушанай жанчыны астудзіла яго, і пасля ночы ён пачаў адносіцца да яе, як да тавару, што мае добры кошт.

Глава 43.

Уцёкі па Ясельдзе. Сыход на Ласінцу

Тры дні Роздум і ягоны невялікі атрад шыбавалі з усіх сілаў па пятляючай Ясельдзе, прытапіўшы адзін човен на чарговай старыцы, што часта былі відаць збоку ад асноўнага рэчышча, і перасеўшы ў два ― так было плыць хутчэй. Роздум не даваў адпачынку. Прыпыняліся толькі па патрэбе і на кароткі начлег. Нават падсілкоўваліся ў чоўнах. У першы дзень яны пераадольвалі вялікае балота Хорава. Здавалася, што не будзе яму ні канца, ні краю. Мясцовасць наогул паступова мянялася. Зніклі з гарызонту высокія лясістыя груды, якія яны назіралі дагэтуль. Іх змянілі пляскатыя далягляды, толькі дзе-нідзе на балоце сярод бясконцага чароту віднеліся невялічкія грудкі, часам адкрываліся даволі вялікія азёры. Рака то прыціскалася да вялікага лесу, то ізноў адыходзіла ў балота. Здавалася, што Палессе паступова праглынала іх. Ясельда рэзка крутанулася, і яны знянацку апынуліся зусім блізка ад нізкіх, урослых у зямлю хат пад чаротавымі дахамі. Некалькі кароў стаялі па брух у вадзе і ляніва жавалі. Сівы дзед сядзеў на травяным беразе і плёў кошык. Галапузая дзятва адразу заўважыла іх і сабралася на адкрытым месцы, адкуль добра было відаць чоўны з незнаёмымі людзмі. Дзед штосці крыкнуў, і дзятва знікла, замаскіравалася. Нельга давяраць чужынцам, не знаючы іхнія намеры. Падплылі, павіталіся:

― Добры дзень, дзед! Няхай дапамогуць багі тваёй справе!

― Ну-у, кошык я і без дапамогі багоў спляту, ― адказаў дзед, ― але добрым людзям таксама добры дзень!

Ён пільна ўглядаўся ў незнаёмцаў, спрабуючы ўгадаць, ці сапраўды няма ад іх небяспекі.

― Што звяло разам дрыгавічоў і яцвягаў? ― запытаў ён, ― як завуць цябе, хлапец? ― матнуў сівой барадой на Ятэля.

Ятэль назваўся.

― Ці не пад прымусам ты з дрыгавічамі?

― Не, дзеду. Гэта мае сябры.

― То добра. Сыдзеце на бераг? ― цяпер ён глядзеў на Роздума, распазнаўшы ў ім галоўнага.

― Не, дзед, спяшаемся. Ці нельга пажывіцца ў вас хлебам?

― Э-эх! Усе дарослыя хто ў полі, хто на паляванні альбо рыбу ловіць, ― ён ізноў матнуў барадой, цяпер у кірунку балота, і калі вандроўнікі павярнулі туды голавы, то ўбачылі досыць вялікі кавалак адкрытай вады яшчэ аднаго возера сярод балота, якое яны не заўважылі раней, і даволі далёка некалькі чоўнаў на яго паверхні, ― але сёе-тое мы вам дамо. Дзед крэкчучы павярнуўся да берагу:

― Гэй, мелката! Хадзіце сюды ўжо, хопіць хавацца!

Праз момант на бераг выбег тузін цёмнавалосай яцвяскай дзятвы таго ўзросту, калі ўжо спрытна бегаюць, але ў поле ці ў лес яшчэ з сабой не возьмеш. Дзед быў у іх за няньку.

― Орсік! ― звярнуўся ён да старэйшага, збегайце да крыніцы, там у вадзе стаяць збанкі з малаком, вазьміце пару.

Зграйка малых панеслася навыперадкі да хат.

― А ты ўнучка, ― сказаў дзед вялікавокай дзяўчынцы, шыбуй да нашай хаты. Маці зранку пякла хлеб. Вазьмі два караваі.

Другая зграйка панеслася ўваслед першай.

Праз кароткі час дзеці вярнуліся, выканаўшы даручэнні дзеда.

― Малако пералівайце куды-небудзь, бо за збанкі мяне кабеты сварыць будуць, ― сказаў дзед, ― ганчара ў нас цяпер няма свайго, памёр нядаўна.

Пералілі малако ў скураныя мяхі, узялі караваі.

― Што нас чакае наперадзе?

Дзед падрабязна расказаў пра далейшы шлях па рацэ, пра яе прытокі і завароткі, і што праз колькі дзён яны дайдуць да Вялікіх Спораўскіх азёр, за якімі ўжо напэўна яны знойдуць дрыгавічоў.

― Можна, канечне, і звярнуць у які-небудзь правы прыток, там бліжэй да іхніх паселішчаў, але ж трэба грабсці насупраць плыні і прадзірацца па маленькім рачулкам, дый не на кожнай сядзяць дрыгавічы.