― Як з табой разлічыцца, дзед? ― запытаў Роздум, калі той расказаў усё, што ведаў.
― Хто з патрэбы вандроўнікаў нажываецца, той сумлення не мае, ― адказаў стары.
― Вялікае дзякуй, дзед! Добрага здароўя табе і тваёй дзятве!
― Калі ласка.
― Але дазволь хоць трохі аддзякваць, вазьмі вось гэтае, ― і Роздум перадаў праз Орсіка невялічкі пакунак, ― гэта соль.
― Ну, ад солі хто ж адкажацца, ― задаволенна згадзўся дзед.
Адчалілі. Стары ізноў узяўся за свой кошык.
― Як завуць цябе, дзед? І што гэта за паселішча?
― Скорцы мы. І паселішча называецца Скорцы. І імя маё Скорца! ― у голасе дзеда чуўся гонар.
Дзеці доўга яшчэ беглі берагам ракі за чоўнамі, аж пакуль не скончылася сцежка…
Наперадзе, па меры руху, спачатку праваруч, а потым і з левага боку ўсё бліжэй падступаў лес. Здавалася, што ён абкружае, адкрытая прастора заставалася толькі ззаду, а спераду не праглядалася ніякага выйсця, і незразумела было, куды ж падзенецца Ясельда.
― Не паверне ж яна назад! ― супакойваў сабе і астатніх Роздум.
Але рака без аніякай напругі знайшла сабе дарогу на ўсход, робячы невялікія лукавіны паміж лясістых і, цесных берагоў. Яны і тут былі балоцістыя, паросшыя трыснягом і чаротам, але плынь намнога часцей угрызалася ў карэнны сухі бераг. Аднастайнае віславанне моцна вымотвала вандроўнікаў. Часам то адзін, то другі пачынаў драмаць на хаду. І тады Роздум чапляў вяслом ваду і бязлітасна ліў раззяве за каўнер, што адразу прытомніла. Калі прыходзіў час прыпыняцца, ён наўмысна выбіраў месцы з высокімі дрэвамі і адразу камандаваў Ятэлю лезці як мага вышэй і аглядаць рэчышча. Юнаку ўжо надакучыла гэтае лазанне, але ён не падаваў выгляду, і старанна ўзіраўся ўдалечыню з самай вершаліны дрэва. Востравух зрабіў з бярэсты доўгую і вузкую трубку, Ятэль браў яе з сабой і глядзеў праз яе то аднім, то другім вокам. Здавалася, што так бачна далей і больш выразна. Але дасюль ён бачыў толькі зялёны абшар лесу, ды яшчэ балота, таксама зялёнае, на якім часам віднеліся бурыя плямы дрыгвы. Звілістая стужка ракі мяняла адценне ў залежнасці ад пары дня і надворья. Часам ягонаму позірку трапляліся які-небудзь звер ці птушка.
Так яны плылі дзень за днём. Без прыпынку мінулі яшчэ адно яцвяскае паселішча. Дарослых не бачылі, толькі дзеці стаялі нерухома і глядзелі на іхнія чоўны. Ізноў ўліваліся ў Ясельду прытокі, паступова ўсё болей напаяўняючы яе вадой. Калі рукавы, нарэшце, зліліся ў адно агульнае рэчышча, то рака пачала выглядаць ўжо даволі моцнай і імклівай. Вось плынь упёрлася ў высокі груд, і каля аголеннага пяшчанага берага пачала паварочваць направа. Роздум даў каманду спыніцца. Сонца яшчэ не дайшло да вышэйшай кропкі, але яны граблі з самага ранку і трэба было трыху адпачыць ды пад’есці. Ятэль, як заўседы, лоўка скараскаўся на самае высокае дрэва і пачаў ўглядацца ў той бок, адкуль яны плылі. Сонца свяціла якраз з-за спіны, таму ў накірунку ягонага позірку было добра і далёка ўсё відна. Ён злавіў у бярэставую трубку спачатку бліжэйшае наваколле і мімаволі залюбаваўся выйшаўшым на вадапой статкам казуль, потым пачаў углядацца далей, імкнучыся не згубіць з поля зроку стужку ракі. Там узнік нейкі перапалох сярод качак, якія да гэтага вёртка снавалі па вадзе. Але як ні ўглядаўся Ятэль, нічога падазронага не заўважыў. А вось, калі аглядзеў самы дальні кавалак даліны і ўжо збіраўся апусціць трубку, ягонае вока зачапілася за нейкія бліскаўкі, што раз-пораз на кароткае імгненне з’яўляліся на амаль нябачнай адсюль стужцы вады. Роздум глядзеў знізу на напружаную паставу хлопца.
― Што там, Ятэль?
― Не разумею, дзядзька Роздум. Нейкія бліскаўкі.
Пачуўшы гэта, Роздум адразу палез да Ятэля. Ён некаторы час пільна ўглядаўся ў далечыню.
― Ты не зразумеў?! Гэта ж вада на вёслах бліскае! Усё-ткі яны нас даганяюць! ― вужлакі зайгралі на сківіцах Роздума, ― збірайцеся хутчэй! ― крыкнуў ён уніз.
Цяпер нікога не трэба было падганяць. Усе малацілі вёсламі па вадзе, як апантаныя. Але доўга так не вытрымаць. Праз нейкі час веславанне ўвайшло ў звычайны рытм.
― Колькі іх? ― спытаў Чмель.
― Не разглядзеў ― надта далёка, ― адказаў Роздум.
― Колькі ў нас часу?
― Цяжка сказаць. Можа, улічваючы, што і мы не стаім на месцы, поўдня.
― Значыць, да вечара. Прыйдзецца плыць і ноччу, ― прабурчэў Востравух.
― Да ночы яшчэ дажыць трэба.
Да ночы яны дажылі. Вячэралі на вадзе, напераймы працуючы вёсламі. Калі зусім сцямнела, прыйшлося ход запаволіць. Як і дагэтуль, з вады то тут, то там тырчэлі галіны затопленых карчоў і дрэў. Адна справа абыходзіць іх днём, калі нават пад вадой можна разглядзець небяспечны сук ці ствол. Заўсёды знаходзіўся праход, бо рэкі былі шляхамі, і тутэйшыя людзі, якія карысталіся імі, павінны былі расчышчаць рэчышча. А цяпер, чым больш цямнела, тым больш рызыкоўна было прасоўвацца па незнаёмай вадзе. Яны плылі асцярожна, амаль навобмацкі. І ўсё роўна не ўберагліся. Калі цемра згусцела, пярэдні човен пасля нечаканага заваротка ракі наляцеў на прытоплены ствол хвоі. Не паспелі зразумець, што здарылася, як Востравух з Чмелям і Воўч з Ежкам, а тасама і Шэры ужо боўталіся ў вадзе. Перакулены човен павольна сплываў у цемру. Пакуль даганялі яго, пакуль вылоўлівалі патанулую паклажу, прайшло нямала часу.