Адказ ясны: ― Мы ведаем вельмі мала, бо не было тут пісьменнасці, не было мураваных будынкаў...
Яно то так.
А гэта справядліва?
Тут таксама жылі людзі. Яны нараджаліся, паміралі. Напэўна сярод іх былі героі, знакамітыя мужы, прыгожыя, як багіні, жанчыны. Тут таксама былі бурныя падзеі, бітвы і перамогі, заўзятасць і крывавыя пакуты...
Ну дык разыйдзісь жа, смуга часу...
Пралог
Ніхто з людзей, нават з самых дасведчаных ― тых, што валодалі патаемнымі ведамі і маглі размаўляць з багамі, ― ужо не памятаў пра готаў, якія прасунуліся праз гэтыя мясціны з поўначы на поўдзень, нібыта востры нож-корд скрозь свежае сала. І ніхто не ведаў, што не ўсе яны сышлі адсюль, а былі такія, што засталіся, бо іх зачараваў край неабсяжных пушчаў, невялікіх утульных азёр і бяскрайніх балот. Яны растварыліся сярод тых, хто тут жыў спакон веку, і толькі радавая мянушка альбо назва паселішча магла паказаць на паходжанне, ды ніхто аб гэтым не здагадваўся. А, між тым, менавіта готы, якія ў пошуках лепшай долі зрушылі з прарадзімы і перасоўваліся па зямлі, нікога не пытаючы дазволу, і без роздумаў выцягваючы з похваў мячы, калі хто-небудзь жадаў ім перашкодзіць, пачалі ўсеагульную калатнечу, якая прывяла да таго, што многія плямёны ссунуліся з абжытых земляў, несучы разруху і пагібель найслабым. А можа й распавядалі вяшчуны-кашчуннікі лягенды пра готскую краіну Оюм, што існавала на поўдзень ад нараўскіх балот, або пра правадыра готаў Германарыха, які, напэўна, меў зносіны і з нашымі прашчурамі.
Потым наваліліся з усходу гуны, і цяжка прыйшлося і готам, і ўсім, хто апынуўся ў іх на дарозе. Загінула краіна Оюм, шукаў смерці ў баі і лёгка знайшоў яе, не пажадаўшы скарыцца, Германарых, а многія з ваяроў тутэйшых плямёнаў, адны як саюзнікі, другія пад прымусам, рушылі на захад, дапамагаючы “бічу божаму” Аціле і другім правадырам гунаў ваяваць і рабаваць заходнія землі. Шмат хто загінуў, іншыя здолелі здабыць ратную славу і нарабаваць чужога дабра, але мала хто вярнуўся ― на захадзе, акрамя вялікай верагоднасці згубіць сваю галаву, была яшчэ і безліч спакусаў. І гэтыя падзеі з цягам часу ператварыліся ў людскай памяці ў легенды, ды жанчыны часам страшылі непаслухмяных дзяцей імем Ацілы ― прыйдзе і забярэ ў мяшок…
А вось пра обраў памяталі яшчэ добра, распавядалі з пакалення ў пакаленне старыя малым, як тыя зруйнавалі галоўны гарадзен Зімна, як развалілі дагэтуль магутны звяз плямёнаў, прымучылі дулебаў, здзекваліся над людзьмі, бясконца доўга панавалі над усімі тутэйшымі, тлусцелі і не ведалі не тое, каб жалю да тых, хто іх карміў, а нават таго клопату, які мае чалавек да свайго быдла. Обры думалі, што заўсёды можна будзе зневажаць пакорлівых мужоў, забіваючы дзёрзкіх, замест каня запрагаць у воз жанчын, і што так будзе заўжды. Яны прымушалі ваяваць з дагэтуль прыязнымі дулебам плямёнамі ― супраць сваіх. Здаецца, раней на гэтай зямлі ніколі не было такога цяжкага прыгнёту, многія прынялі дадзенае становішча, як пакаранне багоў, як сілу, якую адолець немагчыма, і цярпліва неслі абавязкі пераможаных перад пераможцамі, губляючы свой племянны дух і апошнюю павагу да сябе. Але заставалася вялікая нянавісць, добра схаваная пад маскай пакоры, і здолелі правадыры скарыстаць гэтую нянавісць, згаварыцца, патаемна выкаваць у людзях надзею, на лясістых грудах сярод дрыгвы падрыхтаваць рашучых ваяроў, якія ўдзень гнулі спіну на обрына, а ноччу, пры святле вогнішча, гатавалі зброю і вучыліся ваярскай справе.
І не знайшлося аніводнага здрадцы.
Доўга чакалі зручнага моманту і, нарэшце, дачакаліся. Калі далёка на захадзе обры пацярпелі паразу ад ваяўнічых франкаў, зразумелі ― час надышоў. Шуганула раптоўна і паўсюдна людскім гневам, што збіраўся з пакалення ў пакаленне, і не ўтрымаць было гэты гнеў ні ў якіх рамках. Не літавалі ні старога, ні малога, такая заўзятая жыла нянавісць да прыгнятальнікаў.
І згінулі обры.
Тады акрыялі людзі, адчулі сваю чалавечую годнасць. Але ў былы дулебскі звяз плямёнаў паверыць ужо не маглі. Мужы з той пары не хавалі далёка мячы і дзіды, суліцы і лукі са стрэламі ― заўсёды былі гатовыя ваяваць, каб змыць крывёю ганьбу былога рабства. Берзічы першымі рушылі праз багну на поўнач. Там замест разбуранага Зімна непакорлівы конязь і вярхоўны святар Хацімір каля вялікай ракі Прыпяці, на месцы старадаўняга капішча, дзе збіралася не адно пакаленне вяшчуноў і правадыроў, выношваючы думы пра будучае паўстанне, сярод непраходных балот каля вусця Гарыні, заснаваў гарадзен-крэпасць Хатомель. За берзічамі пацягнуліся другія плямены. Пабудавалі яшчэ адну цвярдыню ― Хільчу. Таксама каля вялікага воднага шляха Прыпяці, і таксама ў зацішным месцы. Тут не было конязя, правілі гарадзенам і навакольным людам выбраныя ад сямі вольных плямёнаў сем радцаў.