Але яна памылілася. У невялікім разрыве паміж хмарамі дзеці ўгледзелі вялікую зорку, а каля яе ― некалькі меншых, і з радаснымі крыкамі ўваліліся ў хату:
― Ёсць! Ёсць зоркі!
― Дачакаліся Каляд!
― Ну! Раз дачакаліся, тады будзем садзіцца за стол.
У дальнім кутку хаты на каменным агмені весела танчыў новы агонь. Доўгі стол, які займаў добрую палову памяшкання, быў накрыты святочным ільняным абрусам з узорамі, пад якім тонкім слоем было разаслана пахкае сена. За бліжэйшы да агменю канец ніхто не сядаў ― там расклалі пачастункі прашчурам. За другім канцом на чале стала сядзеў Лош ― Лошна Заманавіч ― старэйшы муж у хаце. Побач ягоная жонка ― прыгожая і вясёлая Ланя. З другога боку ― сястра, гаспадыня хаты Крына. Потым Нор ― Ніканор ― малады і адзіны раб Лоша, што дастаўся яму ад нябожчыка бацькі: стары Замана паланіў яго ў час набегу на рамеяў, у якім бралі ўдзел ваяры з роду Команяў амаль сем зім таму. Нор быў хрысціянінам, але ў падзяку гаспадару за тое, што харчуецца за адным сталом з яго сям’ёй, а не дзе-небудзь у хляве з быдлам, як некаторыя рабы ў іншых гаспадароў, цярпліва зносіў паганскія звычаі, нішкам молячыся свайму богу. Астатнія месцы на доўгіх лавах займала дзятва: родныя дзеці Крыны і дзеці памерлай ад цяжкіх родаў сястры. Муж Крыны, Воўчаў бацька, надарваў жылы на лядах і таксама памёр два гады таму. У Лані і Лоша сваіх дзяцей пакуль што не было.
Месца на лавах усім не хапала, таму малодшыя сядзелі на руках у старэйшых. Было надта цесна, але па-святочнаму весела. Пахі ад сытных страў прыемна казыталі насы. Налілі ў кубкі дарослым хмяльной медавухі, дзецям ― напою з журавін. Усе глядзелі на Лоша, а той узіраўся ў процілеглы канец стала, дзе стаялі пачастункі продкам, нібыта бачыў там кагосьці.
― Дзякуй багам і прашчурам нашым, што мы жывыя і здаровыя, што дапамаглі нам адшукаць Воўча, што дачакаліся новага Сонца. І дай усім нам, Каляда, шчасця…
Калі ўсе добра пад’елі, Лош падняўся:
― Нор, хадзем са мной, дапаможаш.
Яны выйшлі з хаты да хлявоў, у капне сена адшукалі прыхаваную мядзведжую шкуру. Праз кароткі час у кірунку бажніцы падалася постаць, вельмі падобная на мядзведзя.
Там ужо чакалі іншыя маскіраваныя ― задзірлівыя Каза, Дзед і Жораў, змрочныя Смерць і Старчыха, потым падышлі у абдымку забіяцкія Чорт з Ваўком ды важкія Тур і Кабыла, а таксама апрануты па-святочнаму, але без маскі, старэйшына роду Комань.
Святар Ястр, які заўжды меў адмысловае маляўнічае адзенне з багатага меху ды з рознымі падвязкамі і пацеркамі, загадаў усім зайсці ў капішча, і там пачаў каля вогнішча абрад гадання на чарговы год. Ніхто з прысутных не разумеў дзеянняў вешчуна. Той часам патрабаваў дапамогі: штосьці падтрымаць, паднесці або выкінуць, наліць кудысьці вады, кінуць у вогнішча пук нейкага зелля. Раз-пораз агонь рабіўся то больш яркім, то амаль згасаў; дым быў то чорным, то белым, то рудым. Змяняліся і пахі: ад салодкіх да рэзкіх і непрыемных. Вось святар набраў вуголля на шырокі дубовы плашчак, адвярнуўся ад усіх, накрыўся радном і схіліўся. Маскіраваныя на розныя галасы зацягнулі старадаўнюю песню. Ястр доўга штосьці шаптаў, часам гайдаўся з боку ў бок, і ўвесь гэты час доўжылася песня. Калі, нарэшце, яна скончылася, вяшчун павярнуўся да маскіраваных і Команя.
― Каляда і Ярыла прадвяшчаюць ураджайны год, ― урачыста прамовіў Ястр, ― зіма скончыцца звычайна, але сакавік будзе студзёным. У траўні і чэрвені пройдуць своечасовыя дажджы, вырастуць добрыя травы на сенажацях і збожжа на лядах. А вось грыбоў многа не назбіраем, бо восенню прысушыць, і будзе яна доўгая і цёплая.
Узрадаваліся маскіраваныя, бо выходзіла, што год будзе ўвогуле нядрэнны. Гаданне скончылася, самы час ісці калядаваць па хатах. Падскочылі музыкі, зараўла дуда, закалаціўся бубен, і святочны натоўп падаўся да хат.
Ніхто акрамя Команя не заўважыў, што не было радасці ў вачах старога святара. Калі ўсе аддаліліся, ён наблізіўся да Ястра і схапіў яго за пояс:
― А цяпер кажы, што ўтаіў.
― Можа, потым, Комань, ― не хацеў вяшчун псаваць свята старэйшыне, з якім быў, да таго ж, сябрам з дзяцінства.
― І потым таксама пагаворым. Ну?!
― Трэба рыхтавацца да вайны, Комань.
― Да вайны заўсёды трэба быць напагатове. Што, так дрэнна?
― Дрэнна, Комань. Але мне трэба яшчэ паваражыць праз нейкі час.
― Калі чакаць бяды?
― Не цяпер. Яшчэ ёсць час.
― То пагаворым апасля. Цяпер трэба да хаты падавацца. Да мяне ж першага каляднікі прыйдуць. І ты завітвайся. Хоць ты і вяшчун, але ў свята трэба быць з людзьмі, сам ведаеш.