― Хто гэта там стукае?
― Сам Зюзя стукае, людзей ушчувае!
Акрамя роду Команяў, што пражываў не толькі ў Ведзмядзях, але і на выселках, былі яшчэ два ― род Багрымаў, які месціўся ў паселішчы Вусце, там, дзе Промша ўпадае ў Маўчаду, і род Дайгодаў ― у Рудзе, дзе Ізва ўпадае ў Нёман. Яны абменьваліся нявестамі, бо браць жонку са свайго роду было забаронена. Часам усе тры роды ладзілі сумеснае паляванне, асабліва, калі трэба было паменшыць колькасць ваўкоў ці іншых драпежнікаў, часам ваявалі разам у ліхалецці; зрэдку паміж імі здараліся звады з-за сенакосаў або борцяў, але ўвогуле жылі дружна. Мелася ў іх на амаль аднолькавай адлегласці ад кожнага з гэтых паселішчаў агульнае ігрышча ― шырокая паляна сярод лесу, дзе ў святы збіралася моладзь з усіх трох родаў.
Гэтым разам на паляну прыйшла не толькі моладзь, але і маладыя мужы, каб падужацца і пабіцца на кулаках. Лош любіў гэтыя забавы, лічыў іх карыснымі для ваяра. Біліся род на род, паселішча на паселішча. Перад тым, як даходзіла да бойкі паміж дарослымі, валтузілася дзятва, пачынаючы ад самых малых. Лош назіраў, як першы раз б’ецца Воўч, каб вызначыць, ці ёсць у таго задаткі байца. Воўчу спачатку было неяк няёмка біць напаўзнаёмага хлопца з Вусця, што апынуўся насупраць, але, калі атрымаў добрага тычка па скуле, то адразу даў здачы, ды так, што той адляцеў.
Воўч паглядзеў убок і пабачыў, як схапіліся яго сябар Ежка са сваім супернікам, ды перад ім ужо з’явіўся другі, больш старэйшы хлопец. Ён лёгка збіў Воўча з ног, але той крутануўся і таксама зваліў яго ў снег. Хлопец раззлаваўся, што не даў рады слабейшаму, і ўдарыў суперніка ў нос. Воўч, не зважаючы на юшку, што пацякла па падбародку, галавой з усёй сілы баднуў свайго крыўдніка ў твар. Той перакуліўся, ад нечаканасці закрыўшыся далонямі, і адразу ўскочыў, раззлаваны яшчэ больш. Цяпер з яго будуць кпіць старэйшыя браты, бо меншы за яго супернік два разы зваліў яго з ног! Ён крыкнуў скрозь зубы: ― Зараз я цябе заб’ю! ― і хацеў ізноў накінуцца на Воўча, але не паспеў, бо таго адкінулі за каўнер назад свае старэйшыя хлопцы, якія ўступалі ў бойку. Воўч падняўся, прыклаў кавалак снегу да носа, і раптам сустрэўся позіркам са сваім супернікам, якога таксама адціснулі назад. У яго вачах Воўч убачыў лютую злосць.
А ў бойку ўжо ўваходзілі дарослыя мужы, і глядзець на іх было страшна і вельмі цікава. Кулакі мільгацелі так хутка, што цяжка было прасачыць за імі. То адзін, то другі баец апыналіся на снезе, збітыя лоўкім ударам, але адразу ускоквалі і зноў шукалі суперніка. Лош тройчы збіваў з ног Лупача з Вусця, але той кожнага разу маланкава ўскокваў на ногі, і нарэшце сам трапна ўдарыў Лоша, уклаўшы яго ў снег. Лош падняўся і адразу атрымаў яшчэ адзін удар у твар. Ён ізноў пачаў паднімацца, але ўбачыў сваю кроў і вымушаны быў выйсці з бойкі ― такія правілы. Тады ён застаўся ляжаць, назіраючы, як б’юцца астатнія. Усё менш ваяроў заставалася на нагах, і хутка бойка скончылася.
Лош і Воўч сядзелі побач на краю паляны, абапёршыся на ствол высокай сасны, і трымалі на насах снег. Яны паглядзелі адзін на аднаго і зарагаталі.
― А з цябе можна зрабіць байца, задаткі ёсць, ― пахваліў Лош пляменніка. ― Толькі запомні: галоўнае ― мець цвярозы розум, не даваць злосці занадта многа волі.
Воўча вельмі ўзрадавала хвала Лоша, а на заўвагу ён спытаў:
― А як жа “пана”, дзядзька Лош, хіба гэта не панаванне злосці і лютасці?
― Э-э! У пану могуць уваходзіць нямногія. Так, гэта лютасць, але пад уладай розуму…
Паступова ўсе пацярпелыя абцёрліся снегам ад крыві, адсапліся. Дарослыя мужы і мальцы разыходзіліся – хто дахаты, хто ў госці ў суседняе паселішча, і часта здаралася, што да тых, з кім толькі што біліся. А моладзь яшчэ на нейкі час заставалася на ігрышчы. Воўч з распухлым носам і Ежка з сіняком пад вокам ішлі разам і заўзята абмяркоўвалі тое, што бачылі і ў чым удзельнічалі самі. Яны сёння трошкі пасталелі. Калі адыходзілі, Воўч яшчэ раз сустрэў поўны злосці позірк былога свайго суперніка…
Увечары ў Ведзмядзі прыйшоў дзіўны госць. Дзяцюк высокага росту, апрануты ў шырокую яркую накідку, увесь абвешаны званочкамі, каляровымі анучкамі. Твар у яго быў пачварны, з чырвонымі шчокамі і вялікім носам, валасы доўгія, распушчаныя, як конскі хвост. У руках – тоўстае жазло, таксама абвязанае каляровымі тасёмкамі.