Выбрать главу

Але паранены патрабавальна працягнуў руку.

— Дай аўтамат!

— На, калі ласка. Што толькі ты з ім рабіць будзеш?

Слепа прыгробшы да сябе аўтамат, дэсантнік супакоіўся, але гэты яго супакой быў напружаны, як перад новым рыўком. I сапраўды, неўзабаве без усякай сувязі з папярэднім Ціханаў сказаў:

— Я памру, ага?

— Чаго гэта ты памрэш? — знарок грубавата папракнуў яго Ляўчук. — Вынесем, жыць будзеш.

— Куды… Куды вы мяне несяце?

— У адно харошае месца.

Ціханаў памаўчаў, быццам памеркаваў аб чымсьці, і патрабавальна сказаў:

— Паклічце доктара!

— Каго?

— Доктара! Пайкіна паклічце. Ці вы аглухлі? Клава!

— Доктара няма тут. Ён недзе пайшоў,— знайшлася Клава і лагодна пагладзіла дэсантніка па рукаве.

Той прыкусіў засмяглыя вусны і сказаў запалым голасам:

— Як жа?.. Мне трэба ведаць. Сляпы я… Нашто я сляпы? Я не хачу жыць…

— Нічога, нічога, — сказаў Ляўчук. — Яшчэ будзеш бачыць. Пацярпі крыху.

— Мне трэба… Мне трэба ведаць… Паранены заціх на паўслове, Ляўчук з Клавай пераглянуліся — во яшчэ клопату! I Клава ціха сказала:

— Не пашэнціла Ціханаву.

— Яшчэ як сказаць, — не згадзіўся Ляўчук. — Вайна не скончылася, яшчэ невядома, каму пашэнціла, каму не.

Неўзабаве Грыбаед прынёс у шапцы вады, але дэсантнік ляжаў нерухома і не азваўся на яго прапанову напіцца. Ездавы нерашуча патаптаўся з шапкай у руках, з якой па пальцах лілася вада, потым выліў яе на траву.

— Кацялка няма? — запытаў Ляўчук.

— Няма.

— Эх ты, дзед-Грыбаед! Не запаслівы ты.

— Я такі дзед, як ты ўнук. Мне сорак пяць гадоў усяго! — здаецца, пакрыўдзіўся ездавы.

— Табе? Сорак пяць?

— Ну.

— Глядзі! А я думаў, што шэсцьдзесят. Чаго ж ты такі стары?

— Таго, — крыўдліва ўхіліўся ад адказу Грыбаед.

— Ну ладна, — уздыхнуў Ляўчук. — Трэба б паглядзець, мо дзе вёска якая?

— Залоззе тут недзе, — стрымана, быццам усё крыўдуючы, адказаў ездавы. — Ну. Недзе Залоззе павінна быць. Не спалена яшчэ было.

— Тады пойдзем.

— А калі гэта самае… А калі там немцы? Мусіць жа, іх тут налезла, як тараканаў. Хай іх чорт дзярэ!

Калі там немцы, дык ісці, вядома, не выпадала, напэўна, лепш было б разведаць спярша аднаму, а астатнім пачакаць дзе ў кустах. А то ў выпадку чаго з іхняю ношай не надта спрытна будзе, каб выкруціцца. Толькі чакаць тут, ля гэтай макрэдзі, было пакутай, да таго ж на пакошы заварушылася Клава.

— Ляўчук, трэба ісці,— са стрыманай, але пільнай патрэбай сказала яна.

— Ну во, бачыш! Трэба, значыць, ісці.

Яны памалу, па адным паўставалі на ногі, узвалілі на каня параненага, які і цяпер не выпускаў з рук аўтамата. Трымаючы зброю, Ціханаў супакоена аблёгся грудзямі на слізкую, выпацканую тванню конскую грыву і звесіў долу рудую, у бінтах галаву. Абапал прытрымліваючы яго, яны павялі каня па пракосу на край пожні, дзе, здаецца, пачыналася поле — кустоўе там меншала. Ззаду за канём, неяк квола і асцярожна ступаючы, ішла Клава.

Неўзабаве між чэзлых альховых кустоў і ляшчынніку яны выбіліся на адкрыты ўзлесак у нейкім лагу і павярнулі ўбок, па-над кусцікамі, каб не надта вылазіць на адкрытае месца. Згаладнелы конь раз за разам угінаў галаву і на хаду хапаў з-пад ног хамлакі травы, паранены тады ледзь не падаў з яго спіны, і яны як-кольвечы ўтрымлівалі яго. Грыбаед злосна піхаў каня кулаком у бок.

— Ціха ты, ваўкарэзіна. Не нажарэшся…

— Ну нашто так? — пярэчыў Ляўчук. — Ён жа жывы, есці хоча.

Тым часам развіднела. Тут, зводдаль ад балота, туману ўжо амаль не было відаць далей; убаку, над лесам, барвовым пажарам запалаў край неба, вось-вось павінна было ўзысці сонца. У суцэльнай ранішняй засені намоклых людзей люта прабірала золкасць і калацілі дрыжыкі. У мокрай вопратцы ісці было дужа нязручна, чвякалі ногі ў раскіслых ботах. У Леўчука да таго ж балела плячо. Стараючыся як мага меней ім кратаць, ён левай рукой прытрымліваў пад паху дэсантніка, а сам усё шарыў позіркам па баках, чакаючы, калі пакажацца тое Залоззе.

Але, мяркуючы па ўсім, мясціна тут была лясная і даволі-такі дзікаватая, мусіць, да вёскі яшчэ было далёка. I яны памалу ішлі і ішлі, пасля апантанае балотнай ночы ледзьве перастаўляючы ногі і з натугай адганяючы ад сябе сон. Ляўчук, збыўшы з галавы той клопат з балотам, цяпер трохі паспакайнеў і ўсё думаў, як там абышлося на грэблі: ці прарваўся атрад, ці не? Калі не, дык сёння будзе там ліха, гэтых карнікаў наперла тут процьма, а ў іх даўно ўжо было тугавата з патронамі, а гранат дык і зусім, мусіць, не засталося. Камандзір увогуле правільна рашыў прарывацца, толькі каго яны пусцілі на грэблю, ці не тылы з санчасцю, якія, канечне, там і паляглі. Паспадзяваліся на разведку, называецца.