Некалі Ляўчук таксама быў у разведцы і ведае цану некаторых яе дакладаў. Ідуць у разведку, і многае, калі не ўсё, наконт ворага — цёмная ноч, а начальства патрабуе яснасці, ну і, вядома, шмат што залежыць ад фантазіі той самай разведкі. I ён раптам успомніў, як ранняй вясной, таксама будучы разведчыкам, ездзіў у Кіраўскую брыгаду па першую ў атрадзе рацыю, якую спецыяльна для іх прыслалі з Масквы.
Тая навіна наконт рацыі, памятае, нарабіла нямала радаснага клопату ў іх атрадзе — жарты сказаць, яны будуць мець сувязь непасрэдна з самым галоўным партызанскім штабам у Маскве. Узварушаныя камандзіры нават правялі з гэтай нагоды мітынг, выступалі партызаны, камісар Ільяшэвіч, — абяцалі, кляліся. У няблізкі паход для сустрэчы радыстаў вылучылі трох лепшых разведчыкаў на чале з Леўчуком, які тады таксама быў лепшы, не тое што цяпер. Надвячоркам перад выездам камісар з начальнікам штаба доўга інструктавалі іх: як ехаць, што ўзяць, як сябе паводзіць з гасцямі, што казаць і чаго не трэба. Такога інструктажу Ляўчук не памятаў ні да таго, ні пасля — адпраўлялі, як на самае важнае заданне, і яны хваляваліся, як не хваляваліся нават тады, калі ішлі, пераапранутыя, у Шаблоўскі гарнізон дамаўляцца з паліцаямі наконт пераходу тых на бок партызан.
Якраз быў сакавік, канец зімы, пачыналася прадвесне, удзень добра раставала, але ноччу пад ранак дарогі былі як шкло, санкі беглі са звонам і шоргатам, а цокат капытоў па лядку быў чутны за тры кіламетры. За адну ноч яны адмахалі шэсцьдзесят кіламетраў і з'явіліся ў штабе Кіраўскай, дзе і сустрэлі сваіх радыстаў. Старшы з двух быў сержант Ляшчоў — немалады перахлябісты чалавек з нездаровым тварам і пракуранымі да жаўцізны зубамі, які ім не спадабаўся з першага разу: надта ўжо дэталёва пачаў высвятляць, дзе немцы, як яны паедуць, а ці добрыя сані, і ці ўкормлены коні, і ці ёсць чым укрыцца, бо ў яго боты і тонкія анучы. Яны тады дасталі для яго папону і ўхуталі яго ногі саломай у санях, і то ён усё мёрз і наракаў на сырасць, клімат і спецыфічныя партызанскія ўмовы, якія яму былі не па натуры. Затое радыстачка ўсіх зачаравала з першага позірку, такая яна была ладная ў сваім новенькім беленькім кажушку і ў маленькіх валёначках, якія міла рыпелі на ранішнім марозіку, вушы яе ладнай цыгейкавай шапкі былі какетліва падвязаны на патыліцы, на лоб высыпалася гуллівая грыўка, а на маленькіх руках ладна сядзелі футравыя рукавічкі з белым шнурочкам, закінутым за каўнер кажушка. Не ў прыклад сержанту, ёй тут усё падабалася, і яна без канца смяялася і распытвала, поўная захаплеНня ад лесу, бярэзніку, дзятла на хвоі. А калі па дарозе ўбачыла вавёрку, якая разгоніста лятала ў голлі, дык аж спыніла сані і пабегла за ёй па снезе, пакуль не прамачыла валёнкі. Яе смяшлівыя шчокі з ямачкамі па-дзіцячы расчырванеліся, а з прыгожых вачэй струменіла такая гарэзная вясёласць, што Ляўчук проста праглынуў язык і забыўся на ўвесь учарашні інструктаж. Ён пакутна перабіраў у галаве і не знаходзіў ніводнае здатнай фразы, якую было б дарэчы сказаць пры гэтай дзяўчыне. Іншыя таксама анямелі, аглушаныя яе дзявочай прывабнасцю, і толькі смылелі самасадам у возе, пакуль ехалі пушчай. Урэшце яна не магла не заўважыць гэтай іх ненатуральнай зацятасці і, яўна прытвараючыся, што не разумее, у чым тут прычына, спытала:
— Мальчики, ну что же вы молчите? Вроде не русские…
Тут яна, між іншым, трапіла ў кропку. З іх трох рускага не было нікога, — быў украінец Зялёнка і два беларусы, Ляўчук і Мяжэвіч. I гэты Зялёнка, які, апроч як на сваёй роднай мове, не мог ні слова сказаць на іншай, чамусь пажартаваў недарэчы:
— А мы — німцы!
I трэба ж было тады Леўчуку ў тон Зялёнку выкінуць свой яшчэ болей недарэчны жарт, аб якім і цяпер успамінаць прыкра, але хто ведаў, што так станецца? Седзячы ззаду ў санях, ён пры тых словах Зялёнкі расхінуў на сабе кажух, пад якім з зімы дзеля цяпла насіў суконны, з нейкімі галунамі і нашыўкамі нямецкі мундзір і гойкнуў: — Хэндэ хох!
Не паспелі яны што сцяміць, як іх новы раыст кулём кульнуўся з саней і зашыўся ў градку маладога ельнічку за канавай. Збянтэжаны Зялёнка прытрымаў каня, яны моўчкі, нічога не разумеючы, прыўсталі ў возе і ўтаропіліся ў ельнік, адкуль, нацэлены на іх, ужо тырчаў варанёны ствол ППШ.
— Стой! Ни с места! — прагучэў адтуль здранцвелы голас напалоханага чалавека, які ў такім стане мог зрабіць немаведама што. I ў тое ж імгненне яны здзіўлена схамянуліся ад выбуху нястрымнага і залівістага па сваёй весялосці смеху. Радыстка залівалася хвіліну, не менш, аж павалілася на салому на дне саней, і шапка з яе галавы ўпала на снег на дарозе, рассыпаўшы па каўняры кажушка цэлае бярэма светлых, ашчадна пастрыжаных валасоў.