Выбрать главу

— Ой, не могу!.. Ой, кончаюсь!..

Ужо заўсміхаўшыся, яны адначасова з засцярогай паглядвалі за канаву ў ельнічак, адкуль не адразу, з асцярогай у кожным руху вылез радыст і, не апускаючы аўтамата, стаў на дарозе, быццам не ведаючы, што рабіць, як рэагаваць на ўсё гэта і найперш на здзеклівы смех ягонай напарніцы.

Насмяяўшыся ўволю, яна падняла з дарогі шапку, акуратна падабрала ў яе бялявыя свае валасы.

— Ладно, Лещев, хватит! Посмешили партизан…

Ляшчоў тады памалу апусціў аўтамат, падышоў і бокам сеў у самым задзе саней, быццам усё яшчэ не верачы, што ён дарма напалохаўся сам і дарма напалохаў астатніх. Усе няёмка маўчалі, толькі радыстка доўга не магла аддыхацца ад свайго гарэзнага смеху.

А на другі дзень яна плакала.

Нейкі атрад на іхняй дарозе ўвязаўся ў бой з паліцаямі, і яны мусілі аб'язджаць гэтае небяспечнае месца, прыпазніліся і заначавалі ў знаёмай вёсцы ў сувязнога. Дзядзька хораша прыняў іх, напаліў у хаце і разаслаў на падлозе саламяны куль, на які яны і паваліліся спаць. Радыстка ж папрасілася на печ, маўляў, ніколі ў жыцці не спала на печы, дзе ўсё ёй было так незвычайна, цікава і нова. Яна доўга дапытвалася гаспадыні, як і што там награваецца, куды ідзе дым, якія і для чаго зёлкі тырчаць пад бэлькай і што ў мяшэчках у запечку. Перад тым, як укласціся спаць, размеркавалі гадзіны варты ў двары, хоць дзядзька і ўзяўся сам ахоўваць іх у сваім доме, ды Ляўчук не хацеў спадзявацца на аднаго дзядзьку. Каб нікому не было крыўдна, ён, як гэта рабілі ў разведцы, кінуў жэрабя — кожны выцягнуў з яго шапкі паперку з напісанымі на ёй гадзінамі варты. Усім па пары гадзін за ноч — такое работы. Яна таксама захацела стаяць нароўні з усімі і выцягнула паперку чацвёртае змены ад трох да пяці — самы нязручны і санлівы час ночы. Ляўчук прапанаваў памяняцца, ён стаяў да трох, але яна ні за што не згадзілася, яна хацела нароўні з усімі выконваць свае партызанскія абавязкі. Ляўчук не надта настойваў, ён зважаў ёй ва ўсім і ноччу, адстаяўшы сваё, накалелы ад марозу, зайшоў у хату. На чалесніку цьмела застаўленая засланкай газнічка, храплі на саломе хлопцы, ён ціхенька пратупаў на ўмерзлых падэшвах у запечча і паклікаў яе. Яна не азвалася, а інакш пабудзіць яе ён не мог, ён проста не адважваўся дакрануцца сваёй рукой да яе востранькага ў гімнасцёрцы пляча, якое вытыркалася з-пад коўдры. Паклікаў яшчэ раз, але яна так соладка спала, што трэці раз ён клікаць не стаў, пагрэў у чалесніку рукі і выйшаў. Ён адстаяў і яшчэ дзве гадзіны — за яе, а пасля ўжо разбудзіў хлопцаў, і яны пачалі збірацца ў дарогу.

Во тады яна і расплакалася.

Плакала яна ад крыўды на сябе, што гэтак бязбожна праспала сваю першую ў жыцці баявую службу, што яны так недарэчна пашкадавалі яе. Рэшту дарогі яна была прыгнечаная і маўклівая, і Ляўчук лаяў сябе за нерашучасць, недарэчную сваю зважлівасць, але ж ён хацеў толькі як лепш — ён мераў на свой партызанскі аршын, хто ж ведаў, што ў гэтай масквічкі свае, іншыя, чым у яго, меркі.

5

Хмызняк на ўзлеску паварочваў убок, нават трохі кудысь назад, наперадзе ляжаў бульбяны палетак, а Залоззя нідзе не было відаць. Яны не надоўга спынілі каня, агледзеліся, але вёска, калі яна дзе і была, дык толькі наперадзе. У доле з-пад ног беглі кудысь свежыя, мабыць, на днях абганяныя, баразёнкі з фіялетавымі зорачкамі кветак на сакаўным лісці, і яны ўвайшлі ў бульбу. Шырэйшай баразной павялі каня, самі пайшлі поруч.

Бульбоўнік быў невысокі і не дужа замінаў хадзе. Зводдаль цягнуўся шнурок нейкіх дрэўцаў і кусцікаў, далей зноў быў лог, і за ім цямнеў хвойны лес, а дзе была тая вёска — не ўгадаць.

Яны ішлі моўчкі, колькі разоў папраўлялі на кані Ціханава, які збіваўся на адзін бок. Паранены ціха стагнаў, скрыгаў зубамі, а рукамі ўчэпіста трымаўся за прыладжаны да хамута аўтамат.

— Доўга яшчэ? — выціснуў ён праз зубы.

— Што — доўга? — не зразумеў Ляўчук.

— Мучыцца мне доўга яшчэ?

— Нядоўга, нядоўга! Патрывай трохі.

— Дзе немцы?

— Ды няма немцаў. Што ты баішся?

— Я не баюся. Я не хачу дарма мучыцца.

У словах дэсантніка гучаў яўны надрыў і пакута, увогуле зразумелыя ў ягоным стане, і Ляўчук не стаў яго пераконваць у лепшым — ён адчуваў нейкую яго праўду і нават ягонае права наракаць на іх. Ён ужо нагледзеўся на розных параненых і ведаў, што цяжкія, яны нібы дзеці — і капрызлівыя, і крыўдлівыя, і што з імі трэба па-добраму, з лагодай. Праўда, часам трэба і са строгасцю. Строгасць разумелі ўсе, хоць і не кожны раз яе дазваляла сумленне, некаторых проста было шкада.