Выбрать главу

Клава запаволіла дыханне, сцялася, відаць, зрабіла над сабой намаганне і ўстала.

Яны даволі марудна і не адразу адолелі луг, пералезлі цераз аброслы асакой і аерам ручай. Праз рэдкі сасоннік узабраліся на пагорак, і Клава зноў знямогла ўпала на сухі верасовы дол. Мужчыны абодва спыніліся, Ляўчук скінуў з галавы прапацелую кепку, ён ужо ўгрэўся, ужо з неба няблага прыгравала сонца, дзень збіраўся быць спякотны і ціхі. Дзень гэты трэба было перажыць, што ў іхнім становішчы было не меней, чым перажыць вечнасць. Асабліва з такой спадарожніцай.

— Ах, халера! — сказаў Ляўчук і ўважлівей паглядзеў на Грыбаеда. Той, сіпла і стомлена дыхаючы, цярпліва стаяў у сваім вузкаплечым мундзірчыку, аздобленым мноствам кішэняў і гузікаў —Хоць бы дзе баба якая. Які лагер сямейны, ці што? Як на грэх…

— Каня трэба і фурманку. Без каня як?.. — з роздумам сказаў Грыбаед.

— Была фурманка. I конь. Праваронілі, балбесы!.. Во што! Дуй-ка ты, дзед, шукай вёску. Можа дзе ёсць недалёка. Без немцаў каб.

Грыбаед не стаў цягнуць доўга, зірнуў напаследак на Клаву і нячутным крокам пайшоў з пагорка ўніз. Хутка яго затуліў сасоннік.

— I не баўся, чуеш? — гукнуў наўздагон Ляўчук.

Клава сцішылася на траве, а Ляўчук угледзеўся з пагорка. За сасняком, здаецца, ляжала неўзаранае поле, за якім зноў усчынаўся лес — і нідзе ніякіх прыкмет жылля. Стаяла ранішняя ціша, толькі ў хваёвым голлі варушыліся дробныя птахі, стрэлаў або людскіх галасоў нідзе не было чутна. Ляўчук, прыглядаючыся да сасняку, паўкругам абышоў па пагорку, паслухаў — быццам нідзе нікога. Тады ён вярнуўся да Клавы і, усё ўслухоўваючыся ў наваколле, сеў ля яе, сцягнуў боты і раскідаў на траве анучы. Усё на ім было мокрае, і Ляўчук пачаў сушыцца.

Клава ляжала на баку і вялікімі, поўнымі самоты вачамі пазірала ў хвойнік.

— Нарабіла я вам клопату. Ты ўжо выбачай, Ляўчук.

— Што выбачаць? Пасля вайны паквітаемся.

— Ох, як дажыць да таго пасля? Не дажыву я.

— Ты павінна дажыць. Ён не дажыў, а ты павінна. Трэба пастарацца.

— Ці ж я не стараюся?..

Яна нечакана заплакала, ціха і жаласна, а ён сядзеў побач, працягнуўшы да сонца счырванелыя ступні, і маўчаў. Ён не суцяшаў яе, бо не ўмеў суцяшаць нікога, да таго ж ён лічыў, што ў тым, што з ёй здарылася, Клава была вінавата сама.

6

Ціхенька хліпаючы, Клава плакала доўга і Ляўчук не стрываў.

— Нічога, — сказаў ён, дабрэючы. — Як-небудзь. Ты пацярпі.

— Ой, я ўжо так цярплю, але ж… Сам знаеш.

— Галоўнае — дзе б да якога жытла прыбіцца. Ды ні чорта няма. Усё папалена.

— А калі дзе не спалена, дык жа немцы, — сказала Клава з набалелаю роспаччу. Відаць, яна пра адно гэта толькі і думала ўсю дарогу.

— Немцы, ага, — згадзіўся Ляўчук.

Ен стараўся паводзіць сябе стрымана і з выгляду нават абыякава да яе, а ўнутры ўсё абураўся і лаяўся — гэткага павароту справы ён не чакаў. Яшчэ ўчора ён сядзеў на Доўгай градзе і думаў толькі пра тое, адаб'юць новую атаку карнікаў ці не, а калі не, дык куды тады бегчы. I раптам гэта недарэчнае раненне, якое ўсё ў ім крута перайначыла, наваліла на яго новыя абавязкі з тым Ціханавым, ды і з гэтаю Клавай: што яму рабіць, калі раптам ёй прыпячэ? Ён пачаў нават баяцца, каб гэтага не здарылася тут жа, і скоса ўсё пазіраў на дзяўчыну, не перастаючы прыслухоўвацца да наваколля і паглядваць уніз — нецярпліва чакаць Грыбаеда. Але Клава, паляжаўшы трохі і, мабыць, спачыўшы, села раўней на ватоўцы, па-ранейшаму абапіраючыся на дол рукамі. Яе шытыя на заказ зграбныя скураныя боты з белымі, высцебанымі ў траве галоўкамі былі мокрыя, спаднічка таксама змакрэла знізу, і Ляўчук сказаў:

— Здзень боты. Хай сохнуць.

— Ды ну…

— Здзень, здзень! — і, убачыўшы, што ёй нязручна згінацца, падняўся. — А ну, давай!

Аднаруч ён сцягнуў з яе ног адзін, а затым і другі бот, Клава трохі сумелася, але, відаць, адчула палёгку, паспакайнела і падняла на яго спакутаваны позірк.

— У цябе як плячо? Можа, перавязаць?

— Ды ярунда. Не трэба.

Ён ужо прыцярпеўся да свае раны і нават шкадаваў, што пайшоў у санчасць, лепш бы застаўся ў роце, можа, і прабіўся б з усімі за грэблю і цяпер быў бы адсюль далёка. Прынамсі, не ведаў бы клопату, які цяпер тлуміў яго галаву.

— Ну і Ціханаў, не чакаў ад яго такога. Не ведаю нават, што і думаць, — сказаў ён, усеўшыся ў доле непадалёк ад Клавы.

— Спалохаўся ён. А можа…

— Спалохаўся, факт! Але што мы рабілі б, каб не спалохаўся?

— А можа ён з-за нас? — сказала Клава.

— А хто ведае! Хіба цяпер зразумееш? Чужая душа — пацёмкі.